Халодная вясна, змена рацыёну.


Пярэстая валасянiца, як і яе сваякі Шэрая валасянiца і Малая валасянiца нездарма носяць падобныя назвы. Асноўным кармавым аб'ектам гэтых птушак з'яўляюцца лётаючыя казуркі. Але ў гэтым годзе халодная вясна ўнесла ў рацыён пярэстай валасянiцы свае карэктывы. Часта нізкія начныя тэмпературы і пахмурныя дні пазбавілі гэтую шуструю птаху дастатковай колькасці звыклай ежы. Для папаўнення нехапаючых калорый валасянiца пераключылася на паляванне за казуркамі, якія перасоўваюцца ў траве, або па ствалах і галінках дрэў. У чарговы раз, шпацыруючы па Лошыцкім парку я звярнуў увагу на паводзіны валасянiц, якія, як заўсёды, у выглядзе прысады займалі сухія, або свабодныя ад лістоты галінкі, але не ў сярэдняй і верхняй частцы кроны, а - самыя ніжнія. Як самцы, так і самкі выкарыстоўвалі адну і тую ж тактыку палявання. Спачатку пільна прыглядаліся ў травяную расліннасць, а затым кідаліся ў траву і вярталіся назад на сваю прысаду з чарговай здабычай - вусенем або іншым поўзаючым казуркам.

Фотаздымкі

Каментары

Цікава, што дакладна пра такую ж тактыку палявання на зямлі замест звычайнай у паветры гэтай вясной пісаў Уладзімір Бондар, толькі ў валасяніцы-белашыйкі.

Файная фотасерыя атрымалася.