Як прагнасць і глупства людзей зрабілі птушак падвойнымі шкоднікамі

Звычайная стрынатка (Emberiza citrinella), якая апраўдвае сваю назву ў Беларусі і ёсць у нас звычайным і шматлікім відам, з-за прагнасці і глупства людзей ператварылася ў сапраўднага шкодніка для мясцовай прыроды і фермераў ў Новай Зеландыі. Гісторыю інтрадукцыі і інвазійнага распаўсюджання віду на далёкіх ад звычайнага арэалу астравах змаглі ўзнавіць навукоўцы. 

На аснове паведамленняў у старых газетах і архіўных дакументах з ХІХ стагоддзя даследчыкі падрабязна рэканстуявалі абставіны і гісторыю з’яўлення віду ў Новай Зеландыі і як гэтыя птушкі з пажаданага госця людзей хутка ператварыліся ў аднаго з галоўных ворагаў тых самых людзей, і, што больш важна, мясцовай прыроды. 

Колькасць насельнікаў Новай Зеландыі пачала хутка павялічвацца ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Разам з імі рэзка павялічылася плошча сельскагаспадарчых палёў, якія, аднак пачалі хутка выкарыстоўваць і разнастайныя, прывезеныя разам з насеннем, насякомыя. Звычайна колькасць насякомых даволі эфектыўна абмяжоўваецца драпежнікамі, ў тым ліку і насякомаеднымі птушкамі, але мясцовыя віды птушак не былі прызвычаеныя да спажывання еўрапейскіх відаў насякомых, многія з абарыгенных відаў птушак рэзка зменшылі сваю шчыльнасць з-за маштабнага знішчэння чалавекам мясцовых лясоў ды лугоў і фактычна ніяк не ўздзейнічалі на колькасць насякомых-інтрадуцэнтаў. 

Аднак хутка было прапанаванае рашэнне праблемы – прывезці насякомаедных птушак з …Брытаніі! Прадстаўнікі адмыслова створаных у розных месцах Новай Зеландыі Акліматызацыйных таварыстваў (Acclimatisation Societies) выбралі і адпаведныя, па іх меркаванню, віды. Невядома якім чынам у спіс для інтрадукцыі трапіла і звычайная стрынатка, якая не шукае насякомых па-за сезонам гнездавання і звычайна харчуецца насеннем. 

У 1860-70-я гады з Лондана ў розныя парты Новай Зеландыі прыплылі 25 караблёў, на якіх у новую для сябе краіну былі прывезены сотні звычайных стрынатак на замову Акліматызацыйных таварыстваў і прыватных уласнікаў вялікіх плошчаў сельгасземляў. Усяго ж на Паўночным і Паўднёвым астравах было выпушчана троху больш за 700 асобін віду. Каля чвэрці караблёў са стрынаткамі былі забяпечаны птушкамі, злапанымі вакол гораду Брайтан (Brighton) у графстве Sussex прадстаўнікамі толькі адной сям’і, якая па паперах праходзіць як Біллз і сыны (Bills and Sons). 

Таксама атрымалася прасачыць не толькі канкрэтныя месцы, дзе выпускаліся стрынаткі ў Новай Зеландыі, але часам і дакладную колькасць птушак. Аднак спрыяльныя настроі і радасць мясцовых фермераў хутка змяніліся скаргамі, бо раптам выявілася, што стрынаткі любяць есці разнастайнае зерне. 

Паступова нараканні фермераў павялічыліся на столькі, што Акліматызацыйныя таварыствы, якія працягвалі прамоцыю інтрадукцый пры ўрадавай падтрымцы, вырашылі ў 1880 годзе нават не выпускаць на астравах прывезеную чарговую партыю брытанскіх стрынатак, а перадаць іх для выпуску ў… Аўстралію.

Пасля гэтага было дазволена паляванне на стрынатак, разбурэнне іх гнёзд і знішчэнне кладак, адлоў і атручванне птушак. Але было ўжо запозна – на працягу толькі першых 15 год пасля пачатку іх інтрадукцыі, звычайныя стрынаткі сталі звычайным відам адкрытых ландшафтаў Новай Зеландыі і, на жаль, дагэтуль трымаюць сваю пазіцыю. 

Крыніца:

Pipek, P, Pyšek, P, and Blackburn, T M. 2015. How the Yellowhammer became a Kiwi: the history of an alien bird invasion revealed. NeoBiota 24 DOI: 10.3897/neobiota.24.8611 

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак звычайнай стрынаткі яго ж.

 

На гэтую тэму:

АЎСТРАЛІЙЦЫ НАРЭШЦЕ АЧЫСЦЯЦЬ КРАІНУ АД ІНТРАДУКАВАНЫХ ЗВЯРОЎ?

МСАП (IUCN) ПРАПАНУЕ НАРЭШЦЕ СКЛАСЦІ ЧОРНЫ СПІС ІНВАЗІЙНЫХ ВІДАЎ

ГЕНЕТЫЧНЫЯ ДОКАЗЫ СВЕДЧАЦЬ: МОА АДНАЗНАЧНА ВЫНІШЧЫЛІ ЛЮДЗІ

ЕЎРАЗВЯЗ РАСПАЧНЕ БАРАЦЬБУ З ІНВАЗІЙНЫМІ ІНТРАДУЦЭНТАМІ

Праект па вынішчэнні качкі-інтрадуцэнта працягнуты

ВЫНІШЧЫЦЬ АДНЫХ ПАПУГАЯЎ КАБ ЗАХАВАЦЬ ІНШЫХ

ПАПУГАІ-ІНТРАДУЦЭНТЫ ДАКАЗАНА ШКОДЗЯЦЬ МЯСЦОВЫМ ВІДАМ ПТУШАК

“Жалезная заслона” хоць у нечым аказалася карыснай 

 

Comments

"Звычайная стрынатка (Emberiza citrinella), якая апраўдвае сваю назву ў Беларусі..."

 Маецца на ўвазе яе беларуская назва, відавочна. Не разумею, як яна апраўдвае сваю назву.

Так, "звычайная" ў нас звычайная. 

Проста перакладаў з ангельскай, а там яны пішуць, што для Брытаніі від рэдкі. Вырашыў выкарыстаць, але, напэўна, не вельмі зразумела атрымалася.