17-10-2010: ачышчальныя сажалкі Скідзеля. Ptushak.amal.net

У сонечную пагоду выбраліся на 2 гадзінкі паглядзець на птушак каля Скідзеля.
Там даволі вялікая сістэма сажалак рознага памеру, але пераважна сярэдняга і вялікага.
Летам там бурляе жыццё  -шмат лысак, крыжанак, перавозчыкаў і розных залётных кулічкоў і качак. Апошнім разам я быў разам з камандай Кронан пад час Бёдрэйсу-2010 у пачатку верасьня, тут мы за хуценька перад самым канцом спаборніцтваў адзначылі шэрашчокую коўру і паехалі ў Гродна.

Сёньня лес каля ачышчальных збудаваньняў сустрэў нас звонам сініц.
Якім жа было нашае здзіўленне, калі на сажалках зусім не аказалася птушак!
Ні водных, ні каля водных, ні нават вераб’іных!
У дадатак ногі правальваліся ў свежаўзараную зямлю дамбаў. Мы пераходзілі ад адной сажалкі да другой, але на іх і каля іх нікога не было! У дадатак смурод ад вады быў вельмі непрыемны. Калі ў дадатак да яго бачыш птушак, то ён адыходзіць на другі план. Тут жа акрамя яго і прыгожага неба з дзіўнымі аблокамі, якія адлюстроўваліся ў пустых вадаёмах, нічога не адцягвала ад яго ўвагу.
Праз хвілін 15 мы ўбачылі 2 першых птушак – імі аказаліся маладыя звычайныя стрынаткі, якіх я здалёк спачатку прыняў за чачотак. Але і пасьля гэтага птушак не стала больш – ніякіх пералётаў або гукаў у паветры не было!
Алена вырашыла вяртацца ў машыну, а я праверыць самы апошні рад сажалак, каб упэўніцца, што тут сапраўды няма птушак.
Па дарозе да іх каля дамбы праляцела групка звычайных странатак, потым шчаглоў. І вось праз трубу здалёк я бачу на апошняй сажалцы некалькі дробных качак – нейкія чыркі.
Гэта ўжо нешта!
Не пасьпеў я наблізіцца да іх, як праз амаль усю сажалку я назіраю за паляваньнем маладой самкі (гледзячы па яе памерах) шуляка-галубятніка! Яна ляціць прыкладна ў метры над вадой, збочваючы з амаль прамога палёту толькі каля астраўкоў з рагозам. Чыркі замітусіліся, але вытрымалі і не ўзляцелі – інакш бы, напэўна, апынуліся ў кіпцюрах шуляка.
Шуляк зьнік таксама хутка, як і з’явіўся. Я пачаў набліжацца да качак, але задоўга да дамбы яны ўбачылі мяне і ўзляцелі – вось каго яны баяцца найбольш…
Маленькія качкі зрабілі вялізны круг і селі на самы далёкі канец сажалкі. Я стаў разглядаць іх у трубу і тут адзначыў яшчэ адну, большую качку з дзіўнай дзюбай. Дакладней, дзіўнай была не  яе дзюба, а ярка-белая абводка вакол яе, якая амаль свяцілася на сонцы. На жаль, для здымак было вельмі далёка, да таго ж час ад часу качка заплывала за рагоз.
Хутка патэлефанавала Алена, якой я распавёў, што ёсьць сэнс вярнуцца і паглядзець на хутчэй за ўсё новы для нас від – нырка-плёсаўку (Aythya marila). Мы з Браунам пачакалі на  яе, Алена паглядзела на качку ў трубу і потым пачалі памалу падыходзіць да іх.
Аднак яны не спалі і ўзьняліся ў паветра далёка ад нас. Аказалася, што чырак 38 штук, нырок ляцеў наперадзе ўсёй групы і мы выразна разглядзелі шырокую белую аблямоўку яго дзюбы, белы жывот і шырокія белыя палоскі на крылах у біноклі. (Вызанчальнік у хаце толькі пацвердзіў мае самыя прыемныя падазрэньні – так, мы бачылі новы для нас абодвух від!).
На жаль, перад намі ўзляцелі не толькі качкі, але і нейкі кулік сярэдняга памеру з даволі доўгай дзюбай, якога я не паспеў вызначыць…
Каб даць магчымасьць качкам вярнуцца, мы вырашылі ісьці да машыны. І тут нас чакаў яшчэ адзін від – нырок адляцеў на іншыя сажалкі, а разам з чыркамі вярнулася (ці прыляцела?) самка вялікага савука.
 

У лесе зноў было шмат сініц, у дадатак да іх пачулі вялікага дзятла і берасцянку, а каля дарогі насупраць былых калужын у Абухавічаў ляцелі і стаялі каля сотні кнігавак.
 

На жаль, акрамя дзівосных краявідаў з гэтага смярдзючага месца ніякіх іншых здымкаў зрабіць не атрымалася.
 

На здымках – краявіды, навакольныя бярозы і адна з іх – “бяроза павіслая“
 

Фотаздымкі

Каментары

Дзякуй! Шкада, што качкі там так баяцца людзей - ахотнікі дапамагаюць (бачылі 2 сьвежыя гільзы), а то можа і зьняць атрымалася б хаця б дакументальна.

Як іх не называй - вынік аднолькавы...

Мы спачатку не маглі зразумець - навошта дамбы ўзараныя? А потым дадумаліся- напэўна, каб ахотнікі (браканьеры) не маглі з машын страляць.

Может надо в инспекцию позвонить, вдруг они совсем не в курсе, а скорее всего так, если там такой беспредел. Пусть бы поглядывали хоть иногда, а то они про очистные могут и не знать.

О наблюдении Вашей морской чернети в рамках Клуба 200 получил сообщение только сейчас, несколько минут назад. Не по Уставу, уважаемые, не по Уставу... А если серьезно, что-то в последнее время совсем нет известий из Клуба.