Кожны пяты амерыканец – бёрдуотчар!

Менавіта такія дадзеныя вынікаюць са справаздачы Службы ЗША па дзікай прыродзе (U.S. Fish and Wildlife Service), прадстаўленай у сярэдзіне ліпеня 2009 г. Аднак гэтыя лічбы прыведзены на 2006 г. – г.зн. калі рабіліся апытанні для Нацыянальнага даследавання рыбалоўства, палявання і звязанай з дзікай прыродай рэкрэацыі. Яшчэ адна ашаламляльная лічба – штогод бёдуотчынг прыносіць эканоміцы ЗША даход у 36 мільярдаў даляраў!

Штаты, у якіх найбольшая доля насельніцтва назірае за птушкамі, гэта: Мантана (40%), Мэйн (39%), Вэрмонт (38%), Мінэсота (33%) і Айова (33%).

Прадстаўнікі арганізацый, якія займаюцца аховай прыроды, ўжо заявілі, што новыя лічбы падкрэсліваюць важнасць аховы птушак. Асабліва цяпер, калі многія віды апынуліся пад пагрозай знікнення. “У справаздачы аб сучасным стане птушак ЗША, якая выйшла трошкі раней сёлета, было паказана, што траціна амерыканскіх відаў птушак або значна зменшыла сваю колькасць, або знаходзіцца ў незайздросным становішчы. Цяпер мы можам ўпэўнена сцвярджаць, што іх страта непасрэдна адмоўна адаб’ецца на стане амерыканскай эканомікі” – сказаў Дэрын Шр’ёдэр (Darin Schroeder), віцэ-прэзідэнт American Bird Conservancy.
Справаздачу можна паглядзець тут:
Birding in the United States: A Demographic and Economic Analysis

Паводле www.mongabay.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

На здымку з www.birdlife.org адна з самых знакамітых бёдуотчарак – Яе Вялікасць прынцэса Японіі Такамадо