Яшчэ пазаўчора наваколле гучала частымі крыкамі галодных птушанят звычайных шпакоў (), а ўчора яны ўжо выляцелі з большасці шпакоўняў і іншых гнёздаў і гэты шум перамясціўся на сотні метраў у высокія дрэвы - цяпер молазь хаваецца сярод лісця там.
Я па іншаму поваду як раз апынуўся прыкладна на адным узроўні з некалькімі такімі дрэвамі і насупраць іх і нечакана, за прыкладна 2 гадзіны, змог назіраць за этапамі навучання маладых шпакоў. Але найперш трэба ўзгадаць незвычайную свабоду, якую атрымалі ўчорашнія птушаняты і маглі рухацца толькі ў межах свайго штучнага або прыроднага дупла, амаль не бачылі сонца і канкуравалі за ежу з галоднымі сіблінгамі зусім побач з сабой.
Цяпер яны вольныя ляцець у любым кірунку (і ўжо сапраўды добра лятаюць), самі могуць выбіраць канкрэтнае месца, вышыню і зручнасць для сябе прысады. І не толькі чакаць на ежу ад бацькоў, якія яшчэ працягваюць іх карміць, але і нават загараць, каб атрымаць вітамін D (гл. здымкі 2 і 3 пад тэкстам). Самае ж важнае - магчымасць хуткага навучання праз капіраванне паводзінаў іншых шпакоў. (А для гэтага важна трымацца не толькі разам і побач з сіблінгамі, але і з іншымі шпакамі, за якімі з'яўляецца магчымасць назіраць і капіраваць-пераймаць нейкія паводзіны - важная сінхроннасць гнездавання розных пар)
Такім чынам, можна выбраць добрае і бяспечнае месца на дрэве і чакаць там дарослых з ежай. Раней ці пазней яе не могуць не прынесці.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