Сенсацыі з доказамі і без: агляд цікавых назіранняў птушак Клубам200 за красавік, май і чэрвень

Хаця агульная колькасць відаў у Спісе Клуба200 з сакавіка нават павялічылася, аднак выключэнне са Спісу некаторых яўна не вельмі цяжкіх для назірання відаў хутчэй за ўсё прычынілася да агульнага змяншэння колькасці паведамленняў у Клуб. Таму параўнанне з мінулымі гадамі не будзе зусім карэктным, а па месяцах вынікі выглядаюць так: красавік – 53 назіранні 24 відаў, май - 32 назіранні 23 відаў і ў чэрвені зроблены 16 паведамленняў пра назіранні 11 відаў са Спіса Клуба.

Не абыйшлося і без назіранняў, якія можна лічыць больш ці менш сенсацыйнымі. Для красавіка менавіта да гэтай катэгорыі можна аднесці дзве рэгістрацыі Чырвонагаловых каралькоў (Regulus ignicapillus) у Жыткавіцкім раёне, якія адбыліся там у розных месцах 25.04 і 30.04. Гэта першая рэгістрацыя віду на Гомельшчыне, які ў апошнія гады параўнальна хутка і паспяхова прасоўваецца на ўсход. Віншуем Юрыя Янкевіча, Наталью Карліонаву і Зінаіду Гарошка з гэтымі назіраннямі! Іншыя рэгістрацыі віду адбыліся на паўднёвым захадзе краіны: 04.04 у Белавежскай пушчы, 07.04 у Брэсцкім і 22.04 у Драгічынскім раёнах.

птушка

Чырвонагаловы каралёк, Брэсцкі раён, 07-04-2019. Здымак Анастасіі Сяргеевай

У маі адбыліся дзве сенсацыі – ці хутчэй маглі б адбыцца, калі б для іх пацверджання былі доказы. Першая – гэта паведамленне пра назіранне чарнакрылага каршуна (Elanus caeruleus) над Бярэзінскім запаведнікам. Гэты від яшчэ не адзначаўся ў Беларусі і таму шанцы на тое, што ён толькі паводле слоўнага апісання будзе зацверджаны БАФК як новы для краіны від, хаця тэарэтычна ёсць, але вельмі невялікія. Другая сенсацыя таксама адносіцца да назіранняў драпежнага віду птушак, і пры наяўнасці фотаздымкаў або відэа мела б шанцы стаць значным адкрыццём не толькі для гэтага году. Але акрамя вуснага паведамлення аўтарытэтнага назіральніка, пра іншыя доказы пакуль невядома і таму мы пачакаем з публікацыяй дэталёвай інфармацыяй пра яе.

Чэрвень прынёс дзве сенсацыі. Першая - Арол-магільнік (Aquila heliaca). Калі маладая птушка са Славакіі з перадатчыкам, якая залецела ў нашу краіну 09.06, на наступны дзень пакідала яе, прыйшло паведамленне ад Дзьмітрыя Якубовіча пра назіранне іншага маладога магільніка ў Гродзенскім раёне! І хаця ў два апошнія гады мы маем звесткі пра (рэгулярныя) выпадковыя залёты віда ў Беларусь, у тым ліку і з перадатчыкамі, падобнае супадзенне не можа не радаваць.

 мапа

Залёт у Беларусь маладой самкі магільніка адзначылі дзякуючы спадарожнікаваму перадатчыку, якім яе пазначылі ў Славакіі. Скрыншот з сайта 

птушка

Іншы малады магільнік, 10-06-2019, Гродзенскі раён. Здымак Дзмітрыя Якубовіча

Другая сенсацыя чэрвеня – Паўночная мармытуля (Iduna caligata), а больш дакладна – гняздо з птушанятамі, якое знайшоў 16.06 на заходнім ўскрайку Мінска Васілій Грычык. Цікава, што гэта толькі другі даказаны выпадак гнездавання віду для нашай краіны (першы адбыўся на Віцебшчыне ў 2012 годзе). Хаця колькасць назіранняў мармытуляў з году ў год не павялічваецца, від хутчэй за ўсё паступова прасоўваецца на захад. Так, 18.05 ён быў адзначаны ў Бярозаўскім раёне Брэстчыны, а 02.06 два спяваючыя самцы другі сезон запар назіраліся ў Мінску там, дзе пазней было знойдзена гняздо з птушанятамі:

гняздо

Гняздо паўночнай мармытулі з птушанятамі, 16-06-2019, Мінск. Здымак Васілія Грычыка.

Далей успомнім цікавыя рэгістрацыі ў больш сістэматычным парадку.

