Запрашаем на Фестываль кулікоў у Тураў

У апошнія суботу-нядзелю мая, 25-26.05.2019, АПБ ладзіць VIII Фестываль кулікоў у старажытным Тураве, што на Гомельшчыне. У праграме – чэмпіянат па фотабёрдынгу, бёрдвочынг, канцэрты і шмат іншага ў чым варта прыняць удзел.

Фестываль праводзіцца побач з унікальнай прыроднай тэрыторыяй – востравам Тураўскае балонне, якое мае статус ТВП (тэрыторыі, важнай для птушак) міжнароднай значнасці, і з 2008 года абвешчана біялагічным заказнікам. Гэта адно з самых важных месцаў для гнездавання і адпачынку водна-балотных птушак падчас вясновых міграцый у Еўропе. Побач працуе першая ў Беларусі Станцыя кальцавання птушак.

Удзел у фестывалі бясплатны.

 

Што запланавана ў праграме?

З пятніцы па нядзелю на беразе Прыпяці будзе адкрыты кемпінг. Можна ўзяць намёт і спальнік, каб начаваць на ўлонні прыроды.

У абодва дні Фестываля кулікоў пройдуць экскурсіі па горадзе і на Станцыю кальцавання птушак, назіранні за птушкамі балоння з арнітолагамі, будзе працаваць фотазона, можна будзе ўдзельнічаць у цікавых спаборніцтвах.

Раніцай у суботу 25 траўня пройдзе чэмпіянат па фотабёрдынгу (хто здыме больш відаў за абмежаваны час). Рыхтуйце фотаапараты з добрым зумам!

Таксама ў гэты дзень вас чакаюць практычная лекцыя ад Цэнтра экалагічных рашэнняў пра асобны збор смецця, запуск паветраных змеяў на Замкавай гары, выступ ля вогнішча на беразе Прыпяці выдатнай паэткі Насты Кудасавай, а таксама Спеўны сход з Сяржуком Доўгушавым.

 

У нядзелю 26 траўня дадаткова адбудуцца фотавыставы “Стары Тураў”, “Палессе ў міжваенны час” С. Хохмана і “Прырода беларускі / She is nature” ад Цэнтра экалагічных рашэнняў ды праекта “Вэтландс”, які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і выконваецца Праграмай развіцця ААН сумесна з Мінпрыроды Беларусі. У нядзелю для гасцей будзе арганізаваны продаж сувеніраў, будуць праходзіць майстар-класы па вырабу гліняных кулікоў-свісцёлак і кулічкоў з паперы ды воўны, а таксама птушыных прынтоў на торбах. У праграме дня — выступы гуртоў, уключаючы AKUTE і “РЭХА”.

Спампаваць праграму фестываля

 

Сачыце за абнаўленнямі і падрабязнасцямі праграмы фестывалю на Фэйсбуку ці УКантакце!

Запрашаем бацькоў з дзеткамі, турыстаў, аматараў прыроды і актыўнага адпачынку на наш Фестываль!

Больш дэталяў па тэлефоне +375 296 73-40-36 (Таццяна Яворская).