УСХОДНЯЯ АФРЫКА ЧАСТКА 6. УСХОДНЯЕ ЎЗБЯРЭЖЖА, МАЛІНДЗІ

 

Як і належыць усім сапраўдным падарожнікам, пасля завяршэння такой сур’ёзнай экспедыцыі, перш чым вяртацца дадому, мы мусілі адпачыць некалькі дзён на ўзбярэжжы Індыйскага акіяна, прычым, не у “раскручанай” турыстычнай зоне на поўдні Кеніі, а ў менш бойкім месцы, бліжэй да самалійскай мяжы ў наваколлі гарадка Маліндзі. Кароткі пералёт на ўнутраным рэйсе Air Kenya праходзіў у непрымушанай, амаль дамашняй, абстаноўцы і нечым нагадваў паездкі на нашых вясковых аўтобусах – невялікі акуратны самалёцік падкаціў да канечнага прыпынку, старых пасажыраў высадзіў, новых загрузіў, вясёлы сцюард падняў у салон лесвіцу, зачыніў дзверы, акінуў вокам каларытных пасажыраў – ці ўсе з квіткамі, дяўчына, што прывяла нас на пасадку, памахала з вуліцы рукой, паехалі!  Бонусам жа гэтага рэйса акрамя невялікага крэкера і дзіцячага пакеціка з сокам быў цудоўны від на Кіліманджара, які ўзвышаўся над воблакамі і знаходзіўся ў полі зроку добрую палову палёта.

 

Краявід

Не паспелі добра нагледзецца на найвышэйшую вяршыню Афрыкі, а вось ужо і ўсходняе ўзбярэжжа – каму рэлакс пад пальмамі на беласнежным пяску пад акампанемент акіянскіх хваляў, а каму дадатковая магчымасць яшчэ крыху папоўніць скарбонку афрыканскіх назіранняў і фотатрафеяў.

 

Краявід

 

Краявід

 

расліна

 

расліна

 

 

На нешта ўжо зусім экстравагантнае я не вельмі разлічваў, але вялізная агароджаная і парослая трапічнай расліннасцю тэрыторыя, на якой размяшчаўся наш атэль, давала някепскія шанцы на сустрэчу з цікавымі прадстаўнікамі жывёльнага свету. Даволі вялікая сажалка на тэрыторыі і ўзбярэжжа акіяна, якое пачыналася проста за згародай, гэтыя шанцы толькі ўзмацнялі. Забягаючы наперад, адразу скажу, что асноўная мая надзея на сустрэчу з нектарніцамі так і не збылася, нягледзячы на тое, што ў мясцовай фауне іх хапае, і менавіта нектарніца ўваходзіла ў лік тых відаў, якія трапіліся мне на вочы ў першыя хвіліны знаходжання ў Кеніі, дакладней, проста на клумбе перад галоўным уваходам у аэрапотр Найробі. Хутчэй за ўсё, тут проста не было падыходзячых для іх раслін – з фэйкавых кветак бугенвіллей, якія раслі тут дзе толькі можна, нектару не здабудзеш, а ў нешматлікіх магнолій, якія тэарэтычна маглі выконваць ролю кармавой расліны, якраз быў перыяд міжсезоння.

 

Птушка

 

Птушка

 

п

 

Птушка

Тым не менш, акрамя кветак, якія маіх надзей не спраўдзілі, хапала тут для птушак і іншай заманухі, у першую чаргу ў наваколлі сажалкі, так што, мая калекцыя пакрысе папаўнялася. Мясцовым вартавым, якога практычна ўвесь час можна было бачыць на парэнчах уздоўж сажалкі альбо на нейкім з суседніх дрэў, тут працаваў доўгахвосты баклан Phalacrocorax africanus, самы малы – удвая драбнейшы за вялікага баклана – з мясцовых прадстаўнікоў роду.  Што яго сюды прыцягвала, было відавочна – у сажалцы ў вялікай колькасці вяліся тыляпіі, якіх шчодра падкормлівалі павары з мясцовага рэстарана, размешчанага па-над самай вадой. А вось адкуль ён сюды прылятаў, ды й ці прылятаў увогуле, і чаму ўвесь час знаходзіўся ў поўнай адзіноце, для мяне так і засталося таямніцай…

 

Птушка

Звычайны бульбуль Pycnonotus barbatus на тое і звычайны, каб сустракацца па ўсёй Усходняй Афрыцы – ад саванны на дне Рыфтавай даліны да хмызняковых зарасцяў ўсходняга ўзбярэжжа.