Чырвонаваллёвы гагач (Gavia stellata) – ажно 5 рэгістрацый адбылося ў маі ў розных рэгіёнах краіны: 09.05 на Гомельшчыне, 10.05 – на Віцебшчыне, 15.05 у Брэсце і 19 і 27.05 – на Міншчыне. Вясной так часта від у нас яшчэ не адзначаўся.

Чырвонашыйная коўра (Podiceps auritus) – дзве рэгістрацыі віду на вясновым пралёце: не менш пяці птушак 26.04 на Міншчыне і параўнальна позняя, праз месяц, 26.05 адна птушка на Гомельшчыне.

птушкі

Чырвонашыйныя коўры, 26-04-2019, Любанскі раён. Здымак Мікалая Вераб'я

Малы лебедзь (Cygnus columbianus) – таксама толькі дзве рэгістрацыі, абедзве адбыліся на прыканцы красавіка: 22.04 на Брэстчыне і 24.04 на Міншчыне.

Чорная казарка (Branta bernicla), якую на ўскрайку Магілёва ў групе гусей іншых відаў адзначыў 06.04 Андрэй Чараднічэнка, - адзін з самых рэдкіх відаў вадаплаўных птушак, якія адзначаюцца ў нас. Гэта максімум 4 рэгістрацыя віда з 2014 году, таму шэрагі бёрдуотчараў з розных месцаў Беларусі, якія паспяхова дадалі від у наступныя дні ў свае асабістыя спісы, цалкам зразумелыя:

птушка

Чорная казарка з іншымі відамі гусей. 06-04-2019, Магілёў. Здымак Аляксандра Вінчэўскага

Чырвонаваллёвая казарка (Branta ruficollis)  таксама парадавала гэтай вясной: адна птушка разам з іншымі гусямі адпачывала як мінімум з 14 па 30.04 на нізінным балоце Грайна на Гарадзеншчыне, дзе яе адзначыла, між іншым, група гішпанскіх бёрдуотчараў. Гэта ўжо трэцяя рэгістрацыя віду тут за розныя гады.

птушкі

Чырвонаваллёвая казарка з іншымі відамі вадаплаўных на балоце Грайна, Бераставіцкі раён, 15-04-2019. Здымак - Angel Vela

Белашчокая казарка (Branta leucopsis)  - дзве рэгістрацыі ў красавіку: 14.04 па адной птушцы трымаліся з іншымі гусямі на Дняпры ў Магілёўскім раёне і на балоце Грайна на Бераставіччыне.

Канадзкая казарка (Branta canadensis)  - вельмі магчыма, што адна птушка назіралася з вялікай адлегласці 22.05 на вадасховішчы Сялец на Берасцейшчыне.

Пярэстая качка (Tadorna tadorna) – як мінімум з 2014 году рэгулярна адзначаецца ў невялікай колькасці пад час вясновага пралёту. У красавіку і ў маі адбыліся па дзве рэгістрацыі: 05.04 на Міншчыне і 10.04 на Гомельшчыне, 06.05 і 07.05 у тых жа абласцях.

Чырвонаносы нырок (Netta rufina) – другі год запар ў красавіку і мае птушкі адзначаюцца на сажалках рыбгасу “Белае”, што на Жыткавеччыне: 18.04 і ў наступныя дні там былі самец і самка, 11.05 – як мінімум самец.

Нырок-маранка (Clangula hyemalis)  - па адной птушцы на пралёце адзначылі на ўсходзе Беларусі: 28.04 на Гомельшчыне і 01.05 на Магілёўшчыне.

Нырок-свірок (Melanitta fusca) – некалькі птушак на пралёце назіралі 02.04 на вадасховішчы ў Белавежскай пушчы.

Качка-огар (Tadorna ferruginea)  - вельмі рэдкі залётны від для Беларусі, таму назіранне 29.04 на адным са штучных вадаёмаў Мінска спачатку двух, а 04.05 і трох качак магло б стаць прыемнай сенсацыяй. Аднак тое, што птушкі практычна не баяліся людзей і падпускалі іх на блізкую адлегласць хутчэй сведчыць пра іх паходжанне з няволі.

Белавокі нырок (Aythya nyroca) – дзве рэгістрацыі адзінкавых качак у красавіку: 05.04 на Міншчыне і 27.04 на Гомельшчыне.

Качка-мандарынка (Aix galericulata) – з канца 2014 году адбываецца павольнае павелічэнне рэгістрацый гэтага чужароднага для нашай прыроды віду. 29.04 самец адзначаны ў Мінску, 08.05 іншы самец, яўны ўцякач з прыватнай гадоўлі, адзначаны ў Бярэзінскім запаведніку, а 03.06 – ужо ў Лепелі (здымак):

птушка

Здымак Сяргея Атрошчанкі

Малая белая чапля (Egretta garzetta) – адзінае назіранне адбылося 25.04 у Тураве.

