Каты ў Польшчы забіваюць штогод больш 100 мільёнаў дзікіх птушак

Напэўна, мы маглі спадзявацца, што раней ці пазней падобны артыкул па выніках даследаванняў, але не з далёкіх і малападобных да нас Аўстраліі, ЗША ці Канады, будзе апублікаваны. Цяпер Польшча “мае права” далучыцца да краін, у якіх даказана, што каты, якім людзі дазаляюць “гуляць самім па сабе” з’яўляюцца галоўнай антрапагеннай прычынай смяротнасці і дзікіх звяроў, і дзікіх птушак дробных і сярэдніх памераў.

Паводле каманды польскіх навукоўцаў, якія прадстаўляюць Варшаўскі ўніверсітэт прыродных навук (Warsaw University of Life Sciences), Даследчы інстытут леса (Forest Research Institute), а таксама Інстытут аховы прыроды і Інстытут даследаванняў млекакормячых Польскай Акадэміі навук (Institute of Nature Conservation & Mammal Research Institute of Polish Academy of Sciences), на кожнае з прыкладна 2,9 мільёнаў сельскіх гаспадарстваў Польшчы прыходзіцца ў сярэднім 0,84 каты. У большасці выпадкаў каты гэтыя трактуюцца гаспадарамі як “мышаловы” – г.зн., што іх кормяць рэшткамі ежы са свайго стала, і людзі лічаць што няма нічога кепскага ў тым, што такі кот знойдзе сабе “мясны дадатак” самастойна ў наваколлі. Часам такі кот прыносіць сваю здабычу на падворак – у сярэднім гэта 3 птушкі і 16 звяркоў за год. Здавалася б, гэта не так і шмат. Але аказалася, што ловяць і з’ядаюць нашы коцікі насамрэч нашмат больш – прыкладна ў 15 разоў! І калі адпаведна экстрапаліраваць гэтыя дадзеныя на ўсіх коцікаў  з сельскай мясцовасці, то атрымліваюцца страшныя лічбы:

Па віне нядбайных гаспадароў, якія дазваляюць сваім катам вольна гуляць па-за домам, іх пітомцы забіваюць штогод не менш 135 мільёнаў дзікіх птушак і не менш 580 мільёнаў дзікіх звяроў!

Што тычыцца птушак, то хутчэй за ўсё гэта птушаняты або маладыя птушкі - іх лягчэй злавіць. Але калі мы ўспомнім, што агульная колькасць усіх польскіх дзікіх птушак – гэта каля 100 мільёнаў пар, то кожная пара ў сярэднім страчвае мінімум адно сваё птушаня з-за палявання катоў. Гэта, канешне, не адносіцца да белага і чорнага буслоў ці арлана-белахвоста, але прыкладна 95% польскіх відаў птушак маюць памеры дразда і меншыя.

І не ёсць так, што “гэтак было заўсёды” і таму не варта пра гэта хвалявацца. Справа ў тым, што колькасць катоў у Польшчы павялічылася ў два разы паміж 1970 і 1990 гг. А колькасць птушак сельскагаспадарчых краявідаў з 2000 г. зменшылася на 20% і хуткасць іх знікнення застаецца такой самай штогод – у сярэднім – 0,6%.

Таму трымаючы ката ў кватэры або ў хаце, вы не толькі павялічваеце працягласць яго жыцця, але і ратуеце ад безсэнсоўнай смерці сотні бяскрыўдных дзікіх жывёл штогод.

 

Крыніца:

Dagny Krauze-Gryz, Jakub Gryz, Michał Żmihorski (2018) Cats kill millions of vertebrates in Polish farmland annually. Global Ecology and Conservation  Available online 25 December 2018, https://doi.org/10.1016/j.gecco.2018.e00516

 

Паводле www.sciencedirect.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.npr.org

 

 

На гэтую тэму:

Бадзяжныя каты – адна з найбольшых пагроз сусветнай біяразнастайнасці

Трэба ахоўваць птушак ад … катоў

Аўстралійцы нарэшце ачысцяць краіну ад інтрадукаваных звяроў?

 

Ніжэй пераклад арыгінальнага артыкула са значна скарочанай часткай пра статыстычны аналіз дадзеных і без спіса літаратуры – іх можна знайсці па спасылцы ніжэй.

