У Беларусі і суседніх краінах – інвазія (не)звычайных пералётных матылёў

Кожны з нас памятае са школы і можа назваць як мінімум некалькі пералётных відаў птушак. Нагадаем, гэта тыя, хто зімуе ў іншым кліматычным поясе, чым гняздуе. Для гэтага многім відам прыходзіцца штогод ляцець тысячы кіламетраў, каб апынуцца ў краінах Міжземнамор’я, у Афрыцы, а невялікая колькасць відаў мігрыруе нават у Індыю. Але калі спытаць пра віды насякомых, якія штогод здзяйсняюць падобныя вандроўкі, мала хто без здзіўлення перапытае: “А гэта ўвогуле магчыма?” І вось сёлета з канца мая кожны з нас можа на свае вочы паглядзець адзін з такіх відаў насякомых – гэта матыль дзядоўніца (Vanessa cardui).

https://youtu.be/07Y-QnsdugU

На мінулым тыдні іх раптам стала шмат – і на розных “гарадзкіх” кветках, і па-за нашымі паселішчамі. Апошні падобны масавы налёт назіраўся 10 год таму – у 2009 годзе. На шчасце, і ў іншыя гады дзядоўніца не з’яўляецца выключна рэдкім відам матылёў. Не ёсць яна таксама ні самым вялікім прадстаўніком атраду Lepidoptera ў нас, ні самым прыгожым. Аднак ёсць у гэтага віда іншыя асаблівасці, якія дапамаглі стаць амаль касмапалітычным відам – не сустракаюцца яны толькі на Антарктыдзе і ў Паўднёвай Амерыцы. А ўсё таму, што – як гэта не дзіўна прагучыць – некаторыя з матылёў могуць і пралятаюць за год нават больш 12 тысяч кіламетраў!

Найдалей на поўнач дзядоўніцы былі адзначаныя на нарвежскім востраве Svalbard, - г.зн. далёка за Палярным колам, а зімаваць гэтыя ж матылі могуць у зоне Сахель, на поўдзень ад Сахары. Падобныя вандроўкі характэрныя для птушак, але матылі?

Цікава, што пра штогадовыя міграцыі гэтага віду сталі здагадвацца не так даўно – якіх небудзь 50 гадоў таму, у 1970-я гг. Аднак неаспрэчныя факты на карысць гэтага з’явіліся яшчэ пазней.

Дзядоўніцы мігрыруюць вельмі высока – нават на вышыні ў 2500-3000 метраў, таму, зразумела, адзначыць іх пад час пералётаў на свае вочы вельмі цяжка. Матылі проста раптоўна з’яўляюцца на нейкай тэрыторыі, а потым такім жа чынам знікаюць. Разам з паветранымі масамі, яны перамяшчаюцца ў Афрыцы за мусонамі і на зімоўцы з’яўляюцца як раз тады, калі на дадзенай тэрыторыі найбольш буяе расліннасць. Росквіт вегетацыі раслін патрэбны не столькі дарослым матылям, як спатрэбіцца іх вусеням. Не да канца зразумела, што адбываецца з дарослымі (імаго) дзядоўніцамі ў зоне Сахеля, калі там наступае сухі сезон (паміж снежнем і лютым) і мясцовая зялёная расліннасць практычна знікае.

Апошнія даследаванні кажуць пра тое, што наступнае пакаленне матылёў пералятае яшчэ далей на поўдзень, у афрыканскія тропікі і нават на экватар! У красавіку матылі ляцяць на поўнач на Сахарай і там робяць прыпынак у паўночнай Афрыцы – менавіта там прыходзіць на Свет новае пакаленне. А ўжо яно ляціць яшчэ далей на поўнач, у Еўропу і ў нашых шыротах з’яўляецца ў другой палове мая – чэрвені.

матылі

Менавіта гэтых матылёў, з пашкоджанымі крыльцамі і выблеклых ад далёкага падарожжа, і назіраем мы цяпер у нас. Яны набіраюцца сілаў, каб даць пачатак летняму пакалённю дзядоўніц, якое ператворыцца ў матылёў у ліпені. На прыканцы жніўня ці ў верасні (а часам нават у кастрычніку!) гэтыя матылі паляцяць на зімоўку ў Афрыку – таксама, як многія нашы птушкі.

У адрозненне ад многіх блізкіх відаў матылёў, дзядоўніцы не маюць у сваім жыццёвым цыкле “адпачынкавай” стадыі: матылі не зімуюць у нас, не гібернуюць. Размнажаецца від круглы год і амаль пастаянна перамяшчаецца “за лепшай доляй”. На стадыі імаго матыль жыве каля месяца, таму, зразумела, што тая дзядоўніца, якая вылятае з тропікаў Афрыкі на поўнач, не мае шанцаў асабіста даляцець да нас. Аднак зробяць гэта яе патомкі, якія з’яўляюцца на розных “прыпынках”. Колькасць штогадовых генерацый матылей дасягае нават 6-7, аднак вельмі магчыма, што іх можа быць нават і больш 10-ці. Гэта магчыма таму, што ў цёплы час вусень завяршае ператварэнне ў матыля нават за 2 тыдні. Важна таксама тое, што вусені дзядоўніц – паліфагі – г.зн., што яны могуць харчавацца на розных відах раслін, нават не блізкіх да сябе.

Варта адзначыць, што падобныя працяглыя міграцыі матылёў лічацца рэдкай з’явай. Найбольш вядомыя сваімі пералётнымі здольнасцямі з іх – матылі-манархі (Danaus plexippus) з Паўночнай Амерыкі. Аднак і некаторыя іншыя нашы віды таксама заўважаныя як мігрырруючыя на вялікія адлегласці, напрыклад, адмірал (Vanessa atalanta) – хаця частка матылёў гэтага віду зімуе ў нас, частка ляціць на поўдзень у Міжземнамор’е. Яшчэ адным, вельмі рэдкім у нас, але знакамітым прыкладам з начных матылёў ёсць мёртвая галава (Acherontia atropos), якая жыве галоўным чынам у Афрыцы і на Блізкім Усходзе, але часам залятае далёка на поўнач ад асноўнага арэалу.

Магчыма, што з часам, дзякуючы змяншэнню метак, якія ўжо зараз можна змяшчаць на матылёў, мы яшчэ больш даведаемся пра іх міграцыі і іншыя таямніцы.

Паводле Naturalnie w Warszawie, … падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымкі яго ж

 

 

На гэтую тэму:

Адкрыты самы доўгі міграцыйны шлях насякомых, які звязаны з міграцыяй птушак

Арніталогія ўжо ніколі не будзе ранейшай?

Нечакана: тыя ж самыя вясковыя ластаўкі ляцяць зусім рознымі пралётнымі шляхамі увосень і вясной

Міграцыі птушак і вялікія лічбы: некаторыя здзіўляючыя факты і высновы

 

Comments

И да, верно ли вот этот самый налёт называть инвазией? Ведь инвазия - (от лат. invasio — нашествие, нападение) в экологии и биологии — вторжение на какую-либо территорию или в экосистему не характерного для них биологического вида, которое происходит, в отличие от интродукции, без сознательного участия человека - инфо с вики. Для наших экосистем репейница - характерный вид, следовательно, неверно называть появление у нас репейниц инвазией.

Інвазія таксама заўважальна масавае з'яўленне віду за кароткі прамежак часу  нават там, дзе від звычайна сустракаецца, але ў значна меншай колькасці.. Таму нічога няправільнага называць гэта інвазіяй няма. Там, дзе звычайна была 1, напрыклад, цяпер 100.