Сучасная гісторыя моа пачалася ў 1839г., калі ў Новай Зеландыі еўрапейцу і гандляру Джону Гаррысу адзін з абарыгенаў-маоры аддаў кавалак незвычайнай косткі, якую перад гэтым знайшоў на беразе ракі. Гаррыс быў натуралістам-аматарам і пераслаў знаходку свайму крэўнаму Джону Руйлу, які працаваў хірургам у Сіднэі (Аўстралія).
Праз нейкі час доктар Руйл прывёз каштоўны экспанат у Еўропу і перадаў Рычарду Оўэну. Праф. Оўэн ужо тады быў знакамітым параўнальным анатомам і працаваў у музеі пры Лонданскім Каралеўскім каледжы хірургаў. Па версіі Руйла, гэта былі рэшткі ад нядаўна зніклага ў Новай Зеландыі арла гіганцкіх памераў, якога маоры называлі movie. Па таму, што Оўэн убачыў, ён адразу зразумеў, што па-першае, гэта не маглі быць парэшткі нядаўна загінулай птушкі, бо костка ўжо часткова акамянела. Па-другое, такая костка не магла належаць птушцы, якая была б здольная да палёту.
“Да таго часу, пакуль захоўваецца давер да маіх здольнасцяў інтэрпрэтаваць фрагменты костак, я гатовы паставіць пад сумнеў сваю рэпутацыю каб сцвердзіць, што раней існавала – калі не жыве дагэтуль – у Новай Зеландыі амаль страусападобная птушка, памерам такая ж, калі не большая за страуса, якая належыць да таўсцейшага і больш цяжкага віду.” Гэтыя словы Оўэна ў тым жа годзе з’явіліся ў часопісе “The Zoological Society of London” у самым пачатку артыкула, ў якім прафесар прадстаўляў цывілізаванаму грамадству птушак, якія хутка сталі вядомы як моа.
І сапраўды, ён моцна рызыкаваў, бо свае высновы зрабіў толькі на кавалку косткі сцягна даўжынёй 15 см! На працягу лічаных месяцаў пасля гэтага ў Новай Зеландыі былі знойдзены нашмат больш камплектныя часткі шкілету гіганцкіх птушак, якія сталі праз нейкі час прыбываць морам у Вялікабрытанію.
Стала зразумела, што Новая Зеландыя – радзіма вялікіх нелятаючых птушак.
За колькі год да зробленага Оўэнам адкрыцця жыдоўскі камерсант Джоэл С. Полак (магчыма наш зямляк?) гандляваў уздоўж узбярэжжаў Паўночнага вострава Новай Зеландыі на невялікай лодцы. Тут маоры паказалі яму вялізарныя акамянелыя косткі птушак і распавялі як даўно маоры ведаюць пра іх. У 1838 г. ў кроніцы сваёй вандроўкі, якую ён здзейсніў у 1831-1837 гг., так пісаў у сваёй кнізе: “Гэта від эму, або птушка з роду Struthio /страус/ раней існавала на востраве /Паўночны/.” Менавіта Полак стаў першым еўрапейцам, які ўзгадаў пра моа.
Ці чытаў Оўэн гэтую кнігу ці не, не вядома. Аднак за першынство ў выкарыстанні назвы птушак “моа”, за прыярытэт у яго выкарыстанні ў друку, за першынство ў знаходцы костак разгарэлася сапраўдная барацьба.
Хутка пасля таго, як Полак напісаў пра невядомых птушак, а Оўэн апісаў першы від, у Новай Зеландыі знайшоўся чалавек, які амаль з хваравітым жаданнем захацеў стаць тым, хто павінен застанецца ў гісторыі як “першаадкрывальнік моа”. Гэта быў місіянер Уільям Каленсо.
Каленсо чуў гісторыі маоры пра моа адразу пасля Полака, аднак не надаваў ім увагі да моманту, калі гэтыя навіны не сталі актуальнымі дзякуючы Оўэну. Разам з іншым місіянерам у 1838г. ён пабываў сярод маоры і ў 1843г. пісаў пра моа так: “Без сумневаў вялізарная жывёла; некаторыя кажуць, што гэта была птушка, аднак усе пагаджаюцца, што завуць яе Моа. Калі апісваць яе агульна, то яна нагадвае свойскага пеўня, аднак з той розніцай, што мае твар як чалавек. Яна хаваецца ў пячорах у падножжа гары, аднак жыве на адкрытым паветры... Калі Моа спіць, яе сон ахоўваюць дзве туатары. Таксама, калі хто-небудзь хоча дасягнуць гэтую цудоўную істоту, ён будзе без варыянтаў злапаны і забіты імі.” Каленсо ўспрымаў гэтыя і падобныя гісторыі не больш чым міфы, аднак пазней ён зразумеў, што за гэтым можа стаяць нешта больш сур’ёзнае. Ў лістападзе 1841г. ён пакінуў сваю місію і адправіўся на пошукі моа. Пад час свайго падарожжа яму ўдалося сабраць некалькі костак і дамовіцца з абарыгенамі пра тое, што яго калега-місіянер прыедзе на дадатковыя пошукі. Ў красавіку 1842г. Каленсо вярнуўся ў місію і стаў прыводзіць сваю калекцыю ў парадак. Цяпер у яго планах было як мага лепш дыскрэдытаваць Полака як аўтара першых друкаваных радкоў пра моа. Ўлічваючы нацыянальнасць апошняга, каталіцкаму місіянеру гэта было не цяжка зрабіць. Аднак з праф. Оўэнам падобная стратэгія не мела б поспеху. Спачатку ён хацеў зрабіць выгляд, што проста не ведаў пра існаванне Оўэна і яго адкрыццё. Але брытанскі прафесар даслаў 100 копій свайго артыкулу пра моа ў калонію каб стымуляваць дадатковы пошукі. А яго прыхільнікі ў Новай Зеландыі пастараліся надрукаваць навіны пра адкрыццё ў кожнай мясцовай газеце.