 

Птушка

Звярнуўшы пара разоў увагу на вераб’ёў, якія гнездаваліся пад стрэхамі будынкаў, я вызначыў, што адносяцца яны да касмапалітнага віду (здагадайцеся, якога) і перастаў імі цікавіцца.

 

Птушка

Праз некаторы час высветлілася, што зусім дарэмна – знаходзячыся ў экзатычнай краіне, нават і ад добрых старых знаёмых можна атрымаць нечаканыя сюрпрызы. Пад тымі ж стрэхамі і з такім жа сцэнарыем павоздін тут вяліся папугаедзюбыя вераб’і Passer gongonensis, знешне даволі падобныя да дамовых. Дагэтуль шкадую, што не высветліў гэта раней, паколькі згодна вызначальніку, меў усе шанцы пазнаёміцца яшчэ і з жоўтаплямістай петроніяй – прадстаўніком роду, вельмі блізкага да сапраўдных вераб’ёў, і, адпаведна, вельмі падобнага да іх, асабліва здалёк…

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

Кожную раніцу на адкрытай тэрасе рэстарана (ну, таго, што па-над самай вадой, у якой жывуць тыляпіі, якіх ловіць і есць доўгахвосты баклан) нас сустракала варона. Зразумела, не такая, як у нас, хаця і даволі падобная, а мясцовая, экзатычная Corvus splendens, дамовая, калі па-ангельску. У нашым выпадку яна была, хучтэй, рэстаранная, бо толькі каля сталоў і ашывалася. Днём у вароны, зразумела, узнікалі і іншыя справы, а раніцай асноўнай яе мэтай была свежая выпечка, якую майстэрскі рыхтаваў для нас Дэвід, мясцовы повар і афіцыянт у адным флаконе. Девід ведаў пра варону ўсё, таму выпечку старанна накрываў белай накрухмаленай сурвэткай, а саму варону пры нашым з’яўленні пачынаў праганяць з тэрасы на вуліцу, праўда, рабіў ён гэта даволі добразычліва і з крыху вінаватым выглядам, быццам баяўся яе пакрыўдзіць. Ну, так было толькі ў першы раз, пакуль мы яшчэ не раззнаёміліся. Потым Дэвід варону ганяць перастаў і разам з намі з цікавасцю і нават з адценнем гонару за сваю выхаванку назіраў за яе фокусамі. А фокусы (дакладней, адзін з іх) заключаліся ў наступным. Мы, узяўшы па яшчэ цёплай булачцы, рабілі выгляд, што забыліся пакласці сурвэтку на месца, а варона рабіла выгляд, што гэтая акалічнасць яе зусім не цікавіць. Потым, калі мы пачыналі рабіць выгляд, што на варону зусім забыліся і глядзім абсалютна ў другі бок, яна хуценька пераскоквала з парэнчаў на стол, выбірала сабе прысмаку і пералятала на ліхтар, які стаяў непадалёку, каб, барані Божа, не адабралі. Так што, варона мела ўсе падставы радасна сустракаць нас кожную раніцу на парэнчах тэрасы, а мы – лічыць яе сваёй сяброўкай, хаця, ўсё ж, нешта нам падказвала, што сябруе яна з адным Дэвідам, а мы ўсяго толькі нязначны эпізод у яе поўным курортных інтрыжак жыцці.

