Афрыканскія засухі забіваюць мігрантаў

Недахоп дажджу на месцах зімовак  у Афрыцы ўздзейнічае на выжывальнасць многіх еўрапейскіх пералётных птушак – пра гэта кажуць вынікі апошніх даследаванняў. Засушлівыя ўмовы зімоўкі азначаюць, што многія птушкі не могуць назапасіць дастаткова тлушчу для зваротнай вясновай міграцыі.
 

Навукоўцы з British Trust for Ornithology (BTO) даследавалі віды, якія зімуюць у Субсахарскай зоне Афрыкі і знайшлі, што звычайная туркаўка (Streptopelia turtur), пячураўка-будаўнічок (Phylloscopus trochilus), лясны свірстун (Anthus trivialis) і звычайная рудахвостка (Ph. рhoenicurus) з цяжкасцю знаходзяць сабе адпаведную ежу перад вясновай міграцыяй.  Некалькі гадоў з абмежаванай колькасцю асадкаў або ўвогуле без іх азначаюць, што колькасць даступнага насення, фруктаў і насякомых для птушак драматычна зменшылася і іх не хапае іх у самы адказны час – у пачатку вясны, калі важна назапасіць адпаведную колькасць энергіі для хуткага вяртання на месцы гнездавання ў Еўропе і, між іншым, у Вялікабрытаніі.
Атрыманыя вынікі могуць дапамагчы растлумачыць сур’ёзнае змяншэнне колькасці многіх пералётных птушак, якія адбыліся ў апошнія дзесяцігоддзі на Брытанскіх астравах.
Спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што колькасць дажджоў на працягу вільготнага сезону ў Афрыцы значна зменшылася, што змяніла прырост расліннай біямасы. А гэта, ў сваю чаргу, можа ўздзейнічаць на колькасць зімуючых там птушак прыкладна на 30% штогод.
Ад працягласці дажджоў і агульнай колькасці асадкаў у вільготны сезон залежыць, як надоўга хопіць ежы пасля яго заканчэння. Зразумела, што калі асадкаў менш, і сезон карацейшы, ежы робіцца менш і яе хапае на больш кароткі час.
Д-р Нэнсі Акендон (Dr Nancy Ockendon), даследчыца з BTO, у сувязі з гэтым сказала: "Яны проста не выжываюць пад час падарожжа на гнездавыя тэрыторыі, альбо назапашванне дастатковай колькасці энергіі займае ў іх шмат часу і яны значна пазней вяртаюцца. Мы да канца не ведаем, што дакладна адбываецца з нашымі птушкамі, таму працягваем даследаванні”. 
 

Здымак ляснога свірстуна Дзьмітрыя Якубовіча.
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by