Як я дапамагаў птушкам

Усю зіму кармлю птушак на балконе. У самыя маразы, пакідаўшы ўсе справы, некалькі разоў адмыслова ездзіў на Камароўку - расход насення на працягу гэтых тыдняў павялічыўся шматкратна, дарэчы, і кошт сланечніка таксама ўзрос. Цёткі-прадаўшчыцы паяснялі гэта тым, што з пахаладаннем усё "кармавое" насенне размялі аматары птушак, таму даводзіцца прадаваць адборны, "людскі" сланечнік, праўда крыху танней, чым ён увогуле каштуе.

Дзіўна было даведацца, што асноўнымі яго пакупнікамі з'яўляюцца бабулькі-пенсіянеркі - і сапраўды, відаць, расце наш дабрабыт, калі гэтая самая "забяспечаная" частка насельніцтва змагла дзяліцца сваім жабрацкім прыбыткам з сінічкамі. У самы моцны мароз адна са старэнькіх пакупніц  паскардзілася мне: "А мае нешта не прылятаюць, пэўна, лётаць халодна, сядзяць нейдзе". Падумаў я і згадзіўся з бабулькай, не стаў тлумачыць ёй, чаму сінічкі лётаць перасталі... Дарэчы, у гэтый жа час побач апранутыя ў футры кабеты памаладзей набывалі заморскую садавіну і іншыя дарагія прысмакі - пэўна не ведаюць дакладна, што менавіта патрабуецца птушкам узімку.

Вельмі прыемна было атрымаць ад цётак-прадаўшчыц бонус да пакупкі - закладачку-вызначальнік вытворчасці АПБ - гэта на той выпадак, калі я не ведаю, хто прылятае ў маю сталоўку.

З дапамогай закладачкі ўсе дакладна вызначыў, вось мой спісак наведвальнікаў: два віды вераб'ёў (самі ведаеце, якіх) два віды сініц (таксама здагадваецеся), зелянушкі, таўстадзюбы (ніколі раней столькі не бачыў), часам шызыя галубы і каўкі. Пару дзён таму мой seen-list папоўніўся яшчэ адным відам - шуляк-карагольчык (гэтага на малюнках не было, але я яго і сам ведаю). Таксама прыляцеў, таксама падсілкаваўся. А што рабіць? Як бы сказаў незабыўны Дзерсу-Узала: "Шуляк-карагольчык таксама людзі"...

P.S. А вось учора, спяшаючыся на чарговы "ланч", не упісаўся небарака ў віраж - з разгону бразнуўся ў шыбу. Але нічога, паляжаў крыху, потым на парэнчах пасядзеў і паляцеў сабе, пэўна стратэгію палявання абдумваць і тактыку карэктаваць...

 

Каментары

 Дзякуй, Дзіма, з крыху падрэдагаваным тэкстам вырашыў дэбютаваць на сайце па парадзе АВ. Буду назіраць далей, глядзіш, і здымкі з'явяцца.

Дарэчы, да тэмы маразоў - у офісе АПБ фурор: учора прынеслі ў каробачцы ЗЛЁТКА вушастай савы (у яго лапка пашкоджана). Вось і прыкіньце калі птушка наседжвала, калі і чым карміла...

Сяргей, зайдзі пад табліцу з Вясновымі назіраньнямі (банэр на яе з самага верху) і пачытай абмеркаваньне гэтага выпадку. На мой погляд, замала дадзеных, каб лічыць гэта птушанё дзікім.

Ананім (госць) - 09.03.2012 - 00:01

In reply to by Harrier

Можа і так, толькі ў Мінску пра такіх аматараў я нічога не чуў, усе ж яны з большага вядомыя. Але ўсё ж цяжка паверыць, што птушка ўхітрылася выкарміць малых у той час, калі дарослыя совы замярзалі з голаду.

Скажыце, Вы, можа, яшчэ і штучнымі гняздоўямі птушкам дапамагаеце? Калі так, падзяліцеся досведам.

Наведвальнікі сайта, звярніце, калі ласка, увагу на форум. На нашым сайце ён нейкі "замарожаны". Гэта агульнае ўражанне.