Ці гнездаванне насякомаедных птушак усё яшчэ сінхранізаванае з пікам біямасы вусеняў?

пярэстая валасяніца

Павелічэнне тэмпературы паветра, якое звязваюць з глабальным пацяпленнем клімату, можа парушаць тонкія ўзаемасувязі ўнутры экасістэм. Адной з патэнцыйных прычын гэтага можа быць разсінхранізацыя ўзаемазвязаных цыклаў прадуцэнтаў і кансументаў рознага парадку. На прыкладзе насякомаедных птушак і іх галоўных ахвяр можа атрымацца так, што лісце раслін пачынае распускацца раней, вусені таксама пачынаюць вылупляцца раней каб дастасавацца да жыццёвaга цыклу сваіх кармавых відаў, а вось птушкі, якія гэтымі вусенямі харчуюцца, будуць адкладваць яйкі і мець птушанят у тыя ж тэрміны, што і раней. Гэта гіпатэтычная сытуацыя нават атрымала адмысловую назву – “феналагічнае несупадзенне” (phenological mismatch). 


Каб праверыць ці існуе з-за змены клімату феналагічнае несупадзенне ў галоўных спажывальнікаў вусеняў – вялікіх (Parus major) і сініх (Cyanistes caeruleus) сініц, а таксама пярэстых валасяніц (Ficedula hypoleuca), брытанскія навукоўцы прааналізавалі дадзеныя з прыкладна 10 тысяч феналагічных назіранняў па датах з’яўлення лісця на дубах за 1998-2016 гг, дадзеныя па біямасе вусеняў, якія харчуюцца на дубах (за 2008-16 гг), а таксама дадзеныя па датах адкладкі першага яйка для прыкладна 85 тысяч гнёзд трох вышэй пералічаных відаў птушак. 


Атрымалася, што для сярэдняй геаграфічнай шырыні (52.63°N) і году, існуе інтэрвал у 27,6 дня з часу з’яўлення першых лісцікаў на дубах і пікам біямасы вусеняў на іх. Калі ж прасоўвацца далей на поўнач, то інтэрвал памяншаецца – на шырыні 56°N ён складае 22 дні. У сярэднім, на любой даступнай паводле сабраных на Брытанскіх астравах дадзеных шырыні і ў любы год даты адкладкі першых яек абодвума відамі сініц адбываліся як раз за месяц да даты піка біямасы вусеняў на дубах. Гэта значыць, што пік запатрабавання ў вусенях галодных птушанят гэтых відаў адбываўся хутка пасля фактычнага наступлення піку ў біямасе вусеняў.


Аднак у пярэстых валасяніц дата пачатку кладак наступае на два тыдні пазней, і вылупленне птушанят таксама не супадае з пікам біямассы вусеняў на дубах. Але пагрозы поспеху гнездавання валасяніц гэта не нясе, таму што від у Вялікабрытаніі менш звязаны з вусенямі, і больш – з крылатымі насякомымі ў параўнанні з сініцамі. Валасяніцы менш залежаць ад цыкла размнажэння матылёў, вусені якіх харчуюцца лісцем дуба.

Калі ж параўнаць змены ў даце адкладкі першага яйка ў большасці сініц паміж рознымі гадамі, то яны былі меншыя, чым падобныя адрозненні ў датах пікаў біямасы вусеняў. Так, калі пік біямасы вусеняў адбываўся на 10 дзён раней сярэдняй даты, то сярэдняя дата адкладкі першага яйка адбывалася раней на 5,0 дня ў сініх, 5,3 дня ў вялікіх сініц і 3,4 дня раней ў пярэстых валасяніц. У познія вёсны, птушкі трох відаў адкладвалі першыя яйкі бліжэй даты, неабходнай для супадзення адпаведнага вылуплення птушанят піку біямасы вусеняў.  Але для валасяніц яны ўсё роўна былі трошкі пазнейшымі ў параўнанні з сініцамі. Адпаведна ў цёплыя і ранейшыя вёсны інтэрвал паміж сярэдняй датай вылуплення птушанят ва ўсіх трох відаў і пікам іх асноўнай ежы- вусеняў – павялічваўся. Цяплейшае надвор’е таксама скарачала працягласць піку біямасы вусеняў на дубах.

 
Адной з галоўных высноваў гэтай вялікай работы можна лічыць тое, што ў сярэдні год знойдзена толькі невялікая варыяцыя паміж рознымі шыротамі ў феналагічным несупадзенні паміж цыкламі жыцця вусеняў і размнажэння птушак. Таму розныя папуляцыйныя трэнды для даследаваных і блізкіх да іх відаў птушак, знойдзеныя для розных частак Вялікабрытаніі, не могуць быць звязаныя з феналагічнымі несупадзеннямі паміж птушкамі і іх асноўнымі ахвярамі.
 
Крыніца:
Burgess, M D, Smith, K W, Evans, K L, et al. 2018. Tritrophic phenological match-mismatch in space and time. Nature Ecology & Evolution, doi:10.1038/s41559-018-0543-1.


Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак самца пярэстай валасяніцы - Алы Эрдман


На гэтую тэму:

За мінулае стагоддзе птушкі Каліфорніі пачалі гнездаваць на тыдзень раней

СТРАТА АДНАГО З БАЦЬКОЎ АМАЛЬ НЕ ЗАСТАЎЛЯЕ ШАНЦАЎ ВЫЖЫЦЬ ПТУШАНЯТАМ СІНІЦ

Спякотнае лета “забяспечвае” меншых памерамі птушак

Чаму арктычныя кулікі апынуліся ў рэальных клопатах з-за пацяплення клімата

Крычкі-чэгравы ўпершыню загнездавалі на Алясцы ў выніку глабальнага пацяплення?