28-03-2009 Нёман: гогалі і вялікія белыя чаплі

    Ад старага маста да вусьця Ласасянкі. Каля +10С, з 15 да 18.30, разам з Аленай В.  Першы сапраўды цёплы дзень пасьля абеду мы вырашылі правесьці на ўлоньні прыроды. І не пашкадавалі! Паміж Старым і новым мастом людзей было нашмат больш, чым птушак. Вада ў Нёмане паднялася, крайнія кусты на востраве былі залітыя, што не давала магчымасьці хавацца там на беразе качкам.

Толькі 2 пары крыжанак ды лыска плавалі паміж затопленых хмызьнякоў. Да гэтага адзначылі 2 самцоў вялікага савука, якія ляцелі ўвер’ па плыні, аднак даляцеўшы да ст.маста адзін з іх павярнуў назад – рамонт гэтай спаруды з ружовым колерам аднаго з быкоў яму яўна не спадабаўся. Перашкоду ён адолеў з другой спробы. Цікава, што праз нейкі час гэта паўтарылася, але ўжо з другім самцом вялікага савука. Ён, даляцеўшы амаль да маста, павярнуў назад.Там жа адзначылі першых у гэтым годзе 5 чаек-рыбачак і адну шызую чайку.

    За Новым мастом было некалькі рыбакоў, але яны не перашкодзілі нам паназіраць за абедам на вольхах чыжоў і брачным рытуалам пары гагалей. Цікава, што то самец, то самка амаль выпрастоўваліся на вадзе, выцягваючы дзюбу. (Падобны здымак, але самкі вялікага савука паказваў мне Жорж Гулеўскі. Сам я нешта падобнае бачыў упершыню.) А адзін раз атрымалася падгледзець і капуляцыю: самец успрыгнуў на самку, тая амаль скрылася пад вадой, пасьля самец (трымаючыся за пер’е на яе галаве?) пакруціўся на ёй і саскочыў убок. Працягвалася гэта лічаныя сэкунды. На жаль – як заўсёды бывае – пад час капуляцыі фотаапарат не мог навесьці аўтаматычна рэзкасьць, а калі я гэта зрабіў уручную, было ўжо позна…      Ў лесе працавалі каралькі і сініцы. Вялікія сініцы старанна пераварочвалі ліст за лістом і часам знаходзілі пад імі нешта спажыўнае, гілі таксама харчаваліся на зямлі, правяраючы сямянкі явараў і з’ядаючы адпаведныя. За вусьцем Ласасянкі плавала пара влікіх савукоў, прасьвісьцеў зімародак. Мы ўжо вярталіся назад, калі каля Старога маста заўважылі 5 вялікіх белых птушак. Калі ўзьнялі біноклі, то ўздыхнулі разам ад здзіўленьня – ўверх па плыні праз цэнтар горада ляцелі 5 вялікіх белых чапляў! Але гэта быў не канец сюрпрызаў: калі мы выходзілі з-пад маста на Маставую, над Фарным касьцёлам, гагочучы, праляцеў клін з каля 80 гусей!   На здымках: Цікавыя рытуалы гагалей і нярэзкі фінал (канец капуляцыі) Вялікая сініца за працай Гілі (самец і самка)
Фотаздымкі