Сусветны рэкорд – 4341 від птушак, адзначаных на працягу году!

    Гэты Рэкорд быў усталяваны парай брытанскіх бёдуотчараў Эланам Дэвісам (Alan Davies) і Руф Мілер (Ruth Miller) у мінулым, 2008 годзе. Другім стаў амерыканец - Дэвід Шэйкелфорд (David Shackelford), які пад час пагоні за птушкамі наведаў ўсе кантыненты, адзначыў віды з усіх сучасных сямействаў і ўсяго здолеў занесці ў свой гадавы спіс толькі… 3085 відаў!
   Калі ўспомніць, што паводле апошніх даследаванняў (2007) на Зямлі выдзяляюць 9956 відаў птушак, а яшчэ прыкладна 50 не маюць канчатковага статусу (від ці падвід), вынік гадавых назіранняў сапраўды ўражвае! Ніжэй мы прапануем Вашай увазе трошкі скарочаную “справаздачу” пераможцаў.
Для некаторых відаў прыведзены лацінскія і адаптаваныя беларускія назвы, для некаторых – толькі амерыканскія.

   Наш план быў амбітным і ясным: усталяваць новы сусветны рэкорд па колькасці адзначаных відаў птушак на працягу каляндарнага году. Папярэдні рэкорд быў усталяваны аж у 1989 годзе амерыканцам Джымам Клементсам (Jim Clements), які здолеў за год адзначыць 3662 віды. Мы прыклалі ўсе намаганні, каб здзейсніць свой план: прадалі свае дамы (каб фінансаваць падарожжы) і заставілі сваю працу (каб здзейсніць нашу мару). Гэта не было толькі СПРОБАЙ усталявання рэкорду, бо мы запланавалі наведаць больш 25 краін і былі амаль упэўненыя ў выніку – мы пераможам!

