Забарона на ўвоз дзікіх птушак у ЕЗ амаль знішчыла “бізнэс” па іх продажы

Пасля таго, як у 2005 г. Еўразвяз забараніў імпарт дзікіх птушак на сваю тэрыторыю, сусветны абарот гэтага “бізнэсу” упаў на 90%. За гэты час колькасць прададзеных за год дзікіх птушак зменшылася з прыкладна 1,3 мільёна асобін да прыкладна 130 тысяч!

Аналіз дадзеных пра гэты небяспечны для існавання як мінімум некаторых відаў птушак “бізнэс” і адну з галоўных сучасных крыніцаў з’яўлення чужародных відаў па ўсім свеце праводзіла міжнародная каманда навукоўцаў з універсітэтаў Капенгагена (Данія) і Порта (Партугалія).

Дзікія птушкі – самыя папулярныя прадаваемыя жывёлы ў Свеце. Гістарычна склалася так, што Еўропа была галоўным іх імпарцёрам шмат гадоў. Перад тым, як ЕЗ забараніў іх увоз, у Бельгіі, Нідэрландах, Італіі, Партугаліі і Гішпаніі прадавалі 66% ад усіх проданых дзікіх птушак на Зямлі. Большасць такіх птушак паходзілі з Заходняй Афрыкі, прычым да 70% былі злоўленыя ў Гвінеі, Малі і Сенегале. -

Калі дзікіх птушак адлаўліваюць у адной краіне і прадаюць у іншую, гэта мае негатыўныя наступствы для абодвух. Даследаванне паказала, што акрамя незваротных стратаў для краіны-экспарцёра, для краіны-імпарцёра такія птушкі становяцца галоўнай пагрозай распаўсюджання інтрадуцэнтаў – чужародных відаў. Такія віды могуць ствараць пагрозу абарыгенным відам з-за скрыжоўвання з імі, канкурэнцыі за ежу ці месцы гнездавання ці наносіць шкоду сельскай гаспадарцы і эканоміцы сваіх новых радзімаў.

Да 2005 г. амаль увесь гандаль вёўся птушкамі двух асноўных груп: вераб’інымі (сярод якіх найбольш папулярнымі былі жаўталобы канарэечны ўюрок (Serinus frontalis) і амялушкі – да 80%) – да 85% ад усіх прададзеных птушак, і папугаямі. Пасля забароны імпарту дзікіх птушак у ЕЗ, карціна значна змянілася. Сёння вераб’іныя птушкі складаюць толькі каля 20% продажаў ад агульнай колькасці, тады як папугаі складаюць рэшту ў 80%. Менавіта папугаі цяпер найбольш пагражаемая група птушак і менавіта яны найчасцей у выпадку ўцёкаў здольныя сфармаваць свае папуляцыі ў прыродзе іншых рэгіёнаў.

мапы

Асноўныя кірункі гандлю дзікімі птушкамі да 2005 г. і цяпер.

Ролю галоўнага экспарцёру дзікіх птушак ад краін Заходняй Афрыкі перанялі краіны Лацінскай Амерыкі і цяпер адтуль вывозіцца кожная другая птушка для продажаў за мяжой. Больш сталі купляць птушак у Мескіцы і ЗША: з прыкладна 23 тысяч прададзеных у сярэдім штогод да 2005 г. да 82 тысяч штогод цяпер.

Луі Рэйно (Luis Reino), сааўтар публікацыі і прадстаўнік універсіэту Порта, сказаў: “Непакоіць тое, што мы знайшлі перасоўванне гандлю птушкамі ў краіны з высокай біяразнастайнасцю. Напрыклад, некаторыя краіны паўднёва-усходняй Азіі сталі важнымі імпарцёрамі дзікіх птушак. Аднак атрыманыя намі вынікі кажуць пра карысць сусветнай забароны на гандаль дзікімі жывёламі. Гэта не толькі дапаможа захаваць дзікіх птушак на іх радзіме, але і значна зменшыць рызыкі іх інтрадукцыі”.

Крыніца:

L. Reino el al. (2017) "Networks of global bird invasion altered by regional trade ban," Science Advances advances.sciencemag.org/content/3/11/e1700783

Паводле www.rarebirdalert.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак жоўтагаловага канарэечнага ўюрка з www.hbw.com

 

На гэтую тэму:

Топ-10 самых рэдкіх вераб’іных птушак Свету

Мусульманскія рэлігійныя ўлады абвесцілі дзейнасць па знішчэнню дзікай прыроды па-за законам

ПАПУГАІ-ІНТРАДУЦЭНТЫ ДАКАЗАНА ШКОДЗЯЦЬ МЯСЦОВЫМ ВІДАМ ПТУШАК

Папугай-інтрадуцэнт хутка павялічвае сваю колькасць у Еўропе

“Жалезная заслона” хоць у нечым аказалася карыснай

Спіс самых небяспечных для Еўропы відаў-інтрадуцэнтаў павялічаны на 12 відаў, сярод іх – нільская гусь

СМОГУТ ЛИ ПОПУГАИ ОСВОИТЬ ПРИРОДУ БЕЛАРУСИ?

Папугаі ў нямецкіх гарадзкіх “джунглях”

 

Comments

Думаю, што нешматлікія выключэнні там ёсць. Тым больш заапаркам непатрэбныя мільёны птушак у свае калекцыі, якіх прывозілі ў ЕЗ раней.