Дамовы верабей амаль альбінос

Sun, 08/13/2017 - 20:45 | zuyonak

Нешта накаціла - вырашыў дадаць са сваёй рэтра-галерэі фоткі вераб'я, які восенню 2006 года ашываўся каля мінскага кінатэатра "Кастрычнік". Яго ведалі многія мінчане, некаторыя нават адмыслова ездзілі карміць, ён нават на адной з паштовак АПБ адмеціўся. Трымаўся ён там пару месяцаў, потым некуды знік - такая вось нялёгкая доля ў "адшчапенцаў", і птушак, і людзей.  Ён, зразумела, быў не сапраўдны альбінос, проста белы, але, ўсё ж...

Каментары

1Falcon (not verified) - Mon, 08/14/2017 - 03:58

Але гэты верабей хутчэй лейцыст, чым альбінос, бо лапы і дзюба афарбаваныя, на галаве пёры таксама слаба афарбаваныя. Ды і вока, здаецца, не чырвонае. На зрок у гэтым выпадку частковая адсутнасць пігменту на пёрах магла і не паўздзейнічаць.

zuyonak - Mon, 08/14/2017 - 23:15

In reply to by 1Falcon (not verified)

Так і ёсць, гэта лейцыст - пігмент у яго не адсутнічае, проста белы пераважае. Але, як і з сапраўднымі альбіносамі, драпежнікі ў першую чаргу звяртаюць увагу на іх, ды і са сваякамі адносіны не вельмі складваюцца.

Вось троху больш падрабязна пра каляровыя аберацыі з польскай Вікіпедыі.

Каляровыя аберацыі (парушэнні афарбоўкі) у птушак параўнальна слаба даследаваныя. Памылкі сустракаюцца нават у прафесійнай літаратуры. Адзначаюць шмат відаў аберацый, аднак нкаторыя з іх адзначаны толькі некалькі разоў або толькі ў птушак у няволі.

Не кожнае парушэнне афарбоўкі- гэта мутацыя (якія маюць генетычную прыроду). Менавіта не мутацыяй ёсць сівенне апярэння. Яго найбольш часта адзначаюць у птушак гарадоў (кавак, варон, гракоў) і выклікана хутчэй за ўсё недахопам спажыўных рэчываў, стрэсам і забруджаннем асяроддзя. Сустракаецца толькі ў дарослых птушак і павялічваецца (больш інтэнсіўнае) з узростам. У такіх птушак больш светлыя плямы размешчаны несіметрычна і гэта дазваляе адрозніць іх ад леўцыстычных птушак.

Доля белага (неафарбаванага апярэння) можа быць вельмі рознай: ад некалькіх пёраў да ўсяго апярэння. Аднак, у адрозненне ад альбіносаў, у падобных выпадках вока не пазбаўлена афарбоўкі.

Акрамя сівення, да найбольш частых аберацый афарбоўкі адносяць:

Леуцызм (leucyzm) – частковая або агульная адсутнасць як эўмеланіна, так і феомеланіна. Гэта генетычна абумоўленыя з нараджэння змены. Адрозніваюць агульны (усё апярэнне белае, дзюба і ногі ружовыя), або частковы (найчасцей белае апярэнне на галаве, крылах і жываце, але не на хвасце) леуцызм.

Альбінізм (albinizm) – агульная адсутнасць меланінаў у вачах, пёрах і скуры і іх вытворных з-за адсутнасці амінакіслаты ціразіна ў меланацытах. Альбіносы вельмі рэдка дажываюць да размнажэння, таму што іх вочы вельмі ўразлівыя да святла і з-за гэтага птушкі не бачаць выразна ні ежу, ні драпежнікаў. Таму яны хутка гінуць пасля вылету з гнязда. Альбіносы- цалкам з белым апярэннем, маюць ружовую дзюбу і вочы (радужку). Выключэннем ёсць птушкі-альбіносы, у якіх каляровыя плямы могуць быць з-за караціноідаў (якія птушкі атрымліваюць з ежы).

Браўн (brown) – часта сустракаемая мутацыя. Звязана з якасным недахопам эўмеланіна з-за яго няпоўнага акіслення. З-за гэтага чорнае апярэнне выглядае карычневым, тады як рыжа-карычневае і крэмавыя колеры не змяняюцца (за іх афарбоўку адпавядае феоламеланін) . З-за ўздзеяння сонечных промняў эўмеланін у такіх пёрах часткова разрушаецца і пер’е яшчэ больш святлее. Ногі і дзюба афарбаваныя трошкі святлей за звычайныя, вочы выглядаюць нармальна. Менавіта гэтая мутацыя адказвае за белы (ане шэры пух у т.зв. “польскай морфы” лебедзя-шыпуна, а таксама ружовыя, а не шэра-цялеснага колеру ногі такіх лебедзяў.

Гіпамеланізм (hypomelanizm (англ. dilution) – гэтая мутацыя звязана з частковым недахопам меланіну (больш рэдкім яго размяшчэннем), з-за чаго птушкі выглядаюць больш бледнымі, чым павінны. Вылучаюць дзве яе формы: pastel (рэдукцыя абодвух меланінаў), Isabel (рэдукцыя эумеланіна.

Іно (ino) – адрозніваецца ад мутацыі “браўн” тым, што тут недаакісляецца як эумеланін, так і феомеланін. У птушак з гэтай мутацыяй заўсёды ружовыя ногі і дзюба, часам і вока больш ружовае, чым звычайна, але не цалкам як у альбіносаў і такія птушкі не маюць праблемаў са зрокам. З часам, пад уздзеяннем святла, такія птушкі святлеюць і могуць выглядаць зусім белымі. Аднак там, дзе святла трапляе менш (пад крыламі ці пад хвастом) можна і ў такіх выпадках убачыць афарбаванае пер’е.

Меланізм (melanizm) – самая частая мутацыя афарбоўкі. Яна звязаная з няправільным або размяшчэннем або надпрадукцыяй меланінаў. Шырокараспаўсюджаная ў некаторых відаў сакалоў, луней і паморнікаў.