   Новы 2008 год мы сустрэлі на золку ў Sweetwater Sewage Works што ля Tucson у штаце Арызона, чакаючы на свой першы від у будучым Найлепшым Спісе. Хутка нешта заварушылася ў кактусе каля нас і вось ён, кактусавы крапіўнік Cactus Wren (Campylorhynchus brunneicapillus)! Тры дні бёдуотчынгу ў Арызоне пачалі наш Спіс 162 відамі, і мы пераляцелі ў Мексіку. Хуткая гонка за птушкамі Юкатанскага паўвострава завершылася сутрэчамі з такімі відамі, як Малы дарожны бягун Lesser Roadrunner, глазчатая індычка (Agriocharis ocellata), Cozomel Vireo і шмат іншых. Разам з 431 відам у нашым Спісе мы пераляцелі ў Эквадор. Дзякуючы нашым сябрам з кампаніі Tropical Birding мы ў 16ці дзённым туры змаглі перасячы гэтую краіну з поўначы ад Sacha Lodge да Амазоніі на поўдні і з 1028 відамі адзначаных птушак маглі рушыць далей. Быў яшчэ толькі канец студзеня, таму нашыя планы цяпер падаваліся сапраўды выканальнымі.
Мы правялі адзін дзень, назіраючы птушак у Вялікабрытаніі. Адбылося гэта на нашым шляху ў Эфіопію, дзе мы правялі 25 дзён і змаглі ўбачыць амаль усіх тамтэйшых эндэмікаў. Сярод іх турака прынца Русполі Prince Ruspoli’s Turaco стаў самай запамінальнай птушкай. Дзякуючы выдатным гідам Tropical Birding tour мы змаглі ўбачыць больш за 570 новых відаў і з 1604 відамі мы маглі працягваць нашу гонку за птушкамі.
    На жаль, мы змаглі прабыць у наступнай запланаванай для наведвання краіне – Кеніі – толькі адзін дзень, бо менавіта ў гэты час там пачаліся міжпляменныя разборкі. Нам прыйшлося пераляцець у Гану, з яе невыноснай спякотай і вільготнасцю. Аднак дзякуючы дапамозе Ashanti African Tours (www.ashantiafricantours.com) назіранні за тамтэйшымі птушкамі атрымаліся хуткімі і выніковымі. Сярод найкаштоўнейшых птушак можам адзначыць белашыюю лысую варону White-necked Rockfowl (Picathartes), Pel’s Fishing Owl і  чацвёракрыла (Macrodipteryx longipennis) Standard-Winged Nightjars, якіх мы не зможам забыць да канца свайго жыцця. Нашы дні і ночы ў Гане праляцелі незаўважна, і за 17 сутак мы перамясціліся да 1835 відаў у нашым Спісе.
    Мы перамясціліся на поўнач, і разам з нашымі сябрамі-бёдуотчарамі і за тыдзень бёдуотчынгу на Кіпры змаглі дадаць да нашага Спісу толькі 35 відаў. Зразумела, што колькасць новых відаў тут нельга параўноўваць з Афрыкай, але нам пашанцавала, між іншым, убачыць і кіпрскую падкаменку Cyprus Wheatear кіпрскую леску Warbler (Sylvia melanothorax).
   Наступным прыпынкам стала Гішпанія. Мы прыляцелі ў Мадрыд і на арандаванай машыне паехалі ў правінцыю Extremadura. За чатыры дні мы змаглі на свае вочы ўбачыць токавыя дэманстрацыі дропаў і добры тузін відаў драпежных птушак. Мы прыпыніліся ў Casa Rural El Recuerdo (www.casaruralelrecuerdo.com), дзе сапраўды атрымалася выдатная база для бёдуотчынгу. Адсюль мы выбраліся на поўдзень, у нацпарк Coto Donana, дзе разам з сябрамі-бёдуотчарамі правялі некалькі выдатных дзён у назіраннях мясцовых птушак. Аднак як бы мы не хацелі застацца тут, былі вымушаны перабрацца на поўнач у горы Picos de Europa, і па дарозе туды нам пашчасціла ўбачыць жаўрука Д’юпона Dupont’s Lark. У гарах было кепскае надвор’е, але мы стараліся і змаглі дадаць, між іншым два віды дзятлаў: сярэдняга і чорную жаўну. У Тэхас мы прыляцелі 12 красавіка. У нашым Спісе 2008 году ўжо былі 1913 відаў птушак.
На востраве High у Тэхасе мы зноў сустрэлі сяброў з Tropical Birding і пачалі хутка назіраць новыя віды. Птушкі, ў малюнкі якіх мы штогод углядаліся ў палявых вызначальніках цяпер былі ў дасягненні нашых бінокляў: доўгахвосты каралеўскі тыранн (Muscivora forficata) Scissor-tailed Flycatchers, Cerulean Warblers, Prothonotary Warblers and Worm-eating Warblers і многія іншыя далучыліся ў наш Спіс.
    З памядленнем міграцыі на High Island мы зноў пераляцелі на поўдзень – у Панаму. Ўсяго за 4 дні бёдуотчынгу там мы адзначылі новыя цудоўныя віды, аднак брыліянтам нашай калецыі відаў без сумненняў можна назваць найпрыгажэйшага кветцаля Resplendent Quetzal!  Незабыўная птушка!
   Разам з 333 новымі відамі з Панамы мы дасягнулі агульнага выніку ў 2073 віды на 21 красавіка!
Назад у Тэхас, і мы палезлі ў горы, каб там убачыць новыя выдатныя віды, між іншым знакамітых Golden-cheeked Warbler і чорнагаловага вірыёна (Vireo atricapillus) Black-capped Vireo.
Але часу адпачываць не было, і мы перамясціліся ў Каліфорнію, дзе разам з сябрамі і дзякуючы ім наведалі не толькі ўзбярэжжа і горы, але і спусціліся ніжэй яго ўзроўню ў Salton Sea, што было зусім нечаканым. І так, у нас ужо 2157 відаў.
    Зноў на поўнач – і мы у Ванкуверы (Канада), дзе нечакана ўбачылі зіму і яшчэ шмат якіх прылятаючых з вясновай міграцыяй відаў птушак. Пакуль мы стараліся адзначыць як мага больш новых відаў, пад час падарожжа ў нас зламалася машына. Але найгоршае толькі пачалося – хутка перастала працаваць відэакамера. А мабільны тэлефон і фотакамеры проста скралі!  Мы пакінулі Канаду 12 мая з 2173 відамі адзначаных птушак.
На мыс May (штат Нью-Джэрсі) мы прыбылі як раз у разгар Сусветнай серыі бёрдынгу  (World Series of Birding)! Мы выдатна правялі там час, сустрэўшы шмат фанатычных бёдуотчараў, але, зразумела, і скарысталіся практычна з кожнай пары іх бінокляў, дзякуючы якім мы маглі хутка даведацца аб усіх цікавых нам відах.
    Цяпер нас зноў чакала Еўропа, але мы ўжо мелі ў сваім Спісе 2186 відаў. Чатыры дні ва усходняй Турцыі былі проста фантастычнымі і мы з задавальненнем глядзелі на іракскую цімелію Iraq Babbler, каспійскага ўлара Caspian Snowcock, Pale Scops Owl і Trumpeter Finch. З агульным лікам 2230 відаў у нашу карысць мы паляцелі ў паўночную Еўропу.
