Русота, 22-03-2009, або Дзень пустальгі

Анансаваная на нашым сайце экскурсія пачалася не вельмі ўдала: зранку па небу беглі хмары, з якіх павінен быў пайсьці сьнег. І ён пасыпаў амаль адразу, як я зьвярнуў на дарогу уздоўж Гажанкі. Але дзіўная справа! Густы сьнег з моцным ветрам не перашкодзіў спачатку 4, потым 5, а яшчэ праз хвіліну 6 кнігаўкам, якія сваім выкрутасным палётам і працяглыі крыкамі такавалі над пажухлай шматгадовай травой.

 

Машына, якая абагнала мяне, ў паварота на ферму ўспугнула пустальгу з ахвярай, птушка пераляцела на вялізны бэтонны калодзеж і таксама пад завіруху, не вельмі сьпяшаючыся, паабедала. Паўсюль сьпявалі палявыя жаўрукі – па сапраўднаму, завісаючы ў паветры і выдаючы вясёлыя, не гледзячы на надвор’е, трэлі. Аказалася, што яны радаваліся правільна: хвілін праз 15 завіруха скончылася, і часам праз хмары выглядала сонейка.   Яшчэ адну пустальгу я заўважыў, калі яна клясычна трапечучы крыламі, завісла м у 15 над зямлёй. Нырок-зьніжэньне м на 5, яшчэ адзін, і фінальны пасьпяховы брасок! Ёсьць мышападобны грызун, якога пустальга села есьці на слуп ЛЭП. Але маё прыбліжэньне ёй не спадабалася, і яна пераляцела са здабычай на вялізную кратавіну.     Вакол, працяжна “кіючы”, падымаліся адзін каля аднаго 2 канюха-мышалова і 2 касматаногіх. А за дарогай на Путрышкі пералятала туды-сюды група прыкладна са 150 кнігавак. Разам з імі мітусіліся і шпакі. А вось і яшчэ адна пустальга. Аднак гэтая птушка выбрала іншую тактыку паляваньня: яна сачыла за навакольлем з провада, а потым і з вяршыні слупа ЛЭП. Аднак і гэтая здолела хутка злапаць палёўку, і вярнулася на слуп яе разрываць. Тут я і пачаў да яе набліжацца. 30 крокаў – труба, фоцік, фільмік. Яшчэ 20 крокаў – яшчэ фільмік, яшчэ 15 … Птушка трывала мяне да адлегласьці м у 25, потым сарвалася і пераляцела на суседні слуп. Я зноў рушыў да яе. Яна м з 30 вярнулася на першы слуп. Птушка яўна не хацела кідаць “рыбнае” месца. А я не хацеў марнаваць добры шанец для здымак. Збоку гэта магло выглядаць камічна: чалавек з нейкай прыстасовай рыўкамі рухаецца па полю то ў адзін, то ў другі бок. Але за гэты час я здолеў зрабіць каля 40 фільмікаў, з якіх можна выбраць 4-5 для відэа-вызначальніка. А часам пустальга сядзела так, што атрымаліся і 2 фільміка-загадкі для конкурсаў. Раптам птушка пераляцела м 200 і села на провадзе. Паміж намі была Гажанка. Ды і я ўжо меў дастаткова фільмікаў, каб заставіць яе ў спакоі. Перада мной праляцелі 2 зграйкі кнігавак: адна з прыкладна 65, потым з 60 птушак.   Але я ўжо пераключаўся на вераб’іных, якіх заўсёды шмат на алеі, якая вядзе да Русоты. Яшчэ калі паглядаў на яе здалёк, нешта мне не спадабалася. І хутка прычына стала зразумелай: каля пітомніка хмеля руплівыя калгасьнікі, не гледзячы на сусьветны крызіс, знайшлі час, бензін і грошы, каб цалкам сьпілаваць каля 100 дрэваў на адным з бакоў алеі! Адных салаўёў там сьпявала штолета 3-4, не лічачы іншых шматлікіх вераб’іных. Аднак каля ста зборных птушак: гілі, шчыгелы, зелянушкі, звычайныя стрынаткі рухаліся паміж пазасталымі пянькамі, карыстаючыся бездапаможнасьцю жамяры, якая схавалася там. Раптам птушкі ўзьляцелі на дрэва, потым яшчэ раз – шуляк-карагольчык адбіў адну з іх, але не здолеў схапіць – птушка ўвярнулася, і шулячок сеў на вяршаліну м у 15 ад няўдалай атакі. Самец берасьцянкі зьляцеў, каб папрыгаць на адрозе, але пазіраваць мне не захацеў. Я рушыў паўз алею да шашы, мяркуючы, што мае прыгоды з птушкамі падыходзяць да канца, але я памыляўся. Чаму – чытайце наступнае назіраньне.   На здымках: Кнігаўка ў завіруху На іншых: Самкі пустальгі пад час паляваньня і спажываньня Крызіс прыйшоў, але дурняў пакуль што не паменшала...  
Фотаздымкі