Нашых (і не толькі) птушак у Францыі чакаюць добрыя змены?

У Францыі – важным месцы зімоўкі і пралёту для многіх відаў птушак з Усходняй Еўропы, у тым ліку і з Беларусі, спецыяльная камісія прапанавала ураду зрабіць важныя змяненні ў адносінах абмежаванняў палявання на тры віды птушак. Усе гэтыя віды: вялікі кулён (Numenius arquata), вялікі грыцук (Limosa limosa) і звычайная туркаўка (Streptopelia turtur) ў апошнія некалькі гадоў хутка змяншаюць сваю колькасць і маюць глабальны статус або блізкі да пагражаемага (NT) - вялікі кулён і вялікі грыцук, або нават ўразлівы (VU) – звычайная туркаўка.

Гісторыя з узнікненнем гэтых прапаноў і іх рэалізацыяй аказалася не толькі няпростай, але і яшчэ няскончанай. Справа ў тым, што ў верасні мінулага году падаў у адстаўку міністр навакольнага асяроддзя Nicolas Hulot вядомы эколаг. У новаствораны ўрад яго запрасіў асабіста прэзідэнт Макрон, і сыход новага міністра быў раптоўным і нечаканым – між іншым СМІ пісалі пра тое, што яго вымусіла сыйсці моцнае паляўнічае лобі, і яго апошні публічны каментар “Не магу больш падманваць!” адносіўся менавіта да іх дзейнасці.

Аднак перад тым, як сыйсці з пасады, міністр склаў спіс 90 першачарговых задач-дзеянняў для захавання біяразнастайнасці. Адной з гэтых задач было “стварэнне камісіі для адаптацыйнага кіравання паляўнічымі відамі”. Ідэя стварэння гэтай камісіі ў адпаведнасці з Дырэктывай аб дзікіх птушках была ў тым, каб тыя віды, якія актыўна ахоўваюцца ў краінах Еўразвязу, былі выкрэсленыя са спісу паляўнічых відаў. Як мінімум павінна быць кантраляваная колькасць здабытых птушак паводле вылучаных квотаў, інакш квоты не маюць сэнсу. На жаль, падобных механізмаў не прадугледжвае тэкст Дырэктывы аб дзікіх птушках, і ад пачатку яе дзеяння яшчэ ніводны від птушак не быў выкрэслены са Спісу паляўнічых.

Пасля адстаўкі міністра, прыродаахоўныя арганізацыі (у тым ліку LPO France) баяліся, што сэнс стварэння камісіі будзе перакручаны і можа прывесці не да змяншэння, а, наадварот, да павелічэння колькасці відаў птушак, на якія дазволена паляванне ў Францыі. Нагадаем, што ў гэтай краіне іх колькасць і так шакіруе: іх ажно 62! Для параўнання, у сярэднім для краін ЕЗ іх 14, у Польшчы – 13, у Беларусі – 32 віды (з іх 3 віды – інтрадуцэнты). Для падобных апасенняў былі аснаванні, таму што выбары ў склад камісіі прадстаўнікоў паляўнічых, як і выказванні “экспертаў” ад іх падцвержвалі, што іх доўгатэрміновая мэта як раз павялічыць спіс паляўнічых відаў, нават за кошт тых, якія не ўключаны ў дазвольны Спіс як дадатак (Annex II) да Дырэктывы аб дзікіх птушках – напрыклад, лебедзяў-шыпуноў.

Прапановы камісіі

Камісія з самага пачатку абвесціла, што будзе выпрацоўвываць прапановы адносна 6 відаў птушак, у тым ліку адносна падаўжэння тэрмінаў палявання на шэрую гусь. Іншыя 5 відаў гэта: глушэц, вялікі кулён і вялікі грыцук, звычайная туркаўка і нырок-сівак – віды, якім пагражае знікненне або ў некаторых краінах Еўропы, або глабальна.

На пачатак ліпеня камісія выпрацавала рэкамендацыі для міністэрства навакольнага асяроддзя наконт трох відаў:

Вялікі кулён – забарона паляванняў ва ўсёй краіне, уключна з тэрытарыяльнымі водамі.

Вялікі грыцук – ліміт на адстрэл – 210 асобін ісландзкага падвіду.

Звычайная туркаўка – часовая забарона на паляванне:

птушка

Здымак Уладзіміра Бондара

Поспех ці дымавая заслона?

Калі новы міністр увядзе гэтыя рэкамендацыі ў жыццё (а хутчэй за ўсё ён зробіць гэта, бо для выпрацоўкі рэкамендацый і стваралася камісія), гэта будзе несумненны поспех для аховы птушак і прыроды ўвогуле не толькі для Францыі. Аднак застаюцца пытанні наконт таго, як паляўнічыя будуць адрозніваць падвіды вялікага грыцука і як будзе кантралявацца здабыча ў адносінах падвідавой прыналежнасці забітых птушак і іх колькасці?

Акрамя гэтага існуюць вялікія апасенні таго, што пасля яўных саступак паляўнічыя спрабуюць “кампенсаваць” гэта спробамі ўключэння ў Спіс паляўнічых новых відаў.

Паводле ŁĄCZĄ NAS PTAKI падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак вялікага грыцука - Паўла Лычкоўскага

 

 

На гэтую тэму:

Катастрафічнае змяншэнне колькасці многіх відаў птушак адзначана ў Францыі

ЗВЫЧАЙНЫЯ ВІДЫ ПТУШАК У ЕЎРОПЕ ПЕРАСТАЮЦЬ БЫЦЬ ЗВЫЧАЙНЫМІ

BRITISH BIRDS: ЛЕГАЛЬНАЕ ПАЛЯВАННЕ НА ПТУШАК У ЕЎРАЗВЯЗЕ І ЯГО ЎЗДЗЕЯННЕ НА ПАГРАЖАЕМЫЯ ВІДЫ

Як французскія гурманы з’ядаюць нашых рэдкіх птушак + VIDEO

Браканьеры на птушак затрыманыя на Сардыніі

ПОЛЬСКІЯ АРНІТОЛАГІ ДАМАГЛІСЯ АБЯЦАННЯ АД УЛАДАЎ ЛІВАНУ ЗМАГАЦЦА З БРАКАНЬЕРАМІ