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

Яшчэ адзін звычайны і шырокараспаўсюджаны від – відэльцахвосты дронга Dicrurus adsimilis, якога можна сустрэць практычна ў любым біятопе, хіба што акрамя суцэльнага лесу. Дронга вельмі блізкія да воранавых птушак, але значна саступаюць ім у памерах, ды і ўвогуле, знешне і па паводзінах больш нагадваюць розную вераб’іную драбязу, чым варон. Дарэчы, і вакальныя дадзеныя ў іх някепскія – акрамя ўласнай прыемнай і вельмі разнастайнай песні самцы дронга могуць выконваць і фрагменты песень іншых птушак, так што, канцэрты яны даюць адменныя!

 

Птушка

 

Птушка

Сажалка, па берагах якой распасціраліся мае асноўныя фотапаляўнічыя ўгоддзі, была прывабная не толькі для доўгахвостага баклана. Рознаўзроставая моладзь тыляпій, якая літаральна кішэла каля берагоў, утварала практычна невычэрпную харчовую базу і для іншых рыбаедных птушак, у першую чаргу, малахітавых зімародкаў Alcedo cristata, якія наведваліся сюды двойчы на дзень – раніцай, калі яшчэ не пачалася спякота, і надвячоркам, калі яна пачынала пакрысе спадаць.

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

Парэнчы з жэрдак, якія цягнуліся ўздоўж усёй “берагавой лініі” былі выдатным назіральным пунктам і для іншых відаў зімародкаў – дзе б ні знаходзіліся тыляпіі, птушкі маглі займаць месца проста над рыбамі і, выбраўшы падыходзячую ахвяру, атакаваць яе па самай кароткай і зручнай траекторыі. Плямістыя зімародкі Ceryle rudis з’яўляліся на сажалцы прыкладна ў тыя ж часы, што і малахітавы, вось толькі апошні прылятаў заўсёды адзін і вёў сябе вельмі сціпла, яго і заўважыць было цяжка, калі ён садзіўся не на парэнчы, а куды-небудзь на дрэва альбо куст. Плямістыя ж, маючы вясёлы няўрымслівы характар, абвяшчалі аб сваім прыбыцці гучнымі свістамі і менш чым па тры за раз не прыляталі.

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

Пэўна, тыляпіі былі вельмі дэлікатэсным пачастункам, паколькі сюды завітваў і мангравы зімародак Halcyon senegaloides, якому па ўсіх арніталагічных канонах належала сядзець дзе-небудзь на ўскрайку мангравых зарасцяў і падпільноўваць неасцярожных крабаў, якія вылазілі са сваіх сховішчаў падчас адліву. Але мыладыя рыбкі былі даклдна смачнейшыя за апранутых у хіцінавы панцыр крабаў, таму зімародак з’яўляўся на сажалцы самым першым, адразу пасля ўзыходу сонца. Некаторы час ён у задуменні сядзеў на трысняговым даху аднаго з будынкаў, пасля чаго злятаў на парэнчы і пачынаў высочваць здабычу. Выгляд ён пры гэтым меў  вясёлы, нахабны і крыху дурнаваты. Але знешнасць, як вядома, бывае зманлівая – літаральна за поўгадзіны ён рабіў некалькі паспяховых баявых захадаў, пасля чаго зноў узлятаў на дах, крыху адпачываў і хуценька ляцеў дадому, пакуль там не заўважылі яго адсутнасці і не западозрылі ў здрадзе кланавым традыцыям.

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

Тутэйшыя ібісы выглядалі больш акуратнымі, чым іх сваякі ў country side – усё ж якая-ніякая цывілізацыя! Ва ўсякім разе, мае адносіны да цудоўных ібісаў крыху змяніліся і я нават аднёс іх да катэгорыі “птушак прыгожых і вартых паўторнай фотасесіі”.

