Параўнальная генетыка крумкачовых – новы этап

Параўнаўчы аналіз усіх раней прызнаных відамі і многіх падвідаў касмапалітычнага роду варон і крумкачоў Corvus прынёс некаторыя нечаканыя вынікі.

Монафілія прадстаўнікоў роду – г.зн. што ўсе яны паходзяць ад аднаго агульнага продка – была пацверджана. Акрамя гэтага, вынікі даследавання паказалі, што род паходзіць з Палеарктыкі і ўзнік там у сярэднім Міяцэне паміж 11 і 17,5 мільёнаў гадоў таму. Пасля гэтага прадстаўнікі роду Corvus распаўсюдзіліся на ўсе кантыненты, акрамя Паўднёвай Амерыкі ды Антарктыды.


Былі вызначаныя 8 асобных кладаў – блізка злучаных кластэраў відаў, якія паходзяць ад аднаго продкавага віду кожная. Самае цікавае, што абодва віды кавак – даўрская і звычайная (C. dauuricus & C. monedula) былі прызнаныя самымі блізкімі да зыходнай продкавай формы роду. Некаторыя даследчыкі і Міжнародны Арніталагічны камітэт ( International Ornithological Committee) лічаць, што дзве клады з прадстаўнікамі заходнеіндыйскіх відаў адасобіліся ад іншых да ступені роду Coloeus і яны ўключаюць яшчэ паўночнаамерыканскую рыбную варону North American Fish (C. ossifragus) і тамуаліпаскую варону Tamualipas Crows (C. imparatus).


Грак (C. frugilegus) і гавайская варона Hawaiian Crow (C. hawaiiensis) утвараюць чацвёртую кладу з агульным продкам, адлюстроўваючы каланізацыю паўночна-ціхаакіянскага рэгіёну з захаду. Афрыканская капская варона Cape Crow C. capensis) і крумкач (C. corax) утвараюць пяты кластэр. У шостую шырокараспаўсюджаную галарктычную кладу ўваходзіць чорная (C. corone) і шэрая (C. cornix) вароны, а таксама амерыканская варона American Crow (C. brachyrhynchos) у дзвюх асобных галінах, тады як сёмую кладу складаюць усе аўстралаазіяцкія віды, акрамя вароны з вострава Флорэс Flores Crow (C. florensis) - віду з невызначаным становішчам. Апошнюю групу складаюць шырокараспаўсюджаныя і вельмі дыферынцынаваныя шырокадзюбая варона Large-billed Crow (C. macrorhynchos) з паўднёва-ўсходняй Азіі і дамовая варона House Crow (C. splendens).


Вынікі генетычнага параўнання паказалі дастатковы ўзровень зменаў, якія адбыліся паміж аўстралійскімі крумкачамі Australian Raven C coronoides з заходніх (C. coronoides perplexus) і ўсходніх (C. coronoides coronoides) папуляцый, і аўтары даследавання прапануюць падвысіць іх статус да відавога.


Іншыя аўтары Haring et al (2007) прапанавалі зрабіць падобнае для гракоў з заходніх (C. f. frugilegus) і ўсходніх (C. f. pastinator) частак арэалу. Гэтая прапанова пацверджана вынікамі працы і аўтарамі новай публікацыі. Акрамя гэтага, магчымае яшчэ адно падвышэнне статусу да відавога ўзроўню для чорных варон з Далёкага Ўсходу C. corone orientalis (якія дастаткова адасоблены ад птушак усходняга падвіду C. corone corone) на што ўказвае нядаўняя праца Haring et al (2012). Аднак у аўтараў аналізуемай публікацыі не было птушак усходняга падвіду, таму гэтае пытанне пакуль імі не можа быць вырашана.


Навукоўцы прапануюць далейшыя і больш дэталёвыя даследаванні ў выпадках шырокараспаўсюджаных, але з фрагментаванымі арэаламі  шырокадзюбай, тонкадзюбай Slender-billed (C. enca) і тарэзіянскай варон Torresian (C. orru) Crows, каб лепш зразумець сапраўдны статус іх папуляцый, якія на сённяшні дзень аб’яднаныя ў адпаведна 9, 7 і 3 падвіды.


Другой мэтай даследавання была спроба растлумачыць эвалюцыю выкарыстання прыладаў сярод прадстаўнікоў роду. Аднак аказалася, што гэта інавацыйная здольнасць шырокараспаўсюджаная сярод крумкачовых і можа быць растлумачана тым, што такія паводзіны ўжо існавалі ў іх асноўнага продка.


Крыніца:
Jønsson, K A, Fabre, P-H and Irestedt, M. 2012. Brains, tools, innovation and biogeography in crows and ravens.  BMC Evolutionary Biology 12: 72 doi:10.1186/1471-2148-12-72.


Паводле www.birdwatch.co.uk  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак каўкі Дзьмітрыя Вінчэўскага