Штонядзелю на птушак – далучайцеся да нашых паездак вакол Гродна

На працягу ўсяго мінулага году гарадзенскія бёдуотчары з вельмі розным досведам стараліся кожны тыдзень (часта па нядзелях) выязджаць для назіранняў за птушкамі ў самыя цікавыя месцы Гарадзенскага і Бераставіцкага раёнаў. Дзякуючы гэтаму, атрымалася зрабіць больш за 50 рэгістрацый многіх рэдкіх ці выпадкова залётных у нашу краіну відаў птушак са Спісу Клубу200. Сёлета паездкі таксама будуць адбывацца штонядзелю ўвесь год – далучайцеся!

Пра сваё жаданне бясплатна выехаць разам з дасведчанымі калегамі трэба паведаміць Дзьмітрыю Вінчэўскаму, даслаўшы свае кантакты смскай на мабілку +375 336 887589 не пазней 13.00 суботы перад днём выезду. На час паездак можа быць выдадзена оптыка і вызначальнікі. Пажадана апранацца адпаведна надвор’ю ў палявое адзенне і абутак, браць з сабой бутэрброды і гарачыя напоі. Досвед у вызначэнні птушак прыйдзе пад час выездаў – інакш ніяк. 

Цяпер мы выязджаем у 9.30, вяртаемся пасля абеду ў 14-15.00. З надыходам вясны выезды будуць стартаваць у 9.00. Колькасць месцаў абмежаваная, таму звяртайцеся лепш загадзя.

Самыя цікавыя з мінулагодніх рэгістрацый птушак на Гарадзеншчыне гэта: другая рэгістрацыя для нашай краіны горнай пліскі, трэцяя рэгістрацыя для краіны даўгахвостага паморніка і чацвёртая качкі-мандарынкі, першая рэгістрацыя для Гарадзеншчыны шыладзюбкі і другая – хадулачніка. Акрамя гэтага, нашымі бёдуотчарамі назіраліся такія цікавыя віды, як: сіні сіваграк, кулік-стучок, чырвонаносы нырок, даўганосы савук, чапля-кваква, белашчокая казарка, чырвонагаловы каралёк, пярэстая качка, чырвоны каршун, арол-карлік, нырок-свірок, нырок-плёсаўка, малы лебедзь, шчурка-пчалаедка, горная чачотка, рагаты жаўрук, сняжурка, малая чайка, сокал-падарожнік.    

Пад час першых сёлетніх выездаў мы ўжо бачылі сняжурак, рагатых жаўрукоў, малага лебедзя і даўганосага савука. Але самае цікавае, канешне, чакае наперадзе!

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

 

На здымку Мікалая Гулінскага - малады даўгахвосты паморнік – першая рэгістрацыя для Беларусі пасля 1973 году і трэцяя за ўвесь час назіранняў у нашай краіне. 

 

Comments

harrier, такіх людзей-аматараў птушак і у Мінску адзінкі. Трэба прапаноўваць больш простыя экскурсіі з абяцаннем гілей, арлоў, зуброў, даведацца ў людзей якіх яшчэ птушак ці звяроў, ці сляды яны хацелі бы ўбачыць. Цікаўнасць да прыроды ёсць, але першага кроку ніхто не дапаможа зрабіць, асабліва сем'ям з малымі дзецьмі, што ім рабіць у выходныя? Калі чалавек не адрозніць вераб'я ад чачоткі навошта яму горная?

у Мінск на другую экскурсію за салаўямі прыйшлі 70 чалавек. Пакуль адносна прастых вызначальнікаў няма трэба арганізоўваць кубкі і іншыя спаборніцтвы па фатабердінгу, нават у парке Жылібера, і зімой і вясной і летам. Зразумела, што прадвінутым бердвотчарам гэта нецікава, але каб далучыць больш людзей да прыроды іншых шляхоў я не бачу.

Я запрашаю далучацца да таго, што мне самому цікава. А там, дзе ёсць рэдкія птушкі, часцей за ўсё ёсць і звычайныя. Горш, калі няма магчымасці далучыцца зусім. А так наперадзе яшчэ 50 выездаў - выбар ёсць!

Проходят ли такие поездки в других городах? Я живу в Витебске. В выходные сам выбирался за город наблюдать. Может есть ещё кто из активны бёрдвотчеров в Витебске?

Алексей, дзякуй - добрае пытанне!

Асабістым паведамленнем дашлю Вам кантакты тых з Віцебску, ў каго можна пра гэта запытаць ці да каго можна далучыцца.

Сябры, з гэтай нядзелі, 08.03, час пачатку выездаў на птушак зсяняецца - будзем выязжаць у 8.30. Час вяртання ў Гродна будзе залежаць ад магчымасці назіраць птушак у розных месцах на маршруце і можа не змяніцца.