Спіс самых небяспечных для Еўропы відаў-інтрадуцэнтаў павялічаны на 12 відаў, сярод іх – нільская гусь

янотападобны сабака

Выкарыстоўваючы рэкамендацыі Камітэта па інвазійных чужародных відах (Committee on Invasive Alien Species (IAS)), Еўрапейская камісія 11 ліпеня зацвердзіла дадатковы спіс з 12 новых відаў да ўжо прынятага год таму Спіса найбольш небяспечных інвазійных інтрадуцэнтаў. Дзякуючы гэтаму ўсе гэтыя віды павінны ўжо ў бліжэйшы час трапіць пад сур’ёзныя абмежаванні ў іх выкарыстанні як мінімум у прыродным асяроддзі краін Еўразвязу.

Відамі-інтрадуцэнтамі лічацца тыя, якія былі інтрадукаваныя або самастойна ўцяклі ў дзікую прыроду па-за межамі свайго прыроднага распаўсюджання дзякуючы ўдзелу чалавека і негатыўна ўздзейнічаюць на біяразнастайнасць, экасістэмныя паслугі або на жыццё людзей. Большасць інтрадуцэнтаў не становяцца інвазійнымі – г.зн. рэзка не павялічваюць сваю колькасць і межы распаўсюджання. Аднак тыя, якія становяцца, могуць аказваць значнае негатыўнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе, эканоміку і сацыяльную сферу. Даказана, што такія віды займаюць другое месца як прычыны змяншэння біяразнастайнасці ў глабальным маштабе, а страты для эканомікі краін ЕЗ дасягаюць як мінімум 12,5 мільярдаў эўра штогод з-за стратаў рыбнай, лясной і сельскай гаспадаркі, а таксама з-за хваробаў людзей.

Папярэдзіць інтрадукцыю, або ўцёкі падобных відаў у прыроду – самы эфектыўны спосаб кіравання імі. Таму абмежаванні краін ЕЗ звязаны найперш з папярэджаннем інтрадукцыі праз забарону імпарту, ўтрымання (з невялікімі выключэннямі), размнажэння, вырошчвання, транспарціроўкі, продажу або выпуску ў навакольнае асяроддзе відаў з Чорнага спісу. Дадатковыя патрабаванні да краін Еўразвязу ў тым, каб распрацаваць раннее выяўленне падобных відаў і знішчыць іх на сваіх тэрыторыях або акваторыях да таго, як яны змогуць утварыць самападтрымліваючыя сябе папуляцыі. А для тых, якія ўжо шырока распаўсюдзіліся, мінімізаваць іх шкоднае ўздзеянне.

12 новых відаў у Чорны спіс дадаліся да папярэдніх 37 відаў раслін і жывёл, наконт уключэння якіх атрымалася дамовіцца год таму. Цяпер агулам самымі небяспечнымі птушкамі-інтрадуцэнтамі для Еўропы прызнаныя 4 віды птушак: усходняя варона (Corvus splendens), амерыканская саўка (Oxyura jamaicensis), свяшчэнны ібіс (Threskiornis aethiopicus) і егіпецкая гусь (Alopochen aegyptiacus).

 

Дзякуючы магчымасці дадаваць у спіс новыя віды, краіны ЕЗ застаўляюць сабе магчымасць своечасова рэагаваць на новыя магчымыя пагрозы.

 

Дадатковыя віды ў Чорны спіс небяспечных інвазійных інтрадуцэнтаў:

Жывёлы:

Нільская гусь Alopochen aegyptiacus

Андатра Ondatra zibethicus

Янотападобны сабака Nyctereutes procyonoides

Расліны:

Ачароднапыльнік філаксеравы Alternanthera philoxeroides

Ватачнік сірыйскі Asclepias syriaca

Эладзея Нуталла Elodea nuttalli

Чылійскі рэвень Gunnera tinctoria

Гіганцкі баршчэўнік Heracleum mantegazzianum

Гімалайскі бальзамін Impatiens glandulifera

Непальскае проса Microstegium vimineum

Пеннісетум кармазінавы Pennisetum setaceum

 

Паводле www.iucn.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак янотападобнага сабакі Сяргея Чарапіцы

 

 

На гэтую тэму:

Еўракамісія нарэшце прыняла Спіс найбольш небяспечных інвазійных інтрадуцэнтаў

Праект па вынішчэнні качкі-інтрадуцэнта працягнуты

“Жалезная заслона” хоць у нечым аказалася карыснай

Папугаі-інтрадуцэнты даказана шкодзяць мясцовым відам птушак

Папугай-інтрадуцэнт хутка павялічвае сваю колькасць у Еўропе

Вынішчыць адных папугаяў каб захаваць іншых

ПРАГРАМА ПА ВЫНІШЧЭННІ ІНТРАДУКАВАНЫХ У ШТАТАХ ЛЕБЕДЗЯЎ-ШЫПУНОЎ ВЫКЛІКАЛА СПРЭЧКІ

 

Comments

аев (госць) - 31.10.2017 - 18:33

у нас пока мало интродуцентов, ущерб на миллионы, не миллиарды, можно расслабиться: в минских магазинах продают красноухих черепах, запрещенных к ввозу в ЕС

Harrier - 31.10.2017 - 19:30

In reply to by аев (госць)

У Гродзенскім заапарку мне расказалі, што прымаюць непатрэбных ужо людзям чырвонаўхіх чарапах, але не бясплатна, а за грошы.

Добра, што яны яшчэ не размнажаюцца ў нас ў прыродных вадаёмах.

Гэты ж від некалі завозілі і выпускалі спецыяльна для паляўнічых. Але час і мода хутка змяняюцца. І цяпер янотападобьны сабака нікому непатрэбны і сам наводзіць парадкі ў нашых экасістэмах так, як можа.І чыноўнікі тут мала чым дапамогуць - нават самыя разумныя.