Таўстадзюб і косткі алычы= Hawfinch and pits + VIDEO

Таўстадзюб - адна з маіх любімых птушак. Невялікая, але салідная (толькі сьмешныя ружовыя ножкі трошкі псуюць яе выгляд), рознакаляровая, але не заяркая. Кароткія крыльцы і хвосьцік, але з прыгожымі і дзіўнымі выступамі махавымі.

Летам звычайна даводзіцца часьцей чуць іх, чым бачыць, тым больш зблізку.

Іншая справа - зіма! Праз некалькі дзён пасьля пачатку рэгулярнай выкладкі семак на сталоўцы насупраць нашага вакна, сюды ж пачынае наведвацца і тазстадзюб. У мінулыя зімы іх было ад 2 да 3, у гэтую - толькі адзін самец. Але і яго паводзіны вельмі цікавыя і вартыя назіраньняў і фіксаваньня на здымках і відэа!

Прылятае ён не першым, але заўсёды пачуваецца нас талоўцы гаспадаром. А гаспадар можа і прагнаць нязваных гасьцей (вераб'ёў і сініц), а можа пашкадаваць і дазволіць харчавацца недалёка ад сябе.

І хаця семкі пасуюць яму як ежа, бо шалупіньне вывальваецца з дзюбы за долі секунды, аднак не толькі сталоўка вабіць яго да нас.

Бо насамрэч мы маем тое, што, напэўна, ўсе таўстадзюбы любяць найбольш: косткі сочных ягад!

Часам ён "трэскае" іх на зямлі, а калі пачуваецца не зусім бяспечна - сярод галін нашай алычы:

 

Але вось даставаць косткі ад алычы ўзімку не вельмі лёгка - трэба спачатку дабрацца да іх пад снегам, а потым адарваць ад замёрзлай глебы:

http://youtu.be/E0wksinkpos  

Ну а як костка ўжо знойдзена, разлушчыць яе для майстра - справа секундаў! Цікава, як таўстадзюб ведае, дзе шукаць костак (пад якімі дрэвамі і менавіта ў якім месцы пад гэтымі дрэвамі?). Не менш цікава, што адны косткі ён адразу адкідае, а другія - бярэ ў дзюбу (гэта бачна на відэа, калі першую адкапаную з-пад сьнегу костку ён адразу выкінуў).

Яшчэ адно відэа - як таўстадзюб паміж справамі вырывае рэшткі зялёнай расьліннасці, пры чым робіць гэта вельмі старанна:

http://youtu.be/2lOWDmrZVz4

Семкі на сталоўцы - гэта так, нешта накшталт перакусу. А вось косткі - гэта такі прысмак, дзеля якога варта пакапацца ў сьнезе!