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

Святыя ібісы таксама вельмі стараліся выправіць першае не вельмі пахвальнае ўражанне, якое склалася ў мяне пра іх падчас першага знамства – беласнежнае пер’е, прыстойныя паводзіны, добрая страявая падрыхтоўка, якую яны дэманстравалі пры сінхронным “прызямленні” на пальму… Але чагосьці ім усё ж, на мой погляд, не хапала і пытанне “Ну чаму менавіта іх егіпцяне лічылі святымі?” так і заставалася без адказу.

 

Птушка

Мае адносіны з зялёнай кваквай Butorides striatus складаліся не самым лепшым чынам, а, дакладней, і ўвогуле ніяк не складаліся. Мяне яна заўважала значна раней, чым я набліжаўся на адлегласць, з якой можна было фатаграфаваць, пералятала на другі бок сажалкі і хавалася ў пальмавых кронах альбо сярод густой лістоты кустоў, якія раслі на беразе. Думаю, што такія меры перасцярогі былі залішнімі – дзякуючы сваёй маскіровачнай афарбоўцы яна, сеўшы на куст, у той жа момант проста растваралася ў ім, быццам надзеўшы шапку-невідзімку.  Не ведаю дакладна, у чым тут справа – можа афрыканскія кваквы ўвогуле такія асцярожныя, а можа менавіта гэтую ў дзяцінстве моцна пакрыўдзіў хтосьці з людзей, але такі сцэнарый паводзін паўтараўся раз за разам і я ўжо амаль страціў надзею нават добра разгледзець і вызначыць яе, не тое, што сфатаграфаваць. Але ўсё ж аднойчы, традыцыйна зляцеўшы з куста на маім беразе, да якога заставалася яшчэ метраў 50, яна пераляцела праз сажалку і села на пальму, але не каля самага стволу, як звычайна, а на краі вялізнага ліста, што і дало мне магчымасць зрабіць некалькі кадраў. “Прыліставаўшыся”, кваква грацыёзна, быццам акрабат па канаце, накіравалася да махнатага стволу, а дасягнушы яго, проста знікла, быццам яе і ўвогуле не было.

 

Птушка

Пра дротахвостых ластавак Hirundo smithii нічога асаблівага сказаць не магу – ластаўкі як ластаўкі, амаль не адрозніваюцца ад нашых касатак, толькі афарбаваныя крыху па-іншаму.  Жыхарам невялікай калоніі, якая гнездавалася на самым бліжэйшым – усяго некалькі метраў – да берага сажалкі будынку, вельмі пашанцавала – машкара, якая раілася па-над вадой, была бліжэй і не прыдумаеш, хіба што толькі сама ў рот птушанятам не залятала.

 

Птушка

 

Птушка

Парэнчы, відаць, з’яўляліся вельмі важным элементам тутэйшай экасістэмы, паколькі прыцягвалі да сябе не толькі мясцовых птушак і залётных фатографаў, але і еўрапейскіх пярнатых мігрантаў – кулік-перавозчык Actitis hipoleucos, дабраўшыся да Афрыкі, адразу ж накіраваўся менавіта да іх.

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

Цэнтрам “грамадскага жыцця” сажалкавай супольнасці з’яўляўся вялікі навіслы над вадой зялёны куст – на ім час ад часу можна было назіраць усіх пярнатых гасцей і жыхароў сажалкі – ад бесклапотнага баклана да асцярожнай кваквы. Ну, а галоўнымі рэзідэнтамі куста з’яўляліся чорнагаловыя ткачы Ploceus cucullatus, якія вырашылі заснаваць на ім гнездавую калонію. Месца было выбрана лепей не прыдумаеш – майстэрскі сплеценыя з зялёнага трысняговага лісця гнёзды былі прымайстраваныя да самых тонкіх павіслых над вадой галінках і любыя драпежнікі  – паўзучыя, бегаючыя альбо лятаючыя амаль не мелі шанцаў дабрацца да яек і птушанят. А калі прыняць да ўвагі, што насельнікі калоніі ўсім скопам накідваліся на любога нязванага візіцёра, то і ўвогуле не мелі ніякіх шанцаў. Цяжка сказаць, што было асноўнай прычына павышанай птушынай увагі да гэтага куста – можа ён сам ва ўсёй сваёй прыгажосці, а можа менавіта прысутнасць дружных ваяўнічых ткачоў давала птушкам магчмасць адчуваць сябе тут у поўнай бяспецы. Так альбо інакш, але ткачы займаліся сваімі сямейнымі справамі,  а наведвальнікі калоніі ціхенька адпачывалі дзе-небудзь на бакавой галінцы пад надзейнай аховай гаспадароў.