 

Dagny Krauze-Gryz, Jakub Gryz, Michał Żmihorski (2018) Cats kill millions of vertebrates in Polish farmland annually. Global Ecology and Conservation  Available online 25 December 2018, https://doi.org/10.1016/j.gecco.2018.e00516

 

Падсумаванне

У сельскай мясцовасці ў Цэнтральнай Польшчы было праведзена даследаванне каб ацаніць ролю драпежніцтва свойскіх катоў, якія могуць вольна выходзіць і вяртацца да гаспадароў. Пад час апытання гаспадароў, збіраліся дадзеныя па колькасці катоў у гаспадарцы, якой ежай іх кормяць і колькасці іх здабыч у прыродзе (камбінацыя дадзеных таго, якую і колькі здабыч яны прыносяць на падворак і якую з’ядаюць). З дапамогай сімуляцыі дадзеных мы атрымалі ацэнку сярэдняга драпежніцтва катоў для “сярэдняга” сельскага гаспадарства. У кожным жыве у сярэднім 0,839 ката, 78,5% з іх людзі пастаянна кормяць рэшткамі ежы са свайго стала. У сярэднім, кожны кот у сельскай мясцовасці прыносіць гаспадарам 16,4 дзікіх звяроў і 3,0 птушкі штогод, аднак з’ядае 198,9 звяроў і 46,3 птушак. Часам атрымліваецца так, што каты з’ядаюць пазней і тую здабычу, якую прынеслі дадому, таму як мінімум часткова гэтыя катэгорыі здабычы могуць перакрывацца паміж сабой. Экстрапаляцыя гэтых дадзеных на ўсе сельскія гаспадарствы Польшчы (якіх налічвалася 2,9 мільёны ў 2002 годзе), дае наступныя лічбы ахвяр катоў: яны прыносяць туды, дзе жывуць і з’ядаюць адпаведна 48,1 мільёна і 583,4 мільны дзікіх звяроў і 8,9 і 135,7 мільёнаў дзікіх птушак штогод! Паводле нашых уражанняў, каты ў сельскай мясцовасці лічацца іх гаспадарамі хутчэй “мышаедамі”, чым хатнімі гадаванцамі і хутчэй не атрымліваюць дастатковую колькасць ежы ад людзей. Адпаведна, яны аказваюць важнае ўздзеянне на навакольную прыроду.

1.Уводзіны.

Ужо сабрана дастаткова дадзеных пра тое, што свойскія каты могуць паляваць на дзікіх хрыбетных жывёл такім чынам, што лакальна значна змяншаюць іх колькасць ці нават цалкам вынішчаюць папуляцыі асобных відаў (гл., напрыклад, Baker et al., 2005; Medina and Nogales, 2009; Bonnaud et al., 2012; Frank et al., 2014). Каты, якія маюць магчымасць хаця б частку часу праводзіць па-за домам (як бадзяжныя, так і свойскія, якіх выпускаюць “пагуляць”), жывуць дзякуючы чалавеку ў большай частцы ландшафтаў па ўсім Свеце (Fitzgerald and Turner, 2000). Дробныя звяры звычайна дамінуюць сярод здабычы катоў (Woods et al., 2003; Tschanz et al., 2010; Krauze-Gryz et al., 2012a, 2017), аднак іх уздзеянне на папуляцыі рэптылій і птушак таксама можа быць важным (Churcher and Lawton, 1987; Lepczyk et al., 2004; Fitzgerald and Turner, 2000; Blancher, 2013; Loyd et al., 2013). У адрозненне ад шматлікіх даследаванняў, зробленых у лакальным маштабе, агульныя ацэнкі ўздзеяння катоў на дзікіх хрыбетных жывёл абмежаваныя толькі некалькімі краінамі. Для Канады ацэнкі кажуць пра 100-360 мільёнаў дзікіх птушак, якіх каты забіваюць там штогод (Blancher, 2013) і 2,4 мільярды птушак і 12,3 мільярда звяроў для ЗША (Loss et al., 2013). Падобныя маштабныя ацэнкі неабходна суадносіць з іншымі прычынамі маштабнай смяротнасці дзікіх хрыбетных, каб паказаць роль менавіта катоў (Loss et al., 2013).