Чапля-кваква (Nycticorax nycticorax) – таксама адзіная птушка і таксама без фота-доказу адзначана 18.05 ля Турава.

Арол-маркут (Aquila chrysaetos) – маладая птушка назіралася на паўднёвым захадзе Берасцейшчыны 27.04. Гэта ўжо чацьвёртая рэгістрацыя для гэтага году, тым больш цікавая, што адбылася ў сярэдзіне вясны і што ў 2018 паведамленняў пра сустрэчы з відам не было.

Арол-карлік (Hieraetus pennatus- вельмі рэдкі гняздуючы ў нас від. Таму любыя яго рэгістрацыі цікавыя, тым больш зробленыя ў гнездавы сезон. Адна птушка назіралася 20.05 над поймай Прыпяці ў Турава і яшчэ адна 31.05 у Кобрынскім раёне.

Cтэпавы лунь (Circus macrourus) – усходне-еўрапейская (уключна з фінскай) гняздуючая папуляцыя гэтага рэдкага віду ў апошнія гады павялічваецца, таму расце і колькасць назіранняў стэпавых луней на пралёце пад час іх вяртання з зімоўкі ў Афрыцы вясной. Чатыры вясновыя назіранні адзінкавых птушак былі зробленыя 06.04 на Віцебшчыне, 19.04 на Гарадзеншчыне, 22.04 на Брэстчыне і 01.05 на Міншчыне.

Канюх-курганнік (Buteo rufinus) – другая рэгістрацыя для гэтага году адбылася 02.06 на Кобрыншчыне:

птушка

Здымак Максіма Каласкова.

Чырвоны каршун (Milvus milvus) – адна з самых рэдкіх гняздуючых птушак Беларусі, па паўночнаму захаду Гродзенскага раёна ў апошнія дзесяцігоддзі праходзіла ўсходняя мяжа распаўсюджання віду. У яе ўпісваецца назіранне пары птушак 28.06 пры мяжы з Польшчай, прычым польскім калегам невядома пра гнездаванне віду ў тым раёне. Апошнія гады птушкі змешанай пары чырвоны х чорны каршуны ці яе патомкі сустракаюцца ў Дзяржынскім раёне – не стала выключэннем і гэтая вясна. Аднак сустрэча птушкі, якая мае рысы абодвух відаў 06.06 на Віцебшчыне, як і рэгістрацыя аднаго або двух чырвоных каршуноў 07.04 на Гомельшчыне маглі б сведчыць пра магчымыя спробы пашырэння віда на ўсход.

птушка

Чырвоны каршун, Гродзенскі раён, 28-06-2019. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага

Сокал-падарожнік (Falco peregrinus) – адзіная даказаная сёлета сустрэча з відам адбылася пад Туравам 20.05.

Сокал-шулёнак (Falco vespertinus) – яшчэ адзін рэдкі, і апошнія дзесяцігоддзі, невядомы на гнездаванні ў Беларусі від драпежных птушак. Таму ўсе вясновыя рэгістрацыі вельмі цікавыя, хаця, хутчэй за ўсё, адносяцца толькі да пралётных птушак: 26.04 у Белавежскай пушчы,  27.04 пад Туравам, 28.04 у Дзяржынскім раёне, і дзве вельмі позніх для вясны: 28.05 у Салігорскім і 01.06 у Драгічынскім раёне.

Пардва (Lagopus lagopus) – знікаючы ў нас з-за яўнай змены клімату від птушак. Адзіная рэгістрацыя (у двух месцах) ліннага пер’я і памёту адбылася 17.05 на балоце Ельня, якое з’яўляецца хутчэй за ўсё апошнім месцам гнездавання віду ў краіне.

Чарнагaловая чайка (Larus melanocephalus) у невялікай колькасці гняздуе, таму вызначыць колькасць рэгістрацый (розных) птушак, калі яны непазначаныя кольцамі ці не маюць іншых яўных індывідуальных адрозненняў і адзначаныя ў тым самым месцы, немагчыма. Чатыры паведамленні з мікрараёну Шабаны (Мінск) як раз адносяцца да падобных, яны зробленыя ў адноснах двух птушак ці пары 06.04, 13.04, 15.05 і адной птушкі 18.06. Іншыя рэгістрацыі адзінкавых чаек зроблены 22.04 у іншым мікрараёне Мінска і 30.04 пад Туравам.

птушкі

Чорнагаловыя чайкі, Мінск, 06-04-2019. Здымак Генадзя Ардзюка

Крычка-чэграва (Sterna caspia) – адбыліся тры рэгістрацыі: 22.04 на Брэстчыне, 28.04 на Магілёўшчыне і 07.05 на Гомельшчыне.

