16-05: Кроніка гарадзенскай пустальгі

Сёньня падключыўся да камеры ў 11:17. Пагода была, было цёпла - часам нават прыпякала. Напэўна пагэтаму самка часьцеў прыўставала на гняздзе і часам можна было ўбачыць ад 1 да 4 яек. Недзе бліжэй да абеду атрымалася ўбачыць усю кладку з 6 яек - значыць птушанят пакуль няма.

Пасьля гэтага глядзеў няўважліва, але запісваў, як і раней, усё.

І вось увечары, праглядаючы ўсе зробленыя фільмікі, адзначыў цікавостку.

Ў 12:44 самка ўстала з яек і ўспрыгнула на цэглы акнца, у верхнім куце якога замацавана камера. Тут яна ўзялася даядаць прыхаваныя рэшткі здабычы (гл. апошні здымак), пры чым справілася прыкладна за хвіліну.

Наступны раз так надоўга яйкі засталіся без самкі ў 16:27:10, яна выляцела з-за Св.Елены ў 16:27:28 і вярнулася толькі праз 4 хвіліны ў 16:31:35 - напэўна, ела недзе на касьцёле тое, што прынёс самец.

Яшчэ праз 20 секунд яна села на гняздо.

Больш самец да цемнаты нічога не прынёс!

 

Фотаздымкі