Гэты самец шэрай курапаткі на гнездавым участку, які размяшчаўся на пустцы на заходняй ускраіне Мінска, амаль не баяўся людзей. Ва ўсякім разе, ён спакойна займаўся сваімі справамі - харчаваўся, адпачываў, нават спаў у некалькіх кроках ад назіральніка. Часам ён падпускаў да сябе на адлегласць не больш за 1,5-2 метры, так, што да яго можна было дакрануцца пруцікам. Адзіная перашкода для фатаграфавання заключалася ў тым, што ён ніяк не хацеў паварочвацца да аб'ектыва "тварам", а ўвесь час стараўся паказаць спіну. Ну, і хіба што яшчэ густая трава і паўзмрок, дзе ён большую частку часу знаходзіўся...
Дзякуй доктару Васілю Грычыку за такую фотамадэль. Дарэчы, негледзячы на ўсе намаганні апошняга, гняздо так і не ўдалося адшукаць. Прыкладна праз тыдзень пасля здымак птушаняты паспяхова вывеліся, да самца далучылася і самка, а паводзіны птушак адразу змяніліся -- птушаняты пры з'яўленні людзей, як і належыць, гарохам рассыпаліся па траве, а дарослыя птушкі, таксама па ўсіх правілах, пачыналі прыкідвацца нямоглымі і адводзіць небяспеку ад месца, дзе пахаваліся малыя.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