Нават параўнальна яркія птушкі могуць быць малазаўважнымі. І для гэтага ім трэба апынуцца ў сваім асяроддзі і ... правільна сесці.
Я йшоў па высокім беразе Нёмана, які парос старымі соснамі і на якім шырокай няроўнай стужкай яшчэ не зацягнуліся старыя акопы Другой святовай вайны. Таму я больш глядзеў сабе пад ногі, чым па баках. Але вось недалёка наперадзе на сонцы нешта ўспыхнула яркім рыжым колерам - гэта ж рудахвостка! Вызначыць яе да віду, нават самку, было нецяжка - у нашых лясах можа быць толькі звычайная рудахвостка (Phoenicurus phoenicurus).
Птушка пераляцела з зямлі, дзе харчавалася і села на галінкі сасны акурат нада мной.
Уся яе афарбоўка выдатна пасавала да старых соснаў і аўтафокус фотакамеры не адразу зразумеў, што менавіта я хачу сфатаграфаваць.
Калі я вяртаўся назад, іншая самка, але ў падобным асяроддзі, таксама ўспыхнула рыжым хвосцікам і амаль растварылася на фоне ствала старой сасны.І села правільна - рыжы хвосцік на рыжым фоне.
Гарадзеншчына, 22-06-2019
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