Сямейная сцэнка сям’і дропаў з птушанём не назіралася ў Вялікабрытаніі з 1832. І вось, у пачатку чэрвеня 2009 г. адразу дзве самкі гэтага глабальна пагражаемага віда птушак паспяхова вывелі птушанят. Гэтая радасная навіна з вялікім уздымам была ўспрынята камандай навукоўцаў і валанцёраў, якая на працягу некалькіх апошніх гадоў прыкладае вялікія намаганні, каб вярнуць на гнездаванне самую цяжкую лятаючую птушку Свету. Для мераў бяспекі месцазнаходжанне гнёздаў трымаецца ў сакрэце.
Дэвід Уотэрс (David Waters), заснавальнік і дырэктар працоўнай групы па дропах, сказаў: “Гэта грандыёзны крок наперад для праекту па рэінтрадукцыі дропаў, для прыроды Вялікабрытаніі, для саміх дропаў і асабіста для мяне. Мы цяжка змагаліся, каб ажыццявіць гэта. Я вельмі ўзрадаваны і амаль заламаны нервова, але ведаць, што птушкі зноў загнездавалі ў нас пасля 177 гадоў адсутнасці сапраўды варта гэтага.”
На працягу траўня самка дропа была адзначана наседжваючай кладку. Ў канцы месяца два птушаняты вылупіліся і навукоўцы заўважылі, як яны ходзяць за самкай і разам харчуюцца.
Прафесар Тамас Шэкелы (Tamas Székely) з універсітэту Баф (University of Bath) – аднаго з партнёраў Кансорцыюму для дропаў (the Great Bustard Consortium) пракаментаваў навіну наступным чынам: “Дроп - вельмі цяжкі від для рэінтрадукцыі таму што гэта параўнальна доўгажывучы від птушак, які позна сталее, і таму атрыманы вынік - гэта добры знак таго, што спроба рэінтрадукцыі будзе паспяховай”.
RSPB нядаўна далучылася да працоўнай групы. Д-р Марк Эверы (Dr Mark Avery), дырэктар RSPB па ахове прыроды сказаў: “Гэтая фантастычная навіна адзначае чарговую перамогу ў барацьбе за вяртанне страчанай нашай краінай прыроднай спадчыны”.
Цяпер дроп – адзіны гняздуючы ў Вялікабрытаніі від птушак, якому пагражае глабальнае знікненне. Усталяванне новай гняздуючай папуляцыі для віда, які працягвае змяншаць сваю колькасць у Еўропе, можа азначаць лепшую будучыню.
Апошняе птушанё вылупілася ў дропаў на тэрыторыі Брытаніі ў 1832г., калі самка з ім была заўважаная ў графстве Саффолк.
Працоўная група па дропам была сфармаваная ў 1998г. і зарэгістраваная як НДА ў Вялікабрытаніі. Непасрэдна рэінтрадукцыя пачалася ў 2004г., калі штогод пачалі выпускаць паміж 6 і 32 маладымі дропамі штовосень. План рэінтрадукцыі быў выбраны даволі складаны: з дапамогай супрацоўнікаў Інстытуту эвалюцыйнай экалогіі імя А.Н.Северцава РАН з гнёздаў на сельгасземлях, якім пагражала гібель з-за ўзворвання у Саратаўскай вобласці (Расея), забіраліся кладкі. Потым яны змяшчаліся ў інкубатар, а па дасягненні птушанятамі 6 месячнага ўзросту іх перавозілі ў Вялікабрытанію і пасля каранціна выпускалі на раўнінах Сэлісбары ў графстве Ўілтшайр (Salisbury Plain, Wiltshire).
Першы вядомы выпадак гнездавання быў у 2007г., і як мінімум адзін выпадак быў адзначаны ў 2008г. Аднак яйкі ў абодвух выпадках былі незаплодненымі (напэўна, з-за маладога ўзросту самцоў). Прынята, што самцы дропаў робяцца полаваспелымі толькі ва ўзросце 4-5 год, таму першая фертыльная кладка чакалася ў 2009г.
Дэвід Уотэрс дадаў, што хаця дропы доўга дасягаюць полаваспеласці, аднак прыспешыць гэты працэс немагчыма. Невялікая брытанская папуляцыя з 18 птушак пачала размнажацца. Але праект можна будзе лічыць сапраўды паспяховым толькі калі птушкі змогуць самастойна падтрымліваць сваю колькасць.
Штогадавы бюджэт праета па рэінтрадукцыі сягаў £130,000, пры тым што шмат працы рабілася валанцёрамі. Асноўныя кошты былі складаліся з назіранняў за здароўем імпартаваных птушак, арэндзе зямлі, на якой ажыццяўляўся выпуск дропаў і маніторынгу птушак пасля выпуску. Дзяржаўныя грошы ў бюджэце праекту склалі не больш 2%.
Паводле www.greatbustard.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.BirdWatch.by
Comments
АV (not verified) - Wed, 06/24/2009 - 18:16
не такой это прозрачный