Запрашаем у летнік «Начныя жыхары ляСОЎ» новага фармату

барадатая кугакаўка

У гэтым годзе палявы летнік «Начныя жыхары ляСОЎ-2016» адбудзецца на ТВП «Хаваншчына». Новая тэрыторыя, новая справы, новы фармат – запрашаем! Сёлета галоўная тэма летніку, акрамя савінай, будзе практычная дзейнасць для захавальнікаў прыроды. Летнік будзе рэалізаваны ў форме практычнага семінара-трэнінга з агульнай тэмай “Малыя справы – вялікія вынікі!” Заяўкі прымаюцца да 22 сакавіка уключна.

 

Больш за 10 гадоў асноўныя мерапрыемствы летнікаў адбываліся ў вёсцы Залессе і на балоце Дзікае. З гэтага году мы плануем штогод мяняць месца правядзення летніку. Першы выязны летнік адбудзецца на ТВП “Хаваншчына”, што размешчана ў Івацэвіцкім і Бярозаўскім районах. ТВП “Хаваншчына” - гэта буйны леса-балотны комплекс, што мяжуе з ТВП “Спораўскае”. Мае важнае значэнне ў першую чаргу для захавання драпежных птушак.

Гэтым разам летнік пачнецца 25 сакавіка і працягнецца тры дні (да 27 сакавіка ўключна). У гэты час мы будзем даследаваць навакольныя лясы і балоты, аднаўляць і будаваць гнёзды для драпежных птушак, усталёўваць інфармацыйныя табліцы і гнездавыя скрыні для Птушкі года - гогаля, ну і канешне ж, назіраць за птушкамі. Пад час летніку мы даведаемся што адбылося з гнездавымі скрынямі і гнёздамі, пабудаванымі тут 5 гадоў таму. Якія праблемы на ТВП ёсць ў вялікага арляца і ях іх можна вырашыць? Ці гняздуе Птушка году на ТВП “Хаваншчына”? Ці чулі ў лясніцтвах Івацэвіцкага лясгаса пра сэртыфікацыю FSC і якая сувязь існуе паміж ваўкамі і караедам у Белавежскай пушчы, а таксама шмат іншага.

Удзельнікам прапануецца адмысловая праграма, у межах якой:
— блуканне па начных лесах і багнах (улікі соў);
— блуканне па навакольных багнах і лясах – інвентарызацыя месцаў пражывання ахоўваемых відаў, у далейшым перадача іх пад ахову;
— выраб і развешванне штучных гнездавых скрыняў для Птушкі года і драпежных птушак;
— праверка і аднаўленне раней развешаных гнездавых скрынь для драпежных птушак;
— цікавыя прэзентацыі і відэафільмы прыродазнаўчага характару;

— трэнінг-практыкум па выкарыстанню магчымасцяў якія надае лясная сэртыфікацыя па сістэме FSC;
— інтэграцыйныя вечарыны ля вогнішча і іншае.

 

На мерапрыемства запрашаюцца ўсе жадаючыя. У сувязі з абмежаванай колькасцю месцаў, перавагу будуць мець заяўкі, атрыманыя першымі. Удзельнікі часткова аплочваюць харчаванне и праезд да месца правядзення летніка. Кошт харчавання складае прыкладна 100 000 руб за тры дні. Размяшчэнне ўдзельнікаў плануецца ва ўтульным, цёплым, драўляным доме. Пры сабе абавязкова неабходна мець дыванік, спальны мяшок і гумовыя боты (пажадана высокія), а таксама асабісты посуд і прысмакі. Каб прыняць удзел ў летніку, неабходна накіраваць анкету-заяўку на адрас egreta113@mail.ru.


Заяўка на ўдзел у летніку «Начныя жыхары ляСОЎ-2016»:
1. Прозвішча, імя, імя па бацьку.
2. Узрост.
3. Хатні адрас.
4. Ці з’яўляецеся Вы сябрам АПБ?
5. У якіх мерапрыемствах АПБ вы удзельнічалі ў апошнія 3 гады?
6. Ваш род заняткаў (студэнт, працую, вучань і г.д.)?
7. Колькі відаў птушак Вы бачылі ў Беларусі?
8. Што Вам больш за ўсё падабаецца рабіць з прапанаванага у праграмме леттніку?

9. Чаму вы жадаеце ўдзельничаць у летніку?
10. Пазначце нумар мабільнага тэлефону і электронны адрас.

 

Здымак барадатай кугакаўкі Юрыя Янкевіча