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

Гнездавы сезон у ткачоў толькі пачынаўся, таму большасць гнездаў знаходзілася на розных стадыях пабудовы, якой займаліся толькі самцы. Падчас будаўнічых работ яны паспявалі яшчэ дэманстраваць самкам сваю ўдаласць і прыгажость. Песенька ў іх была так сабе, адна назва, але чуваць яе было здалёк, а ўсе свае вакальныя недахопы самцы з лішкам кампенсавалі харэагрфічнымі нумарамі, якія дэманстраваліся як падчас спеваў, так і пры пабудове гнязда.

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

Стракатая афрыканская пліска Motacilla aguimp, як, увогуле, і наша белая, жыць не можа без людзей, прычым падыходзяць ёй практычна любыя людскія паселішча – ад амаль першабытнай масайскай вёскі да сучаснага атэльнага комплекса, галоўнае не архітэктура, а кампанія. У “нашай” пліскі ўладанні былі невялікія, але да дробязяў прадуманыя – тэраса рэстарана, невялікая брукаваная пляцоўка з ліхтарамі і клумбай, сажалка і, безумоўна, парэнчы. Усё лагічна, функцыянальна і вытрымана ў сучасных стылях. Усё, за выключэннем рэстарана, які з гэтай лагічнай схемы выбіваўся – мух, тараканаў і іншай бесхрыбетнай нечысці там увогуле быць не магло – мясцовы повар падыходзіў да гэтага пытання вельмі сур’ёзна.

 

яшчарка

З тае нагоды, што пагуляць пешу па саванне ў мяне амаль не атрымалася – правілы паводзін у нацыянальных парках гэта строга-настрага забаранялі, першага прадстаўніка афрыканскай герпетафауны мне ўдалося ўбачыць толькі на тэрыторыі атэля – правілы паводзін там былі даволі дэмакратычныя, ва ўсякім разе, гуляць, дзе толькі захочацца, мне ніхто не забараняў.  Змей тут, праўда, у адрозненні ад аднаго егіпецкага атэля, з тэрыторыі якога мне аднойчы давялося эвакуіраваць смяротна небяспечную эфу, не было ўвогуле, а вось яшчаркі былі, ды яшчэ якія!

 

яшчарка

 

яшчарка

 

яшчарка

Блакітна-аранжавыя з металічным адлівам агамы Мванза – сапраўдная экзотыка! У норме яны мусяць засяляць горныя схілы там, дзе ёсць скальныя выхады альбо россыпы камянёў, але як я не стараўся, у такіх месцах мне іх заўважыць не ўдалося. І калі ўжо апошнія надзеі былі страчаны, агамы трапіліся мне на вочы ў самым, здавалася б, нечаканым для гэтага месцы. Дарожка вакол сажалкі, вымашчаная каменнай пліткай, уяўляла сабой імправізаваны скальны ландшафт і агамы, якія вадзіліся тут у даволі значнай колькасці, выбіраліся са сваіх укрыццяў на гэтыя пліты, каб крыху пагрэцца на сонцы. Праўда, адбывалася гэта дзесьці пасля паўдня, калі сонца грэла ўжо зусім не па-дзіцячаму, і ўся іншая жыўнасць, наадварот, старалася забрацца ва ўкрыцці. Відаць, менавіта ў гэтым і крылася прычына маіх папярэдніх няўдач  – час назіранняў быў непадыходзячы.

