Паляванне гепардаў на страуса знялі на кінакамеру

  Тры гепарды не толькі скааперыраваліся для палявання, але і змаглі дагнаць і паваліць дарослага афрыканскага страуса! Гэтыя сапраўды рэдчайшыя кадры змаглі засняць аператары брытанскай карпарацыі BBC для новай серыі фільмаў пра дзікую прыроду пад назвай “Жыццё” (Life). Зарэгістраваныя такім чынам паводзіны гепардаў сапраўды ўнікальныя, бо звычайна гепард залёгкі, каб паваліць страуса.

   Аднак заснятыя гепарды – хутчэй за ўсё тры браты – навучыліся паспяхова паляваць на найвялікшых на Свеце птушак. Фільм здымаўся ў рэзерваце Lewa Wildlife Conservancy ў Кеніі. Месца гэтае займае плошчу ў 60 квадратных міль, нічым не агароджанае і дзікія жывёлы могуць прыходзіць і пакідаць яго.
Дзесяць год таму сюды прыйшлі тры самцы гепардаў (Acinonyx jubatus), якія тут засталіся. Самцы гепардаў часта аб’ядноўваюцца ў невялікія групы, каб лягчэй бараніць добрую для палявання тэрыторыю і мець лепшыя шанцы ў самак. 
    І хаця гепарды надзвычай хуткія спрынтэры, яны лёгкія і вельмі рэдка дапамагаюць адзін аднаму пад час пераследавання нават такой здабычы, якую самастойна можа паваліць адзін самец.
Аднак даследчыкі адзначылі, што менавіта гэтыя тры самцы гепарда палявалі нават на значна большых за сябе антылоп – нават такіх, як орыкс.
    Унікальны выпадак паспяховага палявання на дарослых афрыканскіх страусаў адбыўся ўвечары на вачах аператараў, якія ездзілі за гепардамі на працягу ўсяго дня. Гепарды пагналіся за дарослым самцом страуса, а потым неспадзявана адзін з іх прыгнуў на спіну самкі страуса, якая знаходзілася недалёка ад шляху пагоні. Самка была настолькі моцнай, што здолела бегчы з драпежнікам на спіне, аднак два іншых гепарда хутка завалілі птушку і забілі яе.
Гэта першы выпадак падобнага палявання, зарэгістраваны даследчыкамі.

Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Comments