Рэстран пад вакном

Сёньня зусім нечакана з вакна кухні заўважыў адразу дзьвюх эўрапейскіх ўюркоў (Serinus serinus), якія пасьпешліва нешта зьбіралі ў невысокай зялёнай расьліннасьці. Я хуценька схадзіў за трубой, узяў фоцік і стаў здымаць незвычайную пірушку. Ўся сям’я з захапленьнем глядзела за імі разам са мной. Ніколі раней мы не бачылі іх так блізка!

Аднак са здымкамі на самым пачатку ўзьніклі праблемы: адна з птушак была заблізка для мяне – на яе я не мог навесьці рэзкасьць. Тады я стаў адыходзіць амаль да дзьвярэй кухні каб павялічыць адлегласьць. Але гэта не дапамагло – птушка так трапляла ў мёртвую зону “пад вакно”. Тады я знайшоў праз трубу "дальнюю" птушку з пары і здымаў увесь час яе. Дзякуй богу, яна ўлазіла ў кадр, але см 20 бліжэй і мне не пашанцавала б і з ёй. Пасьля прагляду ж атрымалася, што ў аб’ектыў трапілі і самец (з белымі бакамі і яркімі грудзьмі) і самка (бакі бруднавата-белыя і плямкі-кропелькі на іх не такія чорныя). Спачатку я падумаў, што ўюркі набіваюць дзюбы насеньнем невысокіх мятлікавых. Але праз некалькі сэкунд я спахапіўся – якое насеньне – гэта ж “кветкі” травы! Яркія птушачкі выдатна глядзеліся на фоне сьвежай зеляніны травы, а сваім яркім жоўтым пер’ем маглі паспрачацца з жаўцізной кветак дзьмухаўцоў. Усяго атрымалася зрабіць некалькі фільмікаў. І хаця я ўжо здымаў ўюрка ў пазамінулым годзе, але тады атрымалася толькі маленькая птушачка, якая сьпявала на ТБ-антэне. Цяпер жа я маю птушак з розных бакоў на ўвесь экран. ПС На сажалках “Азота” ў Беражан Жорж Гулеўскі сёньня пачуў салаўінага цвыркуна, леску-завірушку і бугая. З качак 3 лапаноскі і ныркі-сівакі, 1 самец качкі-шылахвосткі. 2 вялікіх зуйка. Ў в.Зарачанка лётаюць гарадзкія ластаўкі.   На ўсіх здымках самцы, акрамя другога пад тэкстам.
Фотаздымкі