Наш сябар і арнітолаг з Маларыччыны, які заўчасна памёр з-за цяжкай хваробы больш за год таму, на прыканцы мінулага году атрымаў годнае пацверджанне важнасці сваёй дзейнасці, якая, між іншым, была накіравана на вывучэнне і ахову самых цікавых месцаў сваёй малой Радзімы.
На тэрыторыі Маларыцкага раёна да нядаўняга часу існавала 3 біялагічныя заказнікі: “Лукава”, рэспубліканскага значэння (створаны ў 1994 г.), “Гусак” (1989 г.) і “Хмялёўка” (1995 г.), мясцовага значэння. У 2011 г. на карце Маларытчыны з’явіўся яшчэ адзін аб’ект, тэрыторыя, што асабліва ахоўваецца, - біялагічны заказнік мясцовага значэння “Арэхаўскі”. Ён быў зацверджаны рашэннем райвыканкама і зарэгістраваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў РБ.
“Арэхаўскі” мае агульную плошчу 1619,7 га, – гаворыць Віктар Заруба, вядучы спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. – Заказнік, работа над стварэннем якога вялася не адзін год, з’явіўся для таго, каб захаваць у натуральным стане ўнікальны водна-балотны комплекс з папуляцыямі рэдкіх відаў птушак, іншых жывёл і раслін, асабліва тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення - ўключаны ў Чырвоную кнігу РБ, маюць міжнародны статус аховы.
Было праведзена грунтоўнае комплекснае даследаванне па падрыхтоўцы навуковага і тэхніка-эканамічнага абгрунтавання для надання тэрыторыі статуса заказніка. Яго праводзілі спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук з Інстытутаў заалогіі і эксперыментальнай батанікі, ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Вялікую дапамогу аказалі супрацоўнікі Маларыцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
У 1995 г. аблвыканкам зарэзерваваў адпаведную тэрыторыю для стварэння заказніка агульнай плошчай 3500 га. Падчас вывучэння ведамасных матэрыялаў, правядзення даследаванняў для падрыхтоўкі навуковага абгрунтавання для стварэння заказніка было рэкамендавана яго стварыць, але пры гэтым на трэць скараціўшы плошчу.
У “Арэхаўскім” растуць, напрыклад, расліны (альдраванда пузыркаватая, белы гарлачык), якія ахоўваюцца ў краіне. А альдраванда, акрамя таго, яшчэ мае і міжнародны статус аховы. 11 відаў раслін з’яўляюцца рэдкімі для Беларусі. 36 відаў птушак, што тут гняздуюцца, занесены ў Чырвоную кнігу РБ, 4 – маюць міжнародны ахоўны статус, 20 – еўрапейскі ахоўны статус. З іншых хрыбетных жывёл, якія тут жывуць, пад аховаю ў Беларусі знаходзяцца: 1 від млекакормячых, 1 – амфібій, 2 – рэптылій. Лясы таксама маюць важнае водаахоўнае значэнне. У межах заказніка выдзелена 5 тыпаў асабліва каштоўных раслінных груповак. Да іх, напрыклад, адносяцца: дубовыя лясы, высокаўзроставыя (больш за 65 гадоў) карэнныя чорнаальховыя лясы на нізінных балотах… Між іншым, агульная плошча лясоў складае 880 га, з іх 780 га – лясная зямля.
Створаны заказнік упісваецца ў прыродаахоўную сістэму. Яго можна разглядаць як адзін з ключавых элементаў экалагічнай сеткі агульнаеўрапейскага ўзроўню. Своечасова прынятыя меры дадуць магчымасць не толькі надалей захоўваць гэтае ўнікальнае месца ў натуральным стане, але і створаць своеасаблівую «зону пакою» для птушак, раслін. Па сваім складзе, разнастайнасці і каштоўнасці флоры і фаўны “Арэхаўскі” адпавядае крытэрыям, якія прад’яўляюцца да рэспубліканскіх заказнікаў.
Тут, напрыклад, забаронены высечкi драўнiны асноўнага карыстання, здабыча торфу, выпас быдла, мелiярацыйныя работы, сур’ёзна абмежавана магчымасць будаўнiцтва нейкiх аб’ектаў iнфраструктуры адпачынку, а таксама інжынерных камунікацый, нельга паліць траву, нарыхтоўваць лекавыя расліны ў вялікім аб’ёме, разводзіць вогнішчы, разбіваць турыстычныя лагеры, паляваць вясной на вадаплаўных птушак… Распрацоўка месцараджэнняў карысных выкапняў адбываецца па ўзгадненні з тэрытарыяльнымі органамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Юрыдычныя і фізічныя асобы, якія вінаватыя ў парушэнні рэжыму аховы і выкарыстання мясцовага біялагічнага заказніка, нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам РБ. Прадугледжаны шрафныя санкцыі: ад 4 да 30 базавых велічынь для грамадзян, да 50 базавых велічынь – для індывідуальных прадпрымальнікаў, да 500 – для юрыдычных асоб. Шкода, якая нанесена тэрыторыі, што асабліва ахоўваецца, кампенсуецца тымі, хто парушыў дзеючае заканадаўства.
Паводле www.malorita.by
Здымак Сяргея Абрамчука зроблены Сяргеем Сідаруком
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