Кулік-марадунка (Xenus cinereus) – від, які (ізноў) ўключылі ў Спіс Клуба200 ў пачатку вясны для таго, каб мець магчымасць больш даведацца пра сустрэчы гэтых рэдкіх кулікоў па-за вядомымі месцамі гнездавання ў пойме Прыпяці, дзе ён у апошнія гады значна зменшыў сваю колькасць. На жаль, было атрымана толькі два паведамленні: 28.04 з Днепра-Брагінскага вадасховічша і 21.05 з рыбгаса “Белае”.

Ісландскі пясочнік (Calidris canutus) – першае сёлета і пакуль што адзінае назіранне адбылося 07.05, дарэчы яно першае ў гісторыі нашай часткі Белавежскай пушчы.

Хадулачнік (Himantopus himantopus) – толькі адна рэгістрацыя сёлета, якая адбылася 22.04 у Тураве.

Шыладзюбка (Recurvirostra avosetta) – від, які пачаў паспяхова гнездаваць у Беларусі толькі ў 2017 годзе, быў адзначаны 28.04 у мінулагоднім месцы гнездавання на Днепра-Брагінскім вадасховічшы.

Адбыліся таксама па адной рэгістрацыі наступных відаў кулікоў: Сярэдні кулён (Numenius phaeopus) – 16.04 на Брэстчыне і Сявец (Pluvialis squatarola) – 18.06 на Гомельшчыне.

Кулік-паручайнік (Tringa stagnatilis) – 4 рэгістрацыі, прычым усе ў красавіку: 14 і 19.04 у Тураве, 22.04 на Брэстчыне і 24.04 на Міншчыне.

Шчурка-пчалаедка (Merops apiaster) – атрыманы паведаленні пра вядомыя з мінулых гадоў калоніі.

Чырвонаваллёвы свірстун (Anthus cervinus) – адзінае і першае пасля 2017 года назіранне адбылося 30.04 пад Туравам.

Чарналобы грычун (Lanius minor) – 2 пары адзначаны 18.06 у Лоеўскім раёне:

птушка

Здымак Натальі Карліонавай

Чорнагаловы ерчык (Saxicola rubіcоla) паступова пашырае свой гнездавы арэал на поўнач і на паўночны ўсход. Таму, акрамя сустрэч ва ўжо вядомых гнездаваннем віду раёнах (16.04 на Маларыччыне, 21.04 на Камянеччыне, 26.04 на Піншчыне, 27.04 на Кобрыншчыне, у Хойніцкім раёне Гомельшчыны 28.04), мы даведаліся пра новыя, у тым ліку адбыліся першыя рэгістрацыі для Гарадзеншчыны ўвогуле (19.04), Бярозаўскага (24.05) і Івацэвіцкага раёнаў (22.06) Брэстчыны.

птушка

Чарнагаловы ерчык, самец. 21-04-2019, ля Каменца. Здымак Вадзіма Пракапчука.

Палявы свірстун (Anthus campestris) – рэдкі на гнездаванні від. Атрымана некалькі паведамленняў пра сустрэчы з ім, некаторыя з іх адносяцца хутчэй за ўсё да тых самых гняздуючых пар: 03. і 12.05 з Піншчыны, 18.05 з Чэрвенскага, 22.05 з Мінскага раёнаў, 08. і 13.06 з Мінска, 09.06 з Барысава.

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Верхні здымак пярэстай качкі на рыбгасе “Любань” зроблены 05.04.2019 Максімам Каласковым

 

 

На гэтую тэму:

ПЕСІМІСТЫЧНЫ ЛЮТЫ І АПТЫМІСТЫЧНЫ САКАВІК: АГЛЯД ЦІКАВЫХ НАЗІРАННЯЎ ПТУШАК ЗА ПАЧАТАК ВЯСНЫ-2019

У МІНСКУ АДЗНАЧАНЫ НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК– ПАЛЯРНАЯ ЧАЙКА!

БОЛЬШ ТРАЦІНЫ ВІДАЎ СА СПІСА ПТУШАК БЕЛАРУСІ – У АБНОЎЛЕНЫМ СПІСЕ ВІДАЎ КЛУБА200

ВЫДАТНЫ ПАЧАТАК: АГЛЯД ЦІКАВЫХ НАЗІРАННЯЎ КЛУБА200 ЗА СТУДЗЕНЬ-2019

АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ НОВЫХ І РЭДКІХ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІДАЎ ПТУШАК ЗА 2018 ГОД. ЧАСТКА 1: АД ГАГАЧОЎ ДА КУЛІКОЎ

АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ НОВЫХ І РЭДКІХ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІДАЎ ПТУШАК ЗА 2018 ГОД. ЧАСТКА 2: АД ЧАЕК ДА ВЕРАБ’ІНЫХ