Міні-дзяцел і сінічнік + VIDEO

вялікая сініца раздзёўбвае ляток

Даволі позна вясной, у сярэдзіне красавіка, павесіў на старой алычы насупраць нашага вакна новенькі сінічнік.

Атрымаў я яго (ці хутчэй, забраў) пасля абласнога этна-эка конкурса "Cаракі", дзе быў старшынём журы.

Таму адмовіць мне арганізатары не змаглі, а хутчэй за ўсё акрамя мяне гэты сінічнік (разам з яшчэ некалькімі домікамі для птушак, прывезенымі на конкурс) не быў патрэбны.

Павесіў я яго і за лета так і не даведаўся, ці гнездаваў у ім хто. Ніколі не бачыў, каб з яго хто вылятаў ці залятаў, хоць і глядзеў не вельмі пільна, канешне.

І вось неяк на прыканцы кастрычніка зранку я ўбачыў вялікую сініцу, якая прысела ля лятка і старанна праціснулася ўнутр. А потым і пачалося самае цікавае - яна пачала раз за разам раздзюўбваць ляток!

Часцей знутры - два-тры разы стукне і вызірне наружу - што тут адбываецца? Троху раздзюўбвала і знаружы, трымаючыся кіпцюрамі за ніз лятка.

Неўзабаве я зрабіў першыя здымкі - пра зіму яшчэ і гаворкі не было, тэрмометр за вакном пастаянна паказваў +5+10С.

сінічка ў сінічніку

Ведаў, што часам сініцы могуць і робяць сабе дуплы ў трухлявых дрэвах. Таксама чытаў, што некаторыя вераб'іныя спяць у марозныя ночы ў дуплянках.

Але каб вось так упарта пашыраць ляток дуплянкі, куды і так пралазіш - не бачыў. Але недзе круцілася думка, што мабыць хутка да нас прыйдзе зіма. Сініцу часцей за ўсё бачыў у дуплянцы зранку, яна працавала хвілін па 10-20 і адлятала харчавацца. Часам вярталася, а часам я яе больш не бачыў за дзень.

Так і сталася, як меркаваў - у аўторак і сераду йшоў снегапад, усё навокал прыкрыў. Але сініца ўжо мела сваё сховішча і працягвала яго "паляпшаць":

https://youtu.be/ey65VpQDU-U

 

 

 

https://youtu.be/MCTKRyLBn40

 

 

Кропка назірання
Фотаздымкі

Каментары