 

я

 

я

Сустракаліся тут і іншыя рэптыліі, але пасля агам выглядалі яны даволі сціпла і асаблівага захаплення не выклікалі. Вызначыць іх да віду з нагоды адсутнасці адпаведнага вызначальніка не ўяўлялася магчымым, хаця прыналежнасць першага да сямейства Gecconidae  сумненняў ні ў кога не выклікала, а другую мой студэнцкі герпеталагічны досьвед дазволіў вызначыць нават да роду Eremias (яшчуркі).

 

павук

Да павукападобных і шматножак у мяне адносіны асаблівыя. Не тое, каб я іх вельмі баяўся (заолагу ўвогуле сорамна баяцца якой бы там ні было жыўнасці, а прызнавацца ў гэтым сорамна ўдвая), а вось асцерагацца асцерагаюся, на ўзроўні генетычнай памяці, калі жадаеце. Ну, як, скажам, ёсць людзі, якія ледзь не губляюць розум ад дзікага жаху пры сустрэчы са змяёй. Усе пры гэтым разумеюць, што ў небаракі прачнулася генетычная памяць і ніхто яго за такія паводзіны не асуджае. Вось так і ў мяне з павукамі, толькі не ў такой крытычнай ступені  – уцякаць не уцякаю, а вось у рукі, у адрозненні ад змяі, ні за што не вазьму. Генетычная памяць!

 

павук

Так што, сустрэўшы  першага павука, а іх тут было багата, я ў першую чаргу пацікавіўся ў мясцовых, наколькі яны небяспечныя для людзей, Афрыка ўсё ж, тут усякае можа здарыцца, асабліва з павукамі. Старажылы паспяшаліся заверыць мяне, што ўсё ОК, ніводнага еўрапейца яшчэ не пакусалі і атэль дагэтуль не прыкрылі, так што, і мне хвалявацца асабліва не варта. На душы крыху палегчала, але блізка да пачвар я ўсё ж стараўся не набліжацца.

 

павук

Ну, а тут і генетычнай памяці не трэба, каб разгледзець нейкую жудасную шаманскую маску, альбо нават галаву муміі. Містыка, ды й толькі!

 

Краявід

 

Краявід

 

дрэва

Баабаб – гэта дакладна тое, дзеля чаго варта ехаць у Афрыку, лепей адзін раз убачыць, чым сем разоў прачытаць!

 

расліны

Дзякуючы суседству з акіянам узровень вады ў невялікай рэчцы Сабака штодзень змяняецца амаль на два метры – падчас прыліву саланаватая вада цалкам затапляе мангравы лес, які расце па берагах, а пры адліве рэчышча амаль у любым месцы можна перайсці ўброд.

 

Звяры

Мясцовы статак гіпапатамаў, які жыве непадалеку ад вёскі, з’яўляецца адной з крыніц невялікага прыбытку для мясцовых жыхыроў. Як толькі ў весцы з’яўляюцца турысты, якія прыехалі сюды паглядзець на гэтых земнаводных гігантаў, адразу збіраецца чалавек дзесяць хлопцаў і маладых мужчын на чале з мясцовым гідам, які можа даволі падрабязна распавесці ўсім жадаючым пра жыццё-быццё гіпапатамаў і нават ведае назвы ўсіх птушак, якіх можна сустрэць з імі па суседству.

 

Звяры

У назіранні за гіпапатамамі, якія большую частку светлага часу сутак праводзяць лежучы ў вадзе альбо побач з ёй на беразе, цікавага мала. Асноўная задача мясцовай быгады – вымусіць гіпапатамаў змяніць сваім звычкам і падняцца на ногі. Правеўшы турыстаў па змялеўшым пры адліве рэчышчы на якую-небудзь пясчаную выспачку, яны раюць “усім заставацца на сваіх месцах” а самі набліжаюцца да жывёл яшчэ бліжэй і падымаюць там жудасны лямант з падскокамі, маханнем рукамі і ляпаннем у далоні. Патрывожаным гіпапатамам не застаецца нічога іншага, як перапыніць свой адпачынак і, з нагоды таго, што ганяцца за сапраўднімі парушальнікамі па жары не вельмі хочацца, спачатку сварацца паміж сабой, а потым пераходзяць на суседнюю плыткаводную лужыну, куды, на іх погляд, неспакойныя людзі проста не змогуць дабрацца.