Колькасць ахвяраў катоў у прыродзе ў кантрэтным рэгіёне залежыць ад шчыльнасці катоў і іх “катэгорыі” (напрыклад, бадзяжныя, свойскія, “”мышаеды” у сельскай мясцовасці, выключна хатнія гадаванцы). Зразумела, што ад гэтага залежыць колькасць часу, які каты праводзяць “на вуліцы” і ці яны пад час “прагулак” маюць нейкі нагляд гаспадароў (Liberg et al., 2000). Роля таго, як гаспадары кормяць сваіх катоў у інтэнсіўнасці самастойных паляванняў апошніх застаецца незразумелай (Fitzgerald and Turner, 2000), аднак недастатковая колькасць ежы і яе невысокая якасць могуць прымушаць катоў паляваць у прыродзе (Bradshaw et al., 1999); гэта асабліва праўдзівае дапушчэнне для тых катоў, якія не атрымліваюць ніякай адпаведнай ім ежы ад чалавека. Больш за тое, розныя метады, якія выкарыстоўваліся для таго, каб ацаніць драпежніцтва катоў, далі розныя вынікі з-за іх складаных паляўнічых паводзін (Fitzgerald and Turner, 2000; Krauze-Gryz et al., 2012a; Blancher, 2013), - між іншым, яны могуць прыносіць забітыя імі ахвяры “дадому”, але таксама могуць з’ядаць іх на месцы або кідаць там, дзе злавілі, некратнутымі (Fitzgerald and Turner, 2000; Kays and DeWan, 2004; Loyd et al., 2013).

У нашай рабоце мы ацэньваем узровень драпежніцтва свойскіх катоў, якія могуць вольна выходзіць і вяртацца, на дзікіх звяроў і птушак у сельскай мясцовасці Польшчы. Па першае, мы эмпірычна вызначылі сярэднюю колькасць катоў, якая “прыходзіцца” на сельскую сядзібу. Па-другое, мы выкарысталі атрыманыя намі раней дадзеныя (Krauze-Gryz et al., 2012a, 2017) па складзе здабычы і яе колькасці, каб вылічыць магчымую штогадовую колькасць звяроў і птушак, якую каты здабываюць у сярэднім у кожнай сельскай сядзібе Польшчы. Экстрапаляцыя гэтых лічбаў на усе сельскія гаспадарствы ў Польшчы дала ацэнку драпежніцтва катоў, якія могуць гуляць самастойна. Мы далучаем да гэтага інтэрв’ю з некаторымі гаспадарамі катоў, якія паказваюць, што неадпаведнае кармленне можа быць адказным за высокі ўзровень драпежніцтва катоў у прыродзе.

2.Метады

2.1.Терыторыя даследаванняў

Палявая частка работы была праведзена ў Цэнтральнай Польшчы (больш дэталяў па спасылцы Krauze-Gryz et al., 2017). Тут сельская мясцовасць ўяўляе з сябе мазаіку палеткаў і лясоў, - што тыпова для Польшчы, з перавагай палеткаў. Лясы па плошчы да некалькіх сотняў га акружаныя рознага тыпу пасевамі, пашамі і зямлёй, якая не апрацоўваецца. Палеткі займаюць тут каля 70% тэрыторыі, лясы - пр. 20%. Вёскі (галоўным чынам з адным радам дамоў уздоўж вуліцы) забудаваны сядзібамі з пабудовамі на адлегласці не большай, чым некалькі сотняў метраў адна ад адной. Плошча непасрэдна гаспадаркі звычайна памерам 1-10 га (дадзеныя Central Statistical Office-GUS), і шчыльнасць насельніцтва тут менш, чым 100 чалавек на кв км.

2.2. Збор дадзеных

Каб сабраць дадзеныя па колькасці катоў у вясковых гаспадарках, мы наведалі 326 сядзібаў, якія знаходзіліся ў 6 вёсках і на хутарах у 2002-05 гг. У 311 з іх было праведзенае непасрэднае апытанне гаспадароў, дзе іх пыталі пра колькасць катоў і кошак і, калі яны там былі, якім кормам іх кормяць. Корм адпаведна аб’ядноўвалі ў 2 катэгорыі: адмыслова куплены для катоў (сухі або кансерваваны вільготным) і “іншы” (галоўным чынам, рэшткі са стала чалавека).

