Вялікі год-2016: ужо пабіты мінулагодні рэкорд па колькасці адзначаных відаў птушак!

бёрдэры у Коста Рыцы з рэкордам

Атрымалася! За 50 дзён да канца году, 10 лістапада, нідэрландзкі бёрдэр Ар’ян Дваршуіс (Arjan Dwarshuis) пабіў папярэдні – усталяваны ў мінулым годзе  – рэкорд па колькасці адзначаных відаў птушак на працягу аднаго году. Паўночная якана (Jacana spinosa) у Коста Рыцы стала 6.119-м відам птушак, які ён змог убачыць або пачуць пад час падарожжаў па ўсяму Свету з пачатку гэтага году.  

Дзякуючы гэтаму віду, Ар’ян змог пераўзысці неверагодную лічбу адзначаных за год відаў, якую ў якасці новага рэкорда ўсталяваў у 2015 годзе яго папярэднік - амерыканец Ноа Страйкер (Noah Strycker). Аднак каб значна палепшыць новы рэкорд, у запасе ў Ар’яна застаецца яшчэ 51 дзень да канца гэтага году.

“Я вельмі і вельмі задаволены. Задаволены тым, што я пабіў рэкорд, і тым, што зрабіў гэта так рана да канца году. Упершыню сёлета я выпью два піва за дзень замест аднаго, што дазваляў сабе раней” – сказаў Ар’ян. “Але я яшчэ не скончыў”.  

Гэты Спіс або той? Цяпер гэта няважна

Падчас сваіх рэкордных падарожжаў, Ноа і Ар’ян карысталіся рознымі Спісамі відаў сусветнай арнітафауны: першы выкарыстоўваў т.зв. Спіс Клементса (Clements), тады як другі карыстаўся Спісам IOC (які вызнае больш відаў птушак). Тым не менш, пералік відаў, адзначаных на 10 лістапада Ар’янам паказвае, што ён ужо пераўзышоў дасягненне Ноа паводле абодвух Спісаў.

Ці 7000 відаў - рэальна?

Як і раней, Ар’ян не збіраецца адпачываць і будзе старацца павялічыць свой асабісты Спіс Вялікага году. Цяпер ён вырашыў змяніць планы. Раней ён планаваў назіраць птушак у Цэнтральнай і Паўночнай Амерыцы да канца году. Аднак калі ён правядзе там менш часу, то зможа зэканоміць некалькі дзён, каб яшчэ раз вярнуцца ў Азію – на кантынент, дзе ён пачаў свой Вялікі год.

“З самага пачатку я павінен быў больш часу прысвяціць Азіі  і вельмі добра, што гэта атрымаецца зрабіць. З-за неабходнасці атрымаць візу я не змагу наведаць Кітай, аднак я буду назіраць птушак у В’етнаме, на Тайване і скончу год у Японіі”.

У адпаведнасці з яго энергічнай і амбіцыйнай асабовасцю, Ар’ян запланаваў новую амбітную мэту – да канца году мець у асабістым Спісе Вялікага году 7000 відаў птушак! Большасць яго фалоўвераў у Сеціве пішуць, што гэта немагчыма і найбольш імаверны вынік – гэта ад 6500 да 6700 відаў. Каб адзначыць 7000 відаў да канца году, Ар’ян мусіў бы бачыць у сярэднім па 17 новых відаў штодня! Гэта будзе надзвычай цяжка зрабіць у канцы такога паспяховага году.  

“Паглядзім, як высока я змагу забрацца. Але я думаю, што 7000 відаў – рэальна” – сказаў Ар’ян. “Калі не ставіць высокіх мэтаў, то іх і не дасягнеш” – падкрэсліў ён з усмешкай.

бёрдэры ў Панаме

З панамскімі праваднікамі пасля рэгістрацыі 6043 віду.

Яшчэ не час гатаваць

У адказ на пытанне, ці не ёсць штодзённы бёрдынг на працягу году стрэсуючым заняткам, рэкардсмен сказаў: “Канешне, гэта стрэсуе, калі маеш толькі адну спецыфічную мэту штодня”.

То ці не час скончыць з гэтым, пасля больш 10 месяцаў бесперапыннага бёрдынгу?

 “Не, браце! Канешне, я даўно не бачыў сваю дзяўчыну, сяброў і сямейнікаў. Не быў у бары з сябрамі і не піў больш аднаго піва ў дзень. Альбо, божа, не высыпаўся ў ложку зранку. Я не маю часу для свайго другога хобі – гатавання ежы. Я сумую без усяго гэтага.

Аднак для гэтага прыйдзе час у 2017 годзе. Цяпер жа я займаюся тым, што люблю найбольш: назіраю незвычайных птушак у надзвычайных месцах. Таму мая матывацыя не зменшылася. Я - люблю гэта.”

Хто сказаў, што нідэрландцы - скупыя?

На працягу свайго Вялікага году Ар’ян таксама збірае грошы для сусветнай асацыяцыі BirdLife International. І хаця параўнальна значная сума ўжо сабраная, яна яшчэ далёкая ад першапачаткова запланавай. Усе грошы з ахвяраванняў пойдуць на выратаванне знікаючых відаў птушак паводле праграмы Birdlife Preventing Extinctions Programme у супрацоўніцтве з нідэрландзкай арганізацыяй па ахове птушак Vogelbescherming Nederland і Нідэрландзкай асацыяцыяй бёрдынгу  Dutch Birding Association.

Дагэтуль атрымалася сабраць 15 тысяч эўра з запланаваных на пачатку году 100 тысяч. І хаця ёсць стэрэатып аб прыжымістасці жыхароў Нідэрландаў і Фландрыі ў ахвяраванні грошай, гэта пераважна іх складкі склалі такую параўнальна неблагую суму.
“Ад імя птушак я ўдзячны ўсім, хто ўжо зрабіў ахвяраванне. Я выбачаюся, што пакуль не маю часу падзякаваць кожнаму асабіста.

Калі ласка, ахвяруйце! Гэта грошы не для мяне, а для тых птушак, якія найбольш патрабуюць нашай дапамогі” – сказаў новы рэкардсмен.

 

Паводле www.dutchbirding.nl (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Сусветны рэкорд па колькасці відаў птушак, адзначаных за год, ужо пабіты

Дзень 363-ці і 6000 відаў!

Рэкордны Вялікі год: першы погляд ад першай асобы + VIDEO

Новы рэкорд Вялікага дня (Big Day) ўсталяваны ў Эквадоры, у Коста Рыцы атрымалася толькі абнавіць трэці вынік

Вялікі дзень у Перу (Peru World Big Day): новы рэкорд і бёдуотч для навукі, задавальнення і аховы птушак

Сусветны рэкорд – 4341 від птушак, адзначаных на працягу году!

З’явіўся першы чалавек, які бачыў больш 9000 відаў птушак!

Кожны пяты амерыканец – бёдуотчар!

ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ

 

Comments