 

Звяры

Мяркуючы па тым, што ганяць гіпапатамаў з намі адпраўляліся і мясцовыя дзеці, наш прыез быў для жыхароў вёскі  сапраўднай забавай, а энтузіязм, з якім моладзь старалася напужаць бегемотаў, падштурхоўваў мяне да думкі, што ім не столькі хацелася заробіць некалькі даляраў на ўсіх, сколькі проста павесяліцца самім!

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

Адліўныя плыткаводдзі былі прывабныя не толькі для гіпапатамаў.  Падчас адліву тут збіраліся “інтэрнацыянальныя” чароды вадаплаўных і каляводных птушак – вялікія і малыя фламінга, пеліканы, гусі, качкі, па пясчаных выспах бегала розная кулічыная драбяза – словам, сапраўдны водна-балотны Эдэм у самым сэрцы Афрыкі!

 

Птушка

Менавіта тут адбылася нарэшце сустрэча з чорнагаловай чапляй Ardea melanocephala, адной з самых распаўсюджаных чапляў Усходняй Афрыкі, якая на працягу ўсёй паездкі старанна не траплялася мне на вочы. Ляцела яна высока і далёка, але ўсё ж аказалася задакументаванай і такім чынам папоўніла спісак маіх афрыканскіх трафеяў.

 

Птушка

 

Птушка

Даволі незвычайны прадстаўнік пласцінадзюбых – шпорцавая гусь Plectropterus gambensis, якая з нагоды нестандартных анатамічных асаблівасцяў была выдзелена ў асобнае монатыпічнае падсямейства. Калі не разглядаць  больш дробныя і нязначныя дэталі, то асноўная з “анатамічных асаблівасцяў” гэта своеасаблівыя доўгія касцяныя шпоры на кісцевым суставе крылаў, добра бачныя ў палёце. Здавалася б, чаго яшчэ болей, але вынаходчывая эвалюцыя развіла гэтую тэму далей: зброя гэта не звычайная, а ядавітая, яд жа ў арганізм гусей трапляе з любімым дэлікатэсам – жукамі-нарыўнікамі, якіх птушкі паядаюць у вялікай колькасці. Ну, як тут не прыгадаць аўстраліскага качканоса з яго ядавітымі кіпцюрамі!

 

Краявід

Акіян з наветранага берагу ніколі не бывае спакойным – нават ледзь адчувальны ветрык на бязмежных водных прасторах разганяе хвалі вышынёй амаль у чалавечы рост, а прыбойная зона прасягаецца тут ледзь не на сотню метраў. Купанне, а дакладней, гойсанне на хвалях у такіх умовах дае фізічную нагрузку не горш за любога трэнажора.

 

Краявід

 

Краявід

 

краб

 

краб

Адсутнасць прыгодных для пляжнага адпачынку лагун прыдае гэтым берагам асаблівае хараство – ні табе шумных атэляў з аматарамі паплёскацца ў cпакойнай, як люстэрка, вадзе, ні надакучлівых beach boys з іх сумніўнымі прапановамі, ні іншых дасягненняў цывілізацыі. Толькі шум прыбою, сонца, пясок, крабы, пальмы і рэдкія жыхары навакольных вёсак, якія выходзяць на бераг пашукаць, ці не прынёс чарговы прыліў што-небудзь карыснае для іх няхітрай гаспадаркі.

