Пінская Выдра

Зiма гэтым годам (як i апошнiх некалькi) дзiўная, але яшчэ больш дзіўным выдаўся пачатак сакавіка. Мароз  - траскатун гэтакі, што любы студзень пазайздросціць. Халаднеча дала свой плен і Прыпяць нарэшце крыху падмерзла. Зусім ня моцна - трывалы лед толькі каля берагоў шырыней метраў пяць, далей - танюсечкая корка, пад якой чуваць, як скварчыць вада. Суцэльнага ледзянога покрыву не было - рэчка спаласована вузкімі прамоінамі, на якіх можна пабачыць шмат цікавостак з жывельнага свету. 

 Тое, што ніжэй па Прыпяці ад Пінску жывуць выдры, мне было вядома загадзя. Ведаў, дзе найвышэйшая верагоднасць сустрэчы і таму накіраваўся прамкамі туды, спадзяючыся, што каля адной з такіх прамоін пашчасціць сфатаграфаваць нашу куніцу - рыбачку(выдру). Шлях няблізкі -паўгадзіны на ровары і дзьве гадзіны пехатой, таму выходжу вельмі рана. Але дарога, як заўседы, пралятае на адным дыханні  - то лісіцу заўважыш, то лася напужаеш, то разамнешся ў фотапаляванні, здымаючы шматлікіх чыжыкаў на альшыне. Але кун'і і бабры - мая слабасць, таму прыспешваю ход і з замерзлай старыцы кірую да рэчкі. Апошніх метраў пяцьсот іду па замерзламу берагу Прыпяці, бо так лягчэй і цішэй. Лед часам здрадніцкі трашчыць пад нагамі, не таму што тонкі (як кажа мой сябра, тонкага льда не бывае, бываюць тоўстыя людзі) - узровень вады у рацэ упаў на некалькі сантыметраў і лед проста прасядае пад цяжарам. Аднак так усе роўна цішэй чым ісці па скрыпучаму снегу - наставіку. Уважліва сачу за кожнай прамоінай - ці ё што? Дарэмныя маі спадзяванні, каля прамоін - пуста.

Падыходжу да месца, дзе сустрэча з выдрай максімальна верагодная. Пуста. Залажу пад трыснёг і прылягаю на лед, вырашыўшы пачакаць. Як добра, што я ў свой час не эканоміў на зімняй паходнай вопратцы - холада не адчуваецца зусім, прынамсі, першыя хвілін пятнаццаць. Пакуль усе дарэмна, толькі на супрацьлеглым беразе палюе норка. Але раптам з дальняй прамоіны выглядае нейкі звярок - бобр? Гляджу ў бінокль - ёсць! ВЫДРА! Між намі метраў трыццаць, гэта вельмі далека для фатаграфавання, змушаны падняцца і планаваць, як падкрасціся. Выдра тым часам з'ела нешта на берагу і зноў пайшла пад лед паляваць. Час ад часу яна вылазіла на кромку льда паесці і знікала зноў. Вырашаю падыходзіць кароткімі падходамі калі звярок знікае пад вадой. Такім чынам удаецца скараціць адлегласць да метраў дзесяці. Але выдра, вядома ж, не дурная і заўважае мяне. Нейкі дзіўны звер ( я быў на кортках з накінутым капюшонам) яе ня столькі пужае, сколькі цікавіць. Дый чаго баяцца - вада побач, у выпадку непрадбачаннага заўжды можна ў адзін скок схавацца пад ей. Я тым часам назіраю і фатаграфую гэтага цікава звера, які спачатку пры мне з'еў нейкую рыбеху, затым рака, затым нейкае земнаводнае, потым зноў рака, рыбу...

Фотапаляўнік ня быў бы фотапаляўніком, калі б не імкнуўся да апошняга скарачаць дыстанцыю да аб'екта здымкі, але лёд далей такі тонкі, што гэта проста вар'ятцтва. Вырашаю легчы на лед і падпаўзаць да выдры ( насамрэч, калі б праваліўся, адназначна  б утапіўся) Паўзу, зразумела, калі выдры на берагу няма, а потым чакаю яе з'яўлення. Неперадаваемыя адчуванні, калі ляжыш на льду і чуеш, як пад табой плавае выдра, боўтаючы ваду і стукаючы аб лед. Вынырнуўшы, выдра адразу ж заўважыла перамену і, высунуўшы толькі галаву, насцярожана назірала за мной. А потым - вылезла на бераг і стала вакол мяне хадзіць. З падпаўзаннем я адназначна перестараўся - драпежнік проста ня ўлазіў цяпер у кадр цалкам. Балазе, што хоць зум, а не фікс!

Выдра тым часам занялася сваім футрам - коўзалася і лашчылася аб снег усімі часткамі цела, паглядаючы на мяне і як бы запрашаючы далучыцца! Некалькі хвілін сушкі - і звярок выглядае зусім інакш, быццам, і не плаваў ніколі, настолькі зазіхацела яго футра. Справіўшы патрэбу, яна падышла да вады, глянула на мяне і пайшла ў воду. Ну, ці варта было столькі сушыцца, каб зноў адразу ж акунацца? Я ж вар'яцею яшчэ больш і падпаўзаю да поўнага мінімуму да прамоіны і калі выдра вынырвае з чарговым ракам, яна, як мне здаецца, ужо не здзіўляецца маей прысутнасці і метадычна пачынае яго есці. Відаць, такая ежа нядужа легкая - выдра шырока раззяўляе пашчу і гучна чаўкае. Тым часам над ракой, надзіва нізка, пралятае арлан (бывае вось такое - здымаеш ва ўпор выдру - а над табой лунае арлан) і звярок кідае ежу і, задзіраючы голаў, уважліва назірае за птушкай. Відаць, я , ерзаючы сваім аб'ектывам, пужаю птушку і яна спачатку набірае высату, а затым адлятае . Выдра здзіўлена глядзіць на мяне з адкрытай пашчай, а на яе твары так і чытаецца пытанне - "ты гэта бачыў?".

Супакоіўшыся, выдра спрабуе даесці членістаногае, але пасля арлана нешта ён ужо пэўна не такі смачны - ня лезе, і яна яго кідае і знікае на хвіліну ў прамоіне. А вынырвае - прама насупраць мяне. Выпаўзае на бераг і гучна фукае, відаць, надакучыў я ей. Яна нават спрабуе падскокваць у мой бок, тупаючы пярэднімі лапамі. Убачыўшы, што гэта не дало плёну, яна прадоўжыла займацца сваімі справамі. Час праляцеў імгненна і мне трэба было неадкладна рухацца дамоў і я стаў марудна адпаўзаць да берага...

 Ужо стоячы на беразе і чысцячыся ад прымерзлага да вопраткі льда, я бачый як выдра выпаўзла на бераг і старанна абнюхвала мае сляды, падымала голаву і старанна выглядвала таго незвычайнага звера, што больш гадзіны быў сведкам яе даволі скрытнага жыцця. 

 

Фотаздымкі

Каментары

Как говорится, кто не рискует - тот не пьет шампанское.Но хорошо то, что хорошо кончается, а закончилось великолепной фотосессией с дивным зверем. Представляю какие эмоции пришлось бы испытать в процессе этого действа. Спасибо за фото этой усатой морды!

Дзiўная гiсторыя пра дзiўнага звера! Хвалюючая сустрэча - спрабую уявiць гэты шквал пачуццяў, якi адчуваў Сяргей. Вось такiя блiзкiя i адкрытыя сустрэчы адбываюцца нячаста i назаўжды застаюцца ў душы светлым росчыркам. Вiншую, Сяргей!