Дадзеныя па драпежніцтву катоў у прыродзе былі атрыманы двума метадамі: здабыча, якую яны прыносілі “дадому”, збіралася гаспадарамі 34 катоў з сакавіка 2003 да снежня 2007 гг. Гэтыя людзі жылі ў тых самых вёсках, дзе намі праводзілася апытанне. Усе гэтыя каты маглі вольна выходзіць на паляванне і рабілі гэта рэгулярна. Такім чынам было сабрана 1063 забітых катамі хрыбетных жывёлы (з іх 816 звяроў і 105 птушак).

Другі шлях збору дадзеных па драпежніцтву заключаўся ў аналізе фекалій і рэштак ежы ў страўніках катоў. Фнкаліі збіраліся з верасня па снежань 2007 гг паблізу вясковых будынкаў, дзе жылі тыя ж каты, здабычу якіх збіралі іх гаспадары. Усяго было сабрана 363 адзінкі фекалій, якія былі прааналізаваныя згодна з методыкай, якую прапанаваў Liberg (1982). У іх былі знойдзеныя парэшткі 295 хрыбетных жывёл. Дадаткова аналізаваліся страўнікі катоў, легальна забітых паляўнічымі, або  тых, якія былі збітыя аўтамабілямі на дарогах у межах даследуемай тэрыторыі на працягу чэрвеня 2004 – снежня 2007 гг. У 46 страўніках былі знойдзеныя парэшткі ад 51 звярка і 5 птушак.

Для першага метада (здабычы, якая прыносілася дадому) мы разлічылі для кожнага месяца сярэдні ўзровень драпежніцтва катоў, для гэтага колькасць здабыч, прынесеных імі на працягу месяца да кожнага “дому”, дзялілася на колькасць там катоў. Для з’едзенай здабычы было прынята, што кот “выводзіць” адну фекалію ўдзень (Liberg, 1982; D. Krauze-Gryz, pers. obs.) і што змесціва страўніка ўтрымлівае рэшткі здабычы, з’едзенай за мінулыя 24 гадзіны. Таму сярэдняя колькасць здабыч у адной фекаліі/страўніку пералічвалася як здабыча за дзень.

2.3. Статыстычная апрацоўка дадзеных /перакладзена скарочана - ДзВ/

Мы выкарысталі сімуляцыі, каб ацаніць драпежніцтва катоў на дзікіх звярах і птушках на кожнай сельскай сядзібе. У сімуляцыях як недакладнасць у сярэдняй колькасці катоў, так і ў сярэдняй колькасці ахвяр катоў, здабытых імі ў прыродзе за пэўны прамежак часу прымалася пад увагу. … Маючы адпаведныя апраксімацыі (набліжаныя значэнні) як для колькасці катоў, так і для іх ахвяр, мы ацанілі агульную (pooled) лічбу забітых катамі дзікіх звяроў і птушак за год для сярэдняй вясковай сядзібы. …А потым сімуліравалі гэтыя лічбы на агульную колькасць вясковых гаспадарак у Польшчы. ….

3. Вынікі

Адпаведна з вынікамі апытання, у сярэднім на кожнай вясковай сядзібе трымаюць 0,839 ката (SD=1,16). Катоў зусім не трымалі ў 160 гаспадарствах з апытаных намі, тады як на 30 жыло па 3 і больш (у адным выпадку – 6). Большасць катоў (78.5%) людзі кармілі рэшткамі са свайго стала (бульбай, макаронамі, малаком, хлебам і дп), толькі 21,5% жывёл атрымлівалі спецыяльную ежу для катоў.

Колькасць забітых ахвяр, якіх свойскія каты прыносілі дадому на працягу году, была прыкладна ў 10 разоў меншая ў параўнанні са з’едзенай імі – як для звяроў, так і для птушак (Мал.1). У сярэднім каты прыносілі штогод дадому 16 забітых імі звяроў і 3 птушкі. Аднак аналіз страўнікаў і фекалій сведчыць пра значна большую колькасць з’едзеных ахвяраў: амаль 200 звяроў і 46 птушак на працягу году (Мал. 1).

