Белая сініца і яе гібрыды ў Еўропе

Белая сініца (Cyanistes (Parus) cyanus) – пераважна азіяцкі від птушак. У Еўропе рэгулярна гняздуе толькі ў трох краінах: Беларусі, Расіі і Ўкраіне і нерэгулярна ў Фінляндыі, ў адрозненне ад сіняй сініцы (С. caeruleus), якая гняздуе практычна ва ўсёй Еўропе.

Ў Расіі гэта звычайны від птушак, менш шматлікі на захад ад Волгі. Ў Беларусі і Ўкраіне белая сініца вядомая на гнездаванні толькі ў даліне р.Прыпяць і яе прытокаў, пры чым у нашай краіне памер папуляцыі аценьваецца ў 500-800 пар, ва Ўкраіне – ў 10-15 пар.

Як адзін з найбольш жаданых аб’ектаў назіранняў еўрапейскіх бёдуотчараў, белыя сініцы часам залятаюць на захад ад Беларусі. Пры чым да 2010 году адзначана 119 такіх выпадкаў, галоўным чынам з кастрычніка па красавік. Больш за палову рэгістрацый віду (55%) па-за краінамі арэалу ў Еўропе зроблена ў Польшчы і Фінляндыі. Для большасці іншых краін апошнія назіранні белых сініц адбыліся больш, чым 100 гадоў таму. Больш за палову ўсіх рэгістрацый віду па-за межамі распаўсюджвання адбыліся ў ХІХ і першай палове ХХ стст. У апошнія дзесяцігоддзі колькасць залётаў белых сініц у краіны Центральнай Еўропы значна зменшылася. З 1980 г. такіх залётаў адзначана 29, пры чым амаль усе яны адбыліся ў Польшчу і Фінляндыю.

 

Гібрыды паміж белай і сіняй сініцамі (C. cyanus x С. caeruleus) – гэта параўнальна рэдкая з’ява, адзначаная толькі па-за межамі іх пастаянных арэалаў. Да 2011 г. у Еўропе былі адзначаны толькі 27 такіх гібрыдаў, а да канца 1970-х гг. – толькі 6, уключна з самцом, які нарадзіўся ад змешанай пары ў Фінляндыі. У 2000-11 гг. назіраецца рэзкае павелічэнне адзначаных гібрыдаў – за гэты час вядома ажно 13 выпадкаў. Усяго гібрыды белай і сіняй сініц сустракаліся ў 12 краінах, большасць з іх назіралі ў Латвіі і Польшчы (якія знаходзяцца найбліжэй заходняй мяжы арэалу белай сініцы).

96% усіх назіранняў гібрыдаў адносяцца да вясны-восені і зімы. Адно выключэнне вядомае для Фінляндыі, дзе гібрыдная асобіна была акальцаваная. Яшчэ адна птушка гібрыднага паходжання была злапаная і акальцаваная ў Швецыі ў 1991 г. і праз 6 месяцаў пераадлоўленая ў Фінляндыі.

Цікава, што суадносіны ў колькасці назіранняў паміж белымі сініцамі і гібрыдамі, якія былі прыкладна 9 да 1 да 1990 г. (90 рэгістрацый белых сініц і 11 рэгістрацый гібрыдаў) рэзка змянілася ў апошнія дзесяцігоддзі. Так, паміж 1990 і 2000 г яны набліжаюцца да 2:1 (29 белых сініц vs 11 гібрыдаў). Хутчэй за ўсё гэтыя лічбы адлюстроўваюць нашмат лепшае вызначэнне птушак і іх гібрыдаў, а таксама лепшае дакументаванне назіранняў у параўнанні з папярэднімі дзесяцігоддзямі. Хутчэй за ўсё некаторыя раннія назіранні белых сініц па-за межамі арэалу адносяцца да гібрыдаў. Вялікая ўвага да віду і значнае павелічэнне колькасці бёдуотчараў у Заходняй Еўропе таксама маглі прычыніцца да змены гэтых суадносін. 

Крыніца:

Ławicki Ł.(2012) Azure Tits and hybrids Azure x European Blue Tit in Europe [Azuurmezen en hybriden Azuurmees x Pimpelmees in Europa] Dutch Birding 34 -4: 219-230

 

Паводле www.dutchbirding.nl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Дзьмітрыя Шыманчука