Чаротніца.

Незамярзаючая пратока на ўзбочыне горада падалася чаротніцы спрыяльным месцам для зімоўкі і яна дзяліла гэтае месца з некалькімі крыжанкамі цягам некалькіх дзен, пакуль не пацяплела.

Птушкі адна адной не заміналі, чаротніца лавіравала між качак як невялічкі спрытны кацер сярод вялізных і непаваротлівых танкераў, час ад часу выбягаючы на бераг і шукаючы ежу на водмелі. Здавалася, на гэтым невялічкім кутку незамерзлай вады пануе мір і згода.

Аднак так толькі здавалася. І гэта выявілася, калі чаротніцы Гасподзь паслаў жука - плавунца. Задаволенная і акрыленная удачай птушка выцягнула вадзянога гіганта і, трымаючы яго за лапу, аднесла падалей ад вады, каб няспешна і бяспечна задаволіць свой апетыт. На жаль для чаротніцы, яе шчасьце не засталося незаўважаным для крыжанкі, якая, здавалася, мірна драмала на льдзіне у некалькіх метрах. Які ж тут сон, калі у суседа такая удача? 

Выцянуўшы голаў на доўгай змяінай шыі, крыжанка кінулася за жуком. Чаротніца, да здзіўлення качкі, зусім не збіралася без боя аддаваць здабычу, і стаўшы на дыбы, па - певеньскі кідалася на нахабную качку. Але супраць лома няма прыема - крыжанка нават не звярнула увагі на геройскую самаахвярнасць чаротніцы, адціснула ад жука нашмат меншага пастушка і, запусціўшы голаву ў снег, спрытна завалодала жуком, а праз імгненне ен ужо знік у яе чэраве.

Задаволенная, яна памахала хвастом, пачысціла пер'е, папіла вады і паплыла на месца адпачынку. Чаротніца ж разгублена стаяла на месцы і круціла галавой, да канца не разумеючы, што ж такое здарылася і дзе, у рэшце рэшт, яе жук. Зразумеўшы праз хвіліну сваю бяду, птушка пайшла карміцца падалей ад берага, перайшоўшы на раслінную дыету. Насенне на сухіх і доўгіх галінках пустазелля паядалася птушкай даволі спрытна, а ейныя тропкі на снезе сведчылі, што такой ежай яна перабіваецца не першы раз. Да высокіх галін птушка дацягвалася стоячы ледзь не на кіпцюрах доўгіх пальцаў, часам нават падскокваючы. Другім разам дзівосна нагіналася целам і выцягвала голаву ўверх, нагадваючы глушца у мініяцюры.

Назіраць за такой кармежкай - адна асалода для аматара. Што я з поспехам і рабіў, пакуль ня змерз як след, пасля чаго прыйшлося з ей развітацца. Голад не цетка, а палова зімы яшчэ наперадзе, таму пажадаем чаротніцы поболей тлустых жукой і менш зладзеек - крыжанак. 

Піншчына, пойма р.Прыпяць.

Фотаздымкі

Каментары