Кроніка гарадзенскай пустальгі: 23-07 – зьлёткі на БЛК

З самага ранку мне патэлефанаваў Віталь Гуменны і паведаміў, што ў будынку на БЛК у Інстытуце падвышэння кваліфікацыі настаўнікаў ёсьць птушанё пустальгі. Як аказалася пасьля тэлефанаваньня туды, працаўнікі інстытуту заўважылі 3 птушанят, якія “зваліліся” аднекуль зверху ва ўнутраны дворык гэтага вялізарнага і высокага будынку на рагу БЛК і вул.Ўрублеўскага. Двое змаглі ўзляцець на бліжэйшы двухпавярховы дах самастойна. А трэці толькі ўцякаў ад людзей, якія спрабавалі яму дапамагчы, па зямлі. Яго без цяжкасці злапалі і вырашылі прытрымаць, бо нават пасьля падкідваньня ў паветра пустальга не ляцела.

Мы з новым сябрам АПБ і маім курсавіком Сяргеем Саковічам пад’ехалі на БЛК каля 11 гадзін і засталі птушанё ў кардоннай скрыні з вадой і кавалкамі грудзінкі ў сярэдзіне.
Пуху на ім амаль не было, крылы і ўсё іншае было цэлым. Таму мы акальцавалі яго і з дапамогай Таццяны Іванаўны, якая хвалявалася за лёс сокала найбольш, вырашылі пасадзіць яго на дах двухпавярховай прыбудовы да вялізарнага шматпавярховіка.
Па дарозе на месца я раздаў некалькі налепак з Птушкай году і распавёў трошкі пра іх жыццё і імавернасьць доўгага жыцьця (да 20 год). Сустрэтыя намі супрацоўнікі інстытуту з цікавасьцю і найлепшымі пажаданьнямі сокалу праважалі нас. Мы падзякавалі ім за неабыякавасьць і рушылі наперад – да свабоды, якую чакала птушка.
Вось і дзьверы на дах – адчыняем, праходзім трошкі далей ад уваходу, забіраемся вышэй і думаем – куды ж пасадзіць небараку?
Не пасьпяваю я падняць фотаапарат, каб зрабіць здымак, а птушанё без цяжкасьцяў пералятае 15-20 м і сядае амаль каля тых самых дзявярэй, адкуль мы выйшлі на дах!
Тут я ўжо пасьпяваю зрабіць адзін здымак – і бывайце здаровы – сокал пералятае яшчэ м 15 і сядае амаль на вяршаліну бліжэйшай да будынку бярозы.
Так што сумнявацца ў яго здольнасьцях да палёту больш не выпадала. Мы пазначылі месца ДжыПіэСам, сфатаграфавалі новае месца гнездавання Птушкі году ў Гродна і з пачуцьцём выканай місіі сыйшлі.

 

Фотаздымкі

Каментары