Тады Каленсо вырашыў нашкодзіць Оўэну па іншаму. Ён падзяліў і запакаваў сваю калекцыю костак і даслаў яе караблём у метраполію. Аднак не Оўэну, а рэктару Ўэстмінстэрскага ўніверсітэту Ўільяму Бакланду і дырэктару Каралеўскага батанічнага саду W.J.Hooker’у. Па іроніі лёсу гэтыя навукоўцы пераслалі атрыманае менавіта таму, каго так хацеў выключыць з працэсу далейшых адкрыццяў Каленсо… Канешне, найбольш кампетэнтнай асобай для апісанняў акамянелых парэштак быў праф. Оўэн, які і атрымаў абедзве часткі калекцыі Каленсо. Дзякуючы новаму матэрыялу ён пачаў паступова апісваць новыя віды моа, час ад часу публікуючы ўсё новыя артыкулы. Як вынік усяго жыцця ў 1879 годзе ўжо як сэр Рычард Оўэн ён выдаў двухтомную кнігу пад назвай “Зацемкі пра вымерлых бяскрылых птушак Новай Зеландыі”.
У 1642 годзе галандзкі капітан Абэль Йансзун Тасман праз больш чым тысячу міль марскога падарожжа на ўсход ад толькі што адкрытага ім вострава (які цяпер носіць яго імя) ўбачыў “вялікую, высокую і лысую зямлю”. Яна атрымала назву Новая Зеландыя – па адной з правінцый тагачаснай Галандыі.
Больш чым праз 100 гадоў у гэтыя воды ў 1769 завітаў капітан Джэймс Кук. Пасля распавядалі гісторыю, што вялізарная птушка стаяла на беразе пад час таго, як карабель Кука Endeavour кідаў катвіцу на рэйдзе, аднак як толькі з карабля спусцілі на ваду шлюпку, птушка знікла ў бліжэйшых кустах. Невядома, чаму гісторыя не трапіла на старонкі афіцыяльнай справаздачы пра падарожжа. Таксама пад час сустрэч чальцоў каманды з маоры апошнія ні разу не ўзгадалі маракам пра моа.
Спатрэбілася яшчэ амаль 70 год, каб менавіта Полак першым запісаў расповеды маоры пра гіганцкіх птушак.
У 1844г. губернатар Новай Зеландыі Робэрт Фітцрой меў размову з вельмі старым маоры, якога звалі Хауматангі і які сказаў, што малым хлопцам бачыў капітана Кука, а яшчэ за два гады да гэтага злапаў моа. Іншы стары маоры, якога звалі Кавана Паіпаі, падрабязна распавёў пра свой удзел у паляванні на моа на раўнінах Уаіматэ ў апошнія гады 18 стагоддзя.
Яшчэ нават у 1868г. на астравах расказвалі гісторыю пра тое, як маоры злапалі і забілі аднаго моа невялікага памеру з групы ў 6 ці 7 птушак.
У 1878г. у пячоры каля возера Уакапіту знайшлі засохлую галаву, шыю і нагу са скурай моа. Гэтыя парэшткі купіў Брытанскі музей і менавіта па іх Оўэн апісаў новы від моа невялікіх памераў, які назваў Megalapteryx didinus. Хаця пер’еў на парэштак захавалася не шмат, было бачна, што імі было пакрыта ўсё цела птушкі – ад дзюбы да пальцаў ног.
На амаль цэлым шкілеце іншай асобіны, які цяпер захоўваецца ў музеі Ўэлінгтону, пер’е не захавалася, аднак па яго адзнаках на захаваных кавалках скуры бачна, што галава моа была пакрыта больш дробнымі пёрамі, чым шыя. Некаторыя захаваныя пер’і маюць шэра-карычневы колер, іншыя – з іржавым або з белым канцом.
….
Цалкам артыкул Дзьмітрыя Вінчэўскага пра моа чытайце ў новым нумары часопіса АПБ “Птушкі і мы”.
На здымку з www.teara.govt.nz сэр Рычард Оўэн са знакамітай косткай моа каля поўнага шкілета
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