22.01.2011 - пойма Гажанкі да Русоты: пустальга і чачоткі

ад 0 да -3, пасьля абеду сьнежная завея

Пад час нашай мінулай выправы на сажалкі Азоту Сяргей Саковіч распавёў мне, што ён перад самым новым годам і праз колькі дзён пасьля бачыў сокала недалёка ад павароту на Дзевятоўку пасьля Маслабазы.

з-за таго, што назіраньні адбываліся з акна аўтобусу, ўпэўнена сказаць пустальга гэта ці дрымлюк (гл. тут Сокал-дрымлюк у горадзе!) ён не мог.

І вось сёньня я вырашыў спраўдзіць: хто ж з нашых сакалоў застаўся каля Горадні на зімоўку.

Пасьля павароту ў пойму спрамленай Гажанкі я заўважыў на провадзе ЛЭП сокала. Гэта была самка пустальгі!

Я пасьпеў зрабіць ёй толькі 2 здымкі, і яна пераляцела бліжэй да маста - туды, адкуль я прыйшоў. Прыйшлося вяртацца... Але тут мне пашанцавала - сакалок з провада зляцеў уніз на заснежаныя рэшткі балотнай расліннасьці і ўзьляцеў з нечым невялікім ў лапах!

Потым адбыўся пералёт туды, адкуль я вяртаўся і мне атрымалася разгледзець невялікую мыш - светлы жывот, доўгі хвосьцік і карычневую сьпіну (на здымках яна выглядае вельмі цёмнай).

Сокал яшчэ 2 разы пералятаў са здабычай, але ўсё далей і далей ад мяне, так што 'прылічных' здымкаў не атрымалася. Але такі пачатак бёдуотчу мне спадабаўся!

Я рушыў далей, але птушак ў засьнежанай пойме амаль не было.

Бліжэй да Русоты на месцы шматгадовай травы ўзьняліся гектары пустазельля, на якім шчыравалі чачоткі. Блізка яны не падпускалі, але дзякуючы здымку атрымалася, што іх каля сотні.

Хутка вецер узмацніўся і сьнег, які да гэтага быў нават прыемным, ператварыўся ў сапраўдную завею.

Тапалёвая алея была амаль пустая - некалькі вераб'іных зьляцела з дрэва ў пустазельле так хутка, што я не пасьпеў іх вызначыць.

Дарэчы, для гарадзенцаў паведаляю - калгас вырваў і вывез УСЕ слупы, на якіх каля алеі вырошчвалі хмель!

Да таго ж русотаўскія могілкі засталіся без кустоў і дрэваў...

На гэтым мая зімовая выправа скончылася...

Поўны сьпіс птушак:

Пустальга (Falco tinnunculus) - 1 самка

Крумкач (Corvus corax) -3

Канюх сп. (Buteo sp.) -1

Касматаногі канюх (Buteo lagopus) -1

Шэрая чапля (Ardea cinerea) -1

Чачотка зв. (Carduelis flammea)  -100

 

 

Каментары

 

Для информации: хмель выращивали сотрудники ГГАУ, научная работа завершена,следовательно и столбы стали не нужны. На месте этих столбов в скором времени для Вас вырастят хлеб. На кладбище вырублены кусты и деревья для того,чтоб родственникам похороненых там людей было проще ухаживать за могилами, ведь каждую осень там все было усыпано листьями.А также в целях безопасности, ведь в ветренную погоду ветви старых деревьев зачастую падали на землю.

Все для народа!!!!

Пра тое, што хмель вырошчвалі для сельгасуніверсітэту я ведаю. Здзівіўся, што столькі грошай каб вырваць і вывезьці слупы знайшлі і патрацілі. На іх месцы і гектара ворыўнай зямлі не будзе... так што і хлеба для нас шмат не зьбяруць - так, балаўство адно. А навошта дрэвы там навокал павысякалі ўсе - таксама нам хлеба не хапае?

Калі крэўныя пахаваных там лічаць, што так ім лягчэй і прыгажэй на могілках стала, то, канешне, гэта іх справа. Але птушак там дакладна цяпер не будзе.