Улады Шры Ланкі змагаюцца са знішчэннем рэдкіх птушак, знішчаючы кантрабанду

На гэтым тыдні прадстаўнікі шрыланкійскай мытні публічна знішчылі 45 кг канфіскаваных раней гнёздаў рэдкіх птушак, якія накіроўвалі кантрабандай у Кітай для прыгатавання дэлікатэсных страваў. Агульны кошт спаленых ядомых гнёздаў на чорным рынку – каля паўмільёна даляраў!

Гнёзды былі канфіскаваныя галоўным чынам з багажу пасажыраў мясцовага аэраппорту і паштовых пасылак за апошнія чатыры гады. “Мы знішчылі гэтыя гнёзды, каб прадэманстраваць нашу адданасць ахове пагражаемых відаў” – сказаў прэс-аташэ мытні Dharmasena Kahandawa. “Чорнарынкавы кошт сягае нават да 10 тысяч US$ за кілаграм гнёздаў, але для нас гэта найперш кантрабанда”.

Дадаткова ў пячах мясцовага крэматорыя былі спаленыя 40 кг пёраў экзатычных птушак і іншых частак жывёл, якія прымяняюцца ў т.зв. “кітайскай медыцыне” і былі канфіскаваныя на мытні.

Гнёзды свіргулёў-саланганаў, якія яны лепяць з уласнай сліны – галоўны інгрыдыент спецыяльнага супу, які лічыцца сапраўдным дэлікатэсам у Кітае і іншых краінах Азіі. Аднак зрыванне, пасяданне або экспарт гнёздаў і саміх птушак забаронена ў Шры Ланцы. Акрамя дэлікатэснай ежы, кампаненты гнёздаў лічацца дапамагаючымі ад розных хвароб: ад астмы да прыпынення старэння. Ядомыя гнёзды свіргулёў застаюцца самай дарагой “ежай” у Свеце, з-за чаго церпяць найперш іх будаўнікі і карыстальнікі – птушкі.

У студзені мясцовая мытня дэманстратыўна знішчыла яшчэ больш каштоўны на чорным рынку аб’ём кантрабанды – больш за 350 біўняў сланоў агульнай вагой пад 1,5 тоны. Тады ж афіцыйныя прадстаўнікі мытні заявілі пра працяг актыўнай барацьбы з кантрабандай прадстаўнікамі жывёльнага і расліннага свету і іх частак.

Паводле www.scmp.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

Кітайцы з'елі амаль усіх стрынатак-дуброўнікаў

Кіпрыёты “запрацоўваюць” мільёны эўра, забіваючы мігрыруючых птушак

Менш нагоды да вычварэнстваў у рэстаранах

Як французскія гурманы з’ядаюць нашых рэдкіх птушак + VIDEO

Забойства птушак на Кіпры перарасло ў сапраўдны крызіс