Неадназначныя адносіны паміж жабкамі-інтрадуцэнтамі і мясцовымі птушкамі на Гаваях

Выпадкова выпушчаныя ў 1980-я гады пуэртарыканскія жабкі цяпер настолькі павялічылі сваю колькасць на Гавайскіх астравах, што мясцовыя навукоўцы вырашылі праверыць іх уздзеянне на мясцовыя віды птушак. Аказалася, што чужародныя для архіпелага жабкі не толькі не змяншаюць колькасць абарыгенных відаў птушак, але і не ўздзейнічаюць на яе наўпрост.

Жабкі з роду Eleutherodactylus сёння могуць у некаторых месцах сустракацца са шчыльнасцю нават 90 тысяч асобін на адзін гектар паверхні на Гаваях. Гіпотэза арнітолагаў была ў тым, што насякомаедныя амфібіі будуць значна змяншаць колькасць даступных мясцовым насякомаедным птушкам іх асноўнай ежы. Аднак атрыманыя вынікі здзівілі даследчыкаў.

Каманда навукоўцаў пад кіраўніцтвам Робін Сміф (Robyn Smith) з універсітэту штата Юта ў 15 месцах на галоўным востраве Гаваі правяла ўлікі жабак. Адначасова даследчыкі рабілі ўлікі у тых жа месцах птушак. З дваццаці адзначаных там відаў, толькі пяць былі абарыгеннымі. І гэтыя пяць відаў не паказалі меншую шчыльнасцть там, дзе была высокая жабак. Аднак шчыльнасць інтрадукаваных відаў птушак значна адрознівалася: там, дзе жабак было многа, было шмат і гэтых птушак – 97 асобін на га, а там, дзе жабак не было, птушак было ў сярэднім амаль у два разы менш – “толькі” 57 асобін на га.

Жабкі-інтрадуцэнты ядуць у асноўным насякомых, якія жывуць у ападзе лістоў, тады як абарыгенныя віды птушак шукаюць сабе ежу ў кронах дрэваў і сярод галін, таму, хутчэй за ўсё і не ўступаюць у прамую канкурэнцыю. Інтрадукаваныя на Гаваі птушкі маюць ад жабак як непасрэдную карысць – бо могуць з’ядаць маладых і дарослых амфібій, так і апасрэдаваную – бо з-за вялікай колькасці памёту і здохлых жабак павялічваецца колькасць мух, якія гэтым харчуюцца.

“Я быў вельмі здзіўлены атрыманымі намі вынікамі па птушках. Пацвердзілася, што драпежніцтва больш важнае ўздзеянне інвазійных інтрадуцэнтаў на экасістэму, чым канкурэнцыя. Аднак мы гэтага не чакалі” – сказаў К. Бэард, адзін з сааўтараў работы.

“Карэляцыя паміж шчыльнасцямі чужародных відаў птушак і жабак на Гаваях вельмі цікавая” – сказаў Аарон Шылс (Aaron Shiels), эксперт па інвазійных відах на астравах. “Больш таго, надзвычай цікава было б эксперыментальна праверыць якія менавіта фактары адказваюць за знойдзеную карэляцыю”.

Крыніца:

Smith, R L, Beard, K H, and Koons, D N. 2017. Invasive coqui frogs are associated with greater abundances of nonnative birds in Hawaii, USA. The Condor 120: DOI: 10.1650/CONDOR-17-109.1.

 

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.tripsavvy.com

 

 

На гэтую тэму:

ЗАБАРОНА НА ЎВОЗ ДЗІКІХ ПТУШАК У ЕЗ АМАЛЬ ЗНІШЧЫЛА “БІЗНЭС” ПА ІХ ПРОДАЖЫ

ПАПУГАІ-ІНТРАДУЦЭНТЫ ДАКАЗАНА ШКОДЗЯЦЬ МЯСЦОВЫМ ВІДАМ ПТУШАК

Папугай-інтрадуцэнт хутка павялічвае сваю колькасць у Еўропе

“Жалезная заслона” хоць у нечым аказалася карыснай

Спіс самых небяспечных для Еўропы відаў-інтрадуцэнтаў павялічаны на 12 відаў, сярод іх – нільская гусь

СМОГУТ ЛИ ПОПУГАИ ОСВОИТЬ ПРИРОДУ БЕЛАРУСИ?

Папугаі ў нямецкіх гарадзкіх “джунглях”