Мора Сялец

16.08.2009 - 10:28 | Kiolk

     Упершыню на Сялец я патрапіў падчас улікаў вяртлявай чаротаўкі (Acrocephalus paludicola) на балоце “Спораўскае”. Тады мы завіталі на яго на некалькі хвілін, але гэтых хвілін хапіла, каб “закахацца” ў гэтыю мясціну, таму вяртаючыся з летніка ў Тураве, я вырашыў бліжэй пазнаёміцца з гэтай мясцінай.

     Спынам дабраўся амаль да Бярозы, высадзілі каля ўказальніка Рыбгас “Сялец” 6 км. Рух быў слабы, таму я вырашыў прайсціся пешшу, але калі я праз гадзіну дайшоў, я зразумеў, што 6 км гэта толькі да першых сажалак рыбгаса, а ні як не да водасховішча, таму прыйшлося працягнуць свой шпацыр. Цікава тое, што водасховішчам лічыцца не толькі самая вялікае “возера”, але і сістэма сажалак рыбгаса. Вакол усіх сажалак рыбгаса зроблены абвадны канал, як “натуральная” агароджа рыбгаса, на якой можна сустрэць шмат рыбакоў. Як высветлілася, спыніць машыну можна і на вясковай дарозе, што ідзе ўздоўж сажалак, і не прыйшлося ісці яшчэ 5 км, каб дабрацца да сажалак. Па дарозе сустрэліся 2 чорных бусла, шэрыя і белыя чаплі, бакланы, чайкі.

    Вось і само вадасховішча. У гэты дзень быў даволі моцны вецер і было падобна, што стаіш на ўзбярэжжы Балтыкі: пясок, хвалі набягаючыя на яго, пранізлівы вецер і сонца, адно што бруштыну ў водрасцях не хапае. Хоць і была пятніца, але людзей было мала, толькі невялічкая група аматарў дошак з ветразямі і некалькі рыбакоў. Першым каго я пабачыў, гэта была група рачыных і малых крычак, якая сядзела на невялічкім востраве каля берага. Каго тут багата, дык гэта чаек, цэлыя вастравы заняты імі дзесці ў далечыні, што ад іх падаюцца белымі. Па краю вады весела бегаюць белыя пліскі і гучна з месца на месца пералятаюць кулікі-перавозчыкі.

    Напэўна, адной з асаблівасцей вадасховішча з’яўляецца тое, што глыбіня павялічваецца павольна, а месцамі нават не змяняецца на даволі значных адлегласцях, таму ў нізкую ваду, на вадасховішчы ўтвараецца сістэма кос і водмяляў, якая пераважна сканцатравана каля дамбы і на паўночна-ўсходнім беразе. Гэтыя косы прыдатныя месцы для птушак, таму я хацеў паглядзець на іх у першую чаргу. І вось, на адной з такіх водмеляў я пабачыў групу кулякоў-чарнякоў (15) з кулікамі-цякунамі (10), трошкі далей адпачывалі кнігаўкі (50), качкі і чайкі. Кажуць, што падчас восеньскай міграцыі, тут можна сустрэць стаі вялікіх кіркуноў болей за 100 птушак, але мне яны не патрапіліся. Магчыма, яны трымаюцца трошкі далей, але за адсутнасці часу, паглядзець што знаходзіцца паўночней не атрымалася.

    Сялец – мясціна вельмі прыгожая і своеасаблівая, вельмі цікавая для назірання за птушкамі, а калі яшчэ атрымаць дазвол на вандроўку па рыбгасу, дык можна цэлы дзень патраціць на назіранні за птушкамі, так усё і не пабачыць.

    Раю і запрашаю.

 

Фотаздымкі

Каментары