    Пасля прылёту ў Фінляндыю мы далучыліся да іншых бёдуотчараў з Early Bird Tour. І як заўсёды, мясцовыя гіды паказалі нам свой клас. Совы і дзятлы дапоўніліся на крайняй поўначы сокалам-белазорам, сібірскай гагай і сасновым крыжадзюбам. 12 чэрвеня мы пакідалі Фінляндыю з 2286 відамі птушак у нашым Спісе.
    Мы атрымалі сапраўдны шок, апынуўшыся пасля фінскага снегу ў сэрцы Бразіліі. Але месца, якое стала для нас базай на некалькі бліжэйшых дзён уразіла нас так, што мы лічым Caiman Lodge (www.caiman.com.br) адным з найлепшых нашых уражанняў у тым годзе.  Вакол нас буяла дзікая прырода: паўсюль былі птушкі, звяры і …кайманы! Цяжка выбраць найлепшыя і найкаштоўнейшыя для нас назіранні – так шмат іх было. Аднак незабыўнымі можна назваць гіяцынтавых макаа Hyacinth Macaws, бусла ябіру, групу ў 200 белабрухіх лялякаў (Podager nacunda) Nacunda Nighthawks, якіх мы ўбачылі ў разгар дня – што можа быць лепш для бёдуотчара!   Мы таксама наведалі Амазонію і атлантычныя дажджавыя лясы. Потым пераехалі на пяць дзён у Аргентыну, дзе не толькі назіралі фантастычных птушак, але і елі самыя смачныя у Свеце стэкі. 5 ліпеня мы вылецелі ў Перу разам са Спісам 2738 адзначаных намі птушак.
    Менавіта ў Перу нам прыйшлося сапраўды “змагацца” за кожны від! Наш гід знік яшчэ да таго, як мы прызямліліся, наша налічка скончылася хутчэй, чым мы разлічвалі і прыйшлося самастойна падарожнічаць і па ўзбярэжжу, і ў Андах, і ў знакамітай Manu Road. Аднак адваротнага шляху не было, і хаця мы ўсё яшчэ былі далёка ад ўсталявання новага рэкорду, мы ўсімі сіламі набліжаліся да яго. Пасля Перу наш спіс павялічыўся да 2930 відаў.
Мы вярнуліся ў Вялікабрытанію, каб не толькі трапіць на Брытанскую бёдуотчарскую ярмарку (British Birdfair) і распавесці пра папярэднія вынікі нашай 9ці месячнай пагоні за птушкамі, але і каб дамовіцца аб фінансавай падтрымцы нашых высілкаў. Атрымаўшы неабходныя крэдыты для далейшых падарожжаў, мы паляцелі ў Паўднёвую Афрыку. Tropical Birding зноў дапамог нам з высакакласнымі гідамі і мы з задавальненнем вандравалі па гэтай цудоўнай краіне, назіраючы новыя віды птушак, і, канешне, не менш цікавых звяроў. Мы некалькі разоў перасякалі дзяржаўныя межы і наведалі Замбію, Малаві і Намібію. А сустрэча вока-ў вока з альбатросамі ў узбярэжжаў Кэптауна застанецца ў нашай памяці назаўсёды. Афрыканскія птушкі шмат дадалі ў наш Спіс, які дзякуючы ім перасягнуў 3300 відаў і з агульным лікам 3310 мы ўзялі курс на Аўстралію.
    Спачатку мы “бёдуотчылі” ў Заходняй Аўстраліі цалкам самастойна, але потым далучыліся да сапраўды шалёнага туру Tropical Birding на чале з Лэйнам Кэмпбэлам (Lain Campbell), які вельмі сур’ёзна ўспрыняў нашу заяўку на новы рэкорд і шмат зрабіў для таго, каб ён сапраўды атрымаўся. Мы былі павінны пабіць стары рэкорд – сумненняў у нас зусім не засталося! Мы наведалі Вялікі бар’ерны рыф і адважных папугаў каля O’Reilly’s Rainforest Lodge, дзе некаторыя з іх сядаюць вам непасрэдна на галаву. Даволі хутка мы ўжо дасягнулі магічнай лічбы ў 3662 віды, і каб пабіць стары рэкорд нам заставаўся толькі адзін від. Але хто гэта будзе? І вось, 31 кастрычніка мы ўбачылі крывавабрухага чырвонахвостага папугая (Northiella haematogaster)  Bluebonnet Parrot у Griffith Golf Course, і ўсяго за 10 месяцаў цяжкай працы мы вырваліся наперад. Аднак пасля адкаркавання шампанскага мы вярнуліся да назіранняў і калі пакідалі Аўстралію, ў нас ужо быў новы Сусветны рэкорд – мы ўбачылі 3718 відаў птушак.
Наш сябар у Малайзіі ўжо чакаў нас, і нашы спадзяванні не былі падмануты – ўсяго за 4 дні мы ўзляцелі да 3904 птушак у нашым – ўжо рэкордным – Спісе.
    Яшчэ адзін выдатны сябар сустрэў нас шырокай усмешкай у аэрапорце Дэлі. І хутка мы ўжо ехалі праз ноч у бок нацыянальнага парку Corbett. І гэта было толькі адно з некалькіх фантастычных месцаў куды нас адвёз сябар, і мы не толькі ўбачылі выдатных птушак, але і навакольныя краявіды. Блакітнабародая шчурка-пчалаедка Blue-bearded Bee-eater стала нашым чатырохтысячным відам, пасля чаго мы накіраваліся ў Гімалаі за крапіўнікавай цімеліяй (Napothera) Wren-babblers, Bugun Liocichla, Fire-tailed Myzornis, трагопанамі і многімі іншымі птушкамі!  Аднак праз нейкі час мы былі вымушаны развітацца з нашым сябрам і Індыяй. 4226 відаў ужо птушак трапіла ў наш Рэкордны Спіс.
Нашым апошнім прыпынкам стаў Эквадор, дзе мы з задавальненнем сустрэлі канец 2008 году. Нас чакала паўднёвая частка гэтай краіны разам з чарговым гідам з Tropical Birding. Мы яшчэ ніколі не былі тут, і акрамя многіх новых відаў для нас атрымалася зрабіць адкрыццё і для мясцовай орнітафауны. Менавіта тут мы адзначылі Tumbes Tyrant – новы від не толькі для нас, але і для Эквадора.  Пасля 8 дзён несупыннага бёдуотчынгу нечакана надыйшоў апошні дзень году і апошні дзень нашай Вялікай Гонкі за птушкамі. Апоўначы нашы біноклі апынуліся ў шампанскім, мы падымалі тосты за ўсіх фантастычных птушак, якіх нам атрымалася ўбачыць на працягу году, і, канешне, за ўсіх выдатных людзей, дзякуючы якім наша немагчымае для ўяўлення падарожжа адбылося.
Такім чынам наш канчатковы вынік - 4341 від птушак на працягу 2008 году.
   Што далей? Мы будзем пісаць кнігу аб самым вялікім выніку ў назіраннях птушак, мы будзем распавядаць пра свае прыгоды і сустрэчы з птушкамі. І, канешне, мы будзем працягваць назіраць птушак. Толькі трошкі ў больш павольным тэмпе.
 