 

Птушка

 

Птушка

Такія амаль пазбаўленыя людзей берагі усё ж-такі прыцягваюць “курортнікаў”, але зусім іншага кшталту. Па-першае, каспійскі зуёк Charadrius asiaticus, які сустракаецца тут як у гнездавы перыяд, так і падчас пралёту. Так што, высветліць, хто ўсё ж трапляўся мне на вочы – мясцовыя рэзідэнты, альбо еўрапейскія мігранты, не ўяўлялася магчымым.

 

Птушка

З пясчанкай Calidris alba усе значна прасцей – гнездавы рэзідэнт субарктычных тундраў у вялікай колькасці з’яўляецца на ўзбярэжжах Усходняй Афрыкі ў зімовы час. Зрэшты, гэта толькі для нас гэты час зімовы, на экватары зімы, як вядома, няма, таму і збіраюцца тут на доўгатэрміновы адпачынак пярнатыя госці з усяе Палеарктыкі. Дарэчы, я неяк адмыслова пацікавіўся ў нашага кіроўцы, а ці ведае ён, што такое зіма? “Ну, так, – збянтэжана адказаў той – чуў нешта такое, але ніколі не бачыў”…

 

Птушка

 

Птушка

Аналагічнага сцэнарыя прытрымліваецца і сявец Pluvialis squatorola.  Бачыў я тут і вялікага кулёна, але ў кадр ён не трапіў – вельмі асцярожны, зусім як і ў нас.

 

людзі

Вось такое ў мяне цудоўнае сафары атрымалася – з яскравымі ўражаннямі,  новымі звярамі, птушкамі і ландшафтамі. Трэба заўважыць, што на працягу сафары не прагучала ніводнага стрэлу і ніводнае з жывёл не пацярпела, як прынята зараз пісаць у цітрах фільмаў, дзе героямі з’яўляюцца звяры і птушкі. Ну, а як жа іначай – “сафары” у перакладзе з суахілі азначае  проста “шпацыр”, а на паляванне там няма нават і намёку, ну, хіба што, на фотапаляванне.

“Ну, а як жа людзі?” – могуць запытацца самыя цікаўныя. Людзі там таксама жывуць. Розныя, зразумела, як і паўсюль. Хаця, у большасці сваёй ветлівыя і дабразычлівыя, ва ўсякім выпадку, мне трапляліся менавіта такія. Трэба проста паводзіць сябе патрэбным чынам і ўзаемаразуменне абавязкова ўзнікне.

 

Краявід

І зноў сівая вяршыня Кілі, на гэты раз з другога борту самалёта, па дарозе дадому. Крыху сумна развітвацца з Кеніяй, але наперадзе яшчэ будуць прыгоды і, спадзяюся, мае самыя незвычайныя звяры і птушкі яшчэ хаваюцца ад мяне дзе-небудзь у амазонскай сельве альбо ў горных джунглях Новай Гвінеі…

 

Каментары

Вельмі прыемны і захапляючы аповед пра незвычайнае падарожжа! Выглядае казкай у параўнанні з "парасячым"  адпачынкам дзе-небудзь у Егіпце, ці Турцыі. Шыкоўныя здымкі! Дзякуй, атрымаў задавальненне ад прагляду!

Як заўсёды- бездакорныя партрэты і файны пазнавальны стыль, які не дае чытачу расслоабіцца, бо не ведаеш хто там цябе сустрэне далей і што адбудзецца з новым)і) знаёмым)і).

Вялізарны дзякуй, Сяргей! Новых падарожжаў і такіх са светлых кронік з іх!

Цудоўнае апавяданне з цудоўнымі здымкамі. З вялікім захапленнем прачытаў усе часткі. І крыху сумна, што шостая частка апошняя(?).  Новых вам цікавых вандровак і новых сустрэч, а нам - вашых апавяданняў!

Дзякуй усім за добрыя словы! Цяпер дакладна ведаю, што рыхтаваў гэты матэрыял не дарэмна.  А частка не апошняя -- слова нейкае нядобрае -- яна, хучэй, завяршальная ў гэтым раздзеле. Будзе і нешта іншае, але гэта ўжо пазней...