У прыродзе Беларусі адзначаны яшчэ адзін (чужародны) від птушак

 На прыканцы сакавіка ў Бялыніцкім раёне на Магілёўшчыне ў змешанай групе белалобых і гусей-гуменніц былі сфатаграфаваныя 2 асобіны горных гусей (Anser indicus).

Гэта высокагорны від, распаўсюджаны ў краінах Цэнтральнай Азіі, зімуе ў Паўночнай Індыі і заходнім Пакістане. Птушкі, якія адзначаны ў многіх краінах Еўропы на захад ад Беларусі, лічацца здзічэлымі асобінамі, якія збеглі з заапаркаў ці падобных месцаў развядзення і ўтрымання птушак у няволі, або іх патомкамі. Таму для еўрапейскай фауны гэта від-інтрадуцэнт.

Добра вядома, што інвазійныя чужародныя віды застаюцца адной з галоўных пагроз захаванню біяразнастайнасці ва ўсім Свеце, асабліва на астравах. На жаль, не з’яўляецца выключэннем і наш кантынент, на якім навукоўцы зарэгістравалі ажно 12 тысяч відаў-інтрадуцэнтаў, прычым сярод іх ўжо прыкладна 1500 відаў вядомыя як сур’ёзныя шкоднікі для еўрапейскай прыроды і эканомікі. Зусім нядаўна брытанскія даследчыкі знайшлі, што для некаторых мясцовых відаў птушак нават прысутнасць інтрадуцэнтаў на месцы харчавання змяняе іх паводзіны і вельмі адмоўна ўздзейнічае на яго эфектыўнасць.

Дзякуючы ”жалезнай заслоне” ад краін Заходняй Еўропы, якая апусцілася на захад ад краін т.зв. сацыялістычнага блоку праз нядоўгі час пасля Другой Сусветнай вайны, краіны Ўсходняй і Центральнай Еўропы змаглі ізалявацца таксама і ад пушак-інтрадуцэнтаў. Ў той час, як заходнія краіны “паляпшалі” сваю прыроду папугаямі ды ткачыкавымі, інтрадуцэнтамі на ўсходзе кантыненту станавіліся галоўным чынам птушкі для паляванняў: бажаны, качкі, гусі ды курапаткі.

У Заходняй Еўропе колькасць відаў-інтрадуцэнтаў птушак увесь час расла: з 36 перад пачаткам “халоднай вайны”, да 46 за перыяд з 1945 па 1991 год, і да 54 у наш час. У краінах Усходняй Еўропы “халодная вайна” пачалася з 11 відамі птушак-інтрадуцэнтаў, і за час яе працягу да іх дадалося толькі 5 новых відаў. Тым не менш, яшчэ 14 са 121 магчымага іншаземнага віду птушак праніклі ў гэтыя краіны ўжо пасля 1991 году.

На шчасце для беларускай прыроды, ў нас за ўвесь час даследаванняў арнітафауны былі адзначаны толькі 4 такія віды птушак: канадская казарка (вельмі нешматлікі залётны від), качка-мандарынка (апошняя рэгістрацыя адбылася ў 1987 годзе), бажан (невялікая гняздуючая папуляцыя захавалася толькі на скрайнім паўднёвым захадзе краіны) і барадатая курапатка (якая не прыжылася пасля інтрадукцый у 1959-60 гг.).

Рэгістрацыя Віктарам Казлоўскім сёлета 27 сакавіка горнай гусі ў нашай краіне павялічвае гэты спіс відаў-інтрадуцэнтаў. Аднак, каб фармальна з’явіцца ў ім, яе павінна пацвердзіць Беларуская Арніта-фауністычная камісія, чарговае паседжанне якой прызначана на пачатак красавіка.

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі, дзякую Андрэю Шэўчыку за дапамогу ў стварэнні матэрыялу

Здымак і інфармацыя пра рэгістрацыю Віктара Казлоўскага з www.wildlife.by  

 

На гэтую тэму:

“Жалезная заслона” хоць у нечым аказалася карыснай 

НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК - ПЛАСКАНОСЫ ПЛЫВУНЧЫК - ЗАЛЯЦЕЎ НА ВІЦЕБШЧЫНУ + VIDEO

НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК – ЧАЙКАНОСАЯ КРЫЧКА – АДЗНАЧАНЫ Ў ТУРАВЕ + VIDEO

Сенсация: новый для Беларуси вид птиц - белобрюхий стриж - в Минске !

Новы для Беларусі від птушак – камчацкая чайка (Larus schistisagus) – адзначаны ў Гродна

В Списке птиц Беларуси официально появились 3 новых вида: Протокол заседания БОФК от 16.01.2013 

 

ІНТРАДУЦЭНТЫ АФІЦЫЙНА ПРЫЗНАНЫЯ ПАГРОЗАЙ ДЛЯ ПОЛЬСКАЙ ПРЫРОДЫ

Мэта – вынішчыць качку-інтрадуцэнта Праект па вынішчэнні качкі-інтрадуцэнта працягнуты

 

ЕЎРАЗВЯЗ РАСПАЧНЕ БАРАЦЬБУ З ІНВАЗІЙНЫМІ ІНТРАДУЦЭНТАМІ

 

 

Comments

 не ведаю заслуга лі гэта жалезнай заслоны. На Захадзе таксама ніхто спецыяльна экзатычных птушак у прыроду не выпускаў, больш багатых людзей, больш прыватных заапаркаў, больш птушак уцякала. Барадатая курапатка не зарэгістравана, а інтрадуцыравана, на шчасце, беспаспяхова, тутака. Сярод іншых - магчыма некаторыя пеганкі, гарадзенскія огары, марабу, папугайчыкі)))