графікі

 

Мал. 1 Ацэнка драпежніцтва на дзікіх звярах (верхнія крывыя) і птушках (ніжнія крывыя) катоў, якія жывуць ў “сярэднім” вясковым гаспадарстве ў Цэнтральнай Польшчы. Ацэнкі заснаваныя на двух метадах збору дадзеных - падрабязней у тэксце, у раздзеле 2.2. Збор дадзеных.  Зафарбаваныя ўчасткі паказваюць інтэрвал найвышэйшай шчыльнасці  (highest density interval (HDI)), у якім знаходзяцца 95% ацжнак, вертыкальныя пункцірныя лініі – знойдзеныя  сярэднія значэнні.  

 

Экстрапаляцыя атрыманых ацэнак на ўсе вясковыя гаспадаркі Польшчы стварае праблемы з няпэўнасцю і ступенню рэпрэзэнтатыўнасці нашых дадзеных для пазасталай часткі краіны. З іншага боку, гэта дае магчымасць агульна ацаніць маштабы драпежніцтва катоў на вялікай тэрыторыі. Агульная лічба прыватных вясковых гаспадарак у 2002 годзе ў Польшчы была 2.928.578 (Central Statistical Office in Poland). Падсумоўваючы нашы ацэнкі (Мал. 1) і прымаючы іх рэпрэзентатыўнымі для ўсёй сельскай мясцовасці Польшчы, атрымліваецца, што штогод там каты прыносяць дадому 48,1 мільёна дзікіх звяроў (95% CI: 41.2–55.4 мільёны) і 8,9 мільёны дзікіх птушак (95% CI: 6.7–10.9 мільёны). Адпаведная экстрапаляцыя для адразу з’едзеных ахвяраў дае 583.4 мільёны звяроў (95% CI: 505.3–667.0 мільёны) і 135.7 мільёнаў птушак (95% CI: 103.9–171.3 мільёны) штогод.

4. Абмеркаванне

Збор намі дадзеных быў абмежаваны па плошчы, таму экстрапаляцыя дадзеных па агульнаму маштабу драпежніцтва катоў павінна успрымацца з асцярожнасцю. З іншага боку, мы даследавалі тыповую для Польшчы сельскую мясцовасць і нашы ацэнкі колькасці катоў хутчэй кансерватыўныя ў параўнанні з лічбай у 6.100.000 катоў, якую прадстаўляе FEDIAF (2017) для ўсёй Польшчы (дзе гэтыя жывёлы таксама жывуць у гарадах і уключаны ў гэтую лічбу).

Значныя адрозненні ў колькасці штогадовых ахвяр катоў для дадзеных, якія атрыманы двума метадамі, якія мы выкарыстоўвалі, былі чаканыя і таксама адзначаліся ў ранейшых публікацыях на гэтую тэму (Kays and DeWan, 2004; Krauze-Gryz et al., 2012a; Loyd et al., 2013). Іх асноўная прычына ў тым, што каты могуць з’ядаць сваю здабычу замест таго, каб прынесці яе дадому. Тым не менш існуюць абмежаванні для абодвух метадаў, пра якія неабходна памятаць: напрыклад, змесціва фекалій і страўніка можа ўключаць як рэшткі здабычы ката, так і знойдзенай ім падалі, таму колькасць сапраўды забітай катамі здабычы можа быць меншай. Таксама мы прынялі, што рэшткі здабычы ў фекаліях і страўніку паходзяць ад здабычы, з’едзенай за апошнія суткі. Патэнцыйна рэшткі ад адной здабычы могуць быць знойдзеныя і падлічаныя асобна ў розных фекаліях, таму лічба здабычы з’едзенай насамрэч таксама можа быць меншай (Krauze-Gryz et al., 2012a).

