Новакаледонскія крумкачы ізноў пацвердзілі сваё “рэнамэ” самых разумных птушак

Каманда навукоўцаў, якія прадстаўляюць універсітэт Оклэнда (Новая Зеландыя), універсітэт Кэмбрыджа (Вялікабрытанія), універсітэт Bertha von Suttner і інстытут Max’а Planck’а (Германія) знайшла доказы, што новакаледонскія крумкачы (Corvus moneduloides) дзякуючы назіраннямі за прадметамі на вятру, могуць прыкладна вызначыць іх вагу.

Мы, людзі, успрымаем гэта як натуральную рэч. Але дагэтуль іншыя віды не былі заўважаныя падобнымі паводзінамі. Каб праверыць, ці маюць падобныя здольнасці менавіта крумкачы з Новай Каледоніі, добра вядомыя сваімі высокімі інтэлектуальнымі здольнасцямі, даследчыкі адлавілі 12 дзікіх птушак і змясцілі ў авіарый.

Там птушак вучылі атрымліваць узнагароду за правільны выбар з двух прадметаў: палова групы атрымлівала яе калі птушкі выбіралі лягчэйшы з двух прадметаў, а другая палова наадварот – калі выбірала цяжэйшы з двух.

Пасля гэтага даследчыкі падвешвалі тыя ж самыя прадметы невысока над зямлёй і імітавалі вецер. Лёгкія прадметы падымаліся і адхіляліся ад вертыкалі, а цяжкія заставаліся нерухомымі. Птушкі спачатку назіралі за гэтым, пасля ж па адной – каб яны не маглі вучыцца ад іншых - змяшчалі ў месца правядзення доследаў. І тут адбылося тое самае – яны павінны былі выбраць лягчэйшы або цяжэйшы прадмет пасля дэманстрацыі яго “паводзін” на вятру, каб атрымаць узнагароду.

У 73% выпадкаў, крумкачы правільна выбіралі прадмет патрэбнай цяжкасці без папярэдняй спробы ўзважыць яго, схапіўшы дзюбай ці лапай. Гэта нашмат больш, чым калі б птушкі рабілі гэта выпадковым чынам. Таму навукоўцы зрабілі выснову, што птушкі правільна вырашалі задачу пра вагу, назіраючы за прадметамі на вятру.

Крыніца:

New Caledonian crows infer the weight of objects from observing their movements in a breeze,Proceedings of the Royal Society B (2019). royalsocietypublishing.org/doi … .1098/rspb.2018.2332

Паводле www.phys.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Самыя разумныя птушкі яшчэ раз пацвердзілі сваю рэпутацыю

Новакаледонскія крумкачы зноў здзівілі навукоўцаў

Як дзеці: новакаледонскія крумкачы і папугаі кеа вучацца, гуляючы

Новакаледонскія крумкачы могуць выкарыстоўваць тры прылады за адзін раз!

Гавайскія вароны далучыліся да інтэлектуальнай эліты птушак + VIDEO

Шэрыя вароны аказаліся не глупейшымі за чалавека