Яшчэ адзін від птушак знік у дзікай прыродзе?

Сусветная бажанавая асацыяцыя World Pheasant Association (WPA) абвесціла, што эндэмік Віетнама, бажан Эдвадса (Lophura edwardsi), хутчэй за ўсё канчаткова знік у дзікай прыродзе.

Гэты невялікі лясны бажан атрымаў сваё імя ў гонар французкага заолага і палеантолага Alphonse Milne-Edwards’а (1835-1900), які шмат гадоў быў дырэктарам Музею натуральнай гісторыі ў Парыжы.

Від апошнія гады заставаўся ў Чырвоным спісе МСАП як “пагражаемы” (Endangered), і быў распаўсюджаны толькі ў нізінных лясах цэнтральнага Віетнама. Аднак амаль усе такія лясы даўно змянілі сваё аблічча ў гэтай краіне.

Адсутнасць рэгістрацый віду ў прыродзе за апошнія некалькі гадоў разам з пагрозамі, якія не змяншаюцца яго месцапражыванням, прымусілі WPA зрабіць тэрміновае даследаванне апошніх месцаў, дзе бажан яшчэ мог бы сутракацца. Ў пачатку 2011 году каманда навукоўцаў разам з прадстаўнікамі BirdLife International у Індакітаі, а таксама лакальнымі арганізацыямі па ахове лясоў шукалі бажанаў у правінцыях Quang Binh і Quang Tri у цэнтральным Віетнаме.

Рэгістрацыі бажана Эдвардса пасля яго апісання ў 1896 годзе ніколі не былі шматлікімі. Яго скрытныя і пераважна маўчалівыя паводзіны толькі ўскладняюць задачу знайсці яго. Аднак даследчыкі былі падрыхтаваныя да гэтага і паставілі камеры-лавушкі, якія рэагуюць на рух, у дзьвюх найлепш захаваных лясах рэгіёну: Khe Nuoc Trong Watershed Protection Forest і Dakrong NR, якія былі прызнаныя адпавядаючымі патрэбам бажанаў Эдвардса.  

Першы этап пошукаў скончыўся няўдачай, бо не гледзячы на тое, што атрымалася зафіксаваць з дапамогай камеры 28 наземных відаў птушак і сярод іх іншы від бажана з роду Lophura, ніводнага бажана Эдвардса зарэгістраваць не атрымалася. Такім чынам прыйшлося пагадзіцца з тым, што падыходзячыя віду тэрыторыі могуць быць яшчэ больш абмежаванымі, чым лічылася да гэтага.

Мясцовыя жыхары, аднак, не далі памерці надзеі на сустрэчу з гэтым відам у дзікай прыродзе цалкам. Яны сцвярджаюць, што птушкі гэтага віду сустракаліся ім у Khe Nuoc Trong Watershed Protection Forest. Выкарыстоўваючы веды, якія яны атрымалі пад час адмысловых трэнінгаў, якія з імі праводзілі спецыялісты з WPA і падтрымцы з універсітэту Thai, BirdLife і леснікоў, пошукі бажанаў будуць працягвацца.  

За апошнія 400 год, для якіх ёсць адпаведныя дадазеныя, у Азіі не знік ні адзін з відаў бажанаў. Застаецца невялікая надзея, што бажан Эдвардса не стане першым з іх.

Аднак, каб падстрахавацца на выпадак знікнення віду ў дзікай прыродзе, World Pheasant Association пачаў збіраць звесткі па генетычнай разнастайнасці птушак віду, якія ўтрымліваюцца ў няволі па ўсяму Свету з мэтай падтрымліваць яе на адпаведным узроўні для развядзення бажанаў і наступнай рэінтрадукцыі.  

Здымак з www.gbwf.org

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by



 

Comments