Наша даследаванне паказала, што маштабы драпежніцтва катоў у сельскай мясцовасці Польшчы не могуць быць ігнараваныя і каты аказваюць патэнцыйна значны ўплыў на папуляцыі сваіх ахвяраў у сельскай мясцовасці. Гэта асабліва зразумела ў выпадку птушак. У Польшчы агулам гняздуюць прыкладна 94 мільёны пар розных відаў птушак (84-106 мільёнаў, Chodkiewicz et al., 2015). Такім чынам, каты ў сельскай мясцовасці забіваюць значную іх частку. Аднак драпежніцтва катоў на птушак носіць выразна сезонны характар і большасць птушак здабываецца катамі вясной з пікам у чэрвені, мінімум – позняй восенню (у лістападзе) (гл. Krauze-Gryz et al., 2017). Пік здабычы птушак катамі адлюстроўвае забойства птушанят (гл., напрыклад, Churcher and Lawton, 1987Baker et al., 2005van Heezik et al., 2010) і можа абмяжоўваць прадуктыўнасць размнажэння птушак. Звяры, галоўным чынам грызуны, здабываюцца катамі найчасцей увосень (Krauze-Gryz et al., 2017), што адлюстроўвае іх сезонны пік колькасці.

Калі прыняць да ўвагі агульны трэнд для птушак сельскай мясцовасці – змяншэнне іх колькасці (Farmland Bird Index зменшыўся на 20% з 2000 году, тэмп змяншэння - 0.6% штогод (Chylarecki et al., 2018), атрыманыя лічбы павінны моцна непакоіць. Звычайныя і шырокараспаўсюджаныя віды птушак, якія жывуць найбліжэй людзкіх пасяленняў (або ў іх), павінны найчасцей здабывацца катамі: гэта, між іншым, дамовы Passer domesticus і палявы верабей P. montanus або звычайны шпак Sturnus vulgaris (Woods et al., 2003; Krauze, 2008). Так атрымліваецца, што гэтыя віды змяншаюць сваю колькасць – напрыклад, польская папуляцыя дамовага вераб’я значна зменшылася ў апошнія гады (Węgrzynowicz, 2017), і, напрыклад, у Вялікабрытаніі каты адказныя за як мін 30% смяротнасці вераб’ёў (Churcher and Lawton, 1987). Канешне, розныя віды птушак па-рознаму церпяць ад драпежніцтва катоў. Напрыклад, наземнагняздуючыя віды, такія як жоўтая пліска (Motacilla flava), палявы жаўрук (Alauda arvensis), лугавы ерчык (Saxicola rubetra) асабліва падвержаныя небяспецы – магчыма таму птушкі гэтых відаў і не сустракаюцца паблізу вёсак (Rosin et al., 2016; Šálek et al., 2018), дзе паляўнічая актыўнасць катоў найвышэйшая (Krauze-Gryz et al., 2012b). Больш таго, каты могуць аказваць негатыўнае нелетальнае ўздзеянне на прадуктыўнасць размнажэння птушак (Beckerman et al., 2007) або ўздзейнічаць на змяншэнне прыносу ежы бацькамі птушанятам (Bonnington et al., 2013).

У краінах Усходняй Еўропы, дзе біяразнастайнасць на вясковых тэрыторыях параўнальна добра захавалася (Tryjanowski et al., 2011), каты асабліва шматлікія і найбольшая прапорцыя катоў у хатніх гаспадарках адзначана ў Румыніі (у 47%), Латвіі (у 38%) і Венгрыі (у 34%, FEDIAF, 2017). Таму драпежніцтва катоў у дзікай прыродзе асабліва  вялікая праблема ў гэтым рэгіёне. Распрацаваны спіс мераў, якія могуць абмежаваць падобнае шкоднае ўздзеянне (агляд тэмы ў Calver et al., 2011), але іх прымяненне патрабуе узаемадзеяння і супрацы з уладальнікамі катоў. На жаль, яны часта адмаўляюца разумець шкодны эфект сваіх пітомцаў на прыроду (McDonald et al., 2015). Наша даследаванне паказала, што ў вясковых гаспадарках Польшчы людзі мала ўвагі звяртаюць на добрае жыццё сваіх гадаванцаў (між іншым, яны вельмі слаба іх кормяць) і каты хутчэй лічацца там “мышаловамі”, чым хатнімі пітомцамі. Кампаніі па неабходнасці стэрылізацыі катоў і неабходнасці іх трымання ў хаце - каб такім чынам прадоўжыць іх жыццё - хутчэй не будуць работаць. Таму павінны быць выкарыстаныя заканадаўчыя меры, якія б павялічылі адказнасць уладальнікаў катоў за іх адпавежнае ўтрыманне.