На здымку з www.surfbirds.com : найпрыгажэйшы кветцаль і рэкардсмены
 

Паводле www.surfbirds.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.BirdWatch.by

 

Comments

АV (госць) - 26.08.2009 - 01:34

цікава, быў здзіўлены, што яны выкарыстоўвалі і мясцовых гідаў і нават кампаніі. Гэта выглядае часам так: - вось паляцела такая-та птушка, -вунь тая справа? -так. -3621-ы гатунак! Калі сам вызначаеш - трэба і ведаць больш і лепш разглядзець, гэта на самай справе мастацтва, а так... Думаю, што яшчэ хто-небудзь павінен паставіць сапраўдны рэкорд без памагатых.

Хутчэй за ўсё большасьць відаў прайшла "транзітам". Але калі назіраць у сярэднім па 12-13 новых відаў штодзень на працягу году як раз і атрымаецца прыкладна такая лічба... Здаецца, і не так шмат, каб большасьць можна было запомніць.

АV (госць) - 27.08.2009 - 00:16

на самой справе гэта усім нецяжка, толькі здаецца. І латынь і характарыстыкі добра запамінаюцца, толькі ў дробных падобных птушак тыпа нашых пячуравак гэта цяжка, але не ўсе птушкі такія, але такіх на жаль таксама многа, асабліва у паўднёвай амерыке...