Позняе гняздо сокала-пустальгі ў Брэсце: адна загадка разгадана, другую можам разгадаць усе разам

Пастаянныя карыстальнікі нашага сайта ведаюць, што сёлета ў нас можна назіраць за жыццём двух пар сокала-пустальгі (Falco tinnunculus) он-лайн, прычым абодва гнязда знаходзяцца на тым самым шматпавярховіку ў Брэсце. Негледзячы на блізкае суседства, пачатак гнездавання гэтых пар моцна адрозніваецца: першая самка пачала адкладваць яйкі яшчэ 24.04, а другая – толькі 10.05. Чаму такая розніца ў тэрмінах магла з’явіцца?

Справа можа быць у тым, што ў другой пары гняздуе недасведчаны, малады самец. Гэта бачна па рэшткам чорных палосак на пер’е яго хваста – яны паказваюць, што гэта птушка другога году жыцця. Бо ў старэйшых самцоў такіх палосак няма і рулявыя светла-шэрыя з шырокім чорным канцом. Менавіта такі самец гняздуе на першым гняздзе, дзе ўвесь працэс: заляцання, стварэння пары, падрыхтоўкі гнездавой ямкі і адкладкі яек пачаўся раней.

малады самец з палоскамі на хвасце

Аднак гэтая загадка была параўнальна простай у параўнанні з той, якую мне атрымалася ўбачыць пад час он-лайн назіранняў за познім гняздом сёння.

Цяпер (18.05) і на гэтым гняздзе скончаная кладка з 5 яек, самка прыкладна пасля адкладкі трэцяга яйка стараецца іх шчыльна наседжваць. Зразумела, што  ў яе няма часу на паляванне для сябе і (яшчэ з часоў заляцання) самец павінен і забяспечвае ёй усю ежу. Аднак яго дапамога самцы на гэтым не заканчваецца: каб яйкі не астывалі пад час таго, як самка есць прынесеную ім здабычу і размінае крылы ў наваколлі гнязда, самец усё часцей бярэ на сябе інкубацыю яек у гэты час.

Ну і вось пад час адной такой замены самкі на самца (як вы памятаеце – ў гэтай самкі малады самец з палоскамі на хвасце) я зрабіў скрыншот і ўбачыў, што на хвасце самца … ніякіх чорных палосак няма!

дарослы самец без палосак на хвасце

Параўнайце хвасты (двух?) самцоў:

параўнанне двух самцоў

Магчымы дзве простыя інтэрпрэтацыі ўбачанага. Першая – самая простая, якую таксама можа быць найлягчэй пацвердзіць або абвергнуць. Яна ў тым, што малады самец пачаў ліняць. І такім чынам гэтае рулявое, якое яшчэ заставалася з “палоскамі маладосці” папросту выпала. І ён цяпер стаў выглядаць як дарослы. Гэтая гіпотэза не зусім пасуе да часу лінькі самцоў у драпежных птушак, бо звычайна пачынаецца на прыканцы сезону гнездавання – калі самка ўжо дапамагае самцу забяспечваць ежай падрослых птушанят. Але ў маладых птушак або па іншых прычынах яна можа адбывацца і інакш. Праверыць гэтую гіпотэзу проста: калі ў наступныя разы, калі самец будзе падмяняць самку на гняздзе, ў яго на хвасце не будзе палосак – значыць, ён сапраўды паліняў. Бо наўрацці малады самец прапаў і яго адразу замяніў нейкі іншы, дарослы.

Другая гіпотэза больш складаная, але таксама мае права на жыццё. Справа ў тым, што на суседнім гняздзе, але ў 2010 годзе (пад час першай он-лайн трансляцыі з гнязда пустальгі) ўжо быў вельмі падобны выпадак. Тады ў самкі аказалася два самцы – адзін дарослы і адзін малады (таксама з паласатым хвастом), дзякуючы асаблівасцям іх афарбоўкі і рэгулярным назіранням за камерай і атрымалася гэта заўважыць. Такая стратэгія размнажэння называецца поліандрыя і вельмі рэдка адзначаецца ў драпежных птушак і не толькі ў іх.    

У апошнім нумары беларускага арніталагічнага бюлетэню “Subbuteo” нават з’явіўся нвуковы артыкул Аляксандра Мініча, прысвечаны гэтаму цікаваму назіранню.

Праверыць і гэтую гіпотэзу будзе не так цяжка. Для гэтага трэба рабіць скрыншоты наступных візітаў самца (або самцоў?) на гняздо так, каб у кадр трапляў яго хвост і выкладваць пад вакном трансляцыі. Калі у наступныя прылёты будзе бачны паласаты хвост – значыць, самцоў ў гэтай самкі і сапраўды два! Тады важна будзе паглядзець на час і частату іх прылётаў, каб на аснове такіх назіранняў напісаць новы навуковы артыкул пра новы выпадак поліандрыі ў нашых сакалоў.

Таму запрашаю назіраць за нюансамі жыцця нашых птушак разам і дзяліцца самымі цікавымі ў выглядзе скрыншотаў і каментароў.

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Скрыншоты з IP-камер сайта www.birdwatch.by

 

 

Comments

Наўрацці тут можна казаць пра недавер у нашым сэнсе слова. Хутчэй пра неадпаведнае выкананне партнёрскіх абавязкаў? 

І другая загадка разгадана? Вось сённяшні скрыншот самца з паласатым хвастом на гняздзе пад час падмены самкі:

малады самец ізноў на гняздзе

У самкі на гэтым гняздзе - ДВА САМЦА?

Засталося ізноў заўважыць дарослага самца і зрабіць хаця б адзін скрыншот (а больш у розны час і дні - ЛЕПШ!)  з ім ізноў.

Адмысловы прыз - кубак з нашым лагатыпам - будзе дасланы таму, што зробіць першым наступны скрыншот дарослага самца (без чорных палосак на хвасце, пазначаных у авале)  на гэтым гняздзе!

але такім чынам малады самец не вінен у позднім гнездаванні другой пары. Хутчэй за ўсё стары самец - галоўны, а малады толькі дапамагае. Цікава на самой справе паназіраць колькі здабычы прыносіць адзін і другі.

Тут цяжка сказаць цяпер хто да каго далучыўся і на якой стадыі.

Калі ўсё запісваецца як відэа, то можна будзе пазней праглядзець першыя дні і ўбачыць - хто там быў першы, а хто далучыўся.