Калі злучаешся з прыродаю,
пачынаеш разумець,колькі несапраўднага ў тваім жыцці.
Чарговыя спаборніцтвы па бёрдрэйсу – спартыўнай арніталогіі – прайшлі ў Беларусі на мінулых выходных. Традыцыйна далучыліся да іх і гарадзенскія аматары птушак – жаночая каманда “Гарадзенскія кралькі” і мужчынская – "Кронан".А шостай гадзіны раніцы пачынаецца адлік часу, за які каманды павінны як мага больш ідэнтыфікаваць навакольных пярнатых. На самым пачатку – толькі ціш і спакой. Але пакрысе пачынае няспешна-велічна ўзыходзіць Ра – бяззменны дырыжор, які задае пульс жыццю з самага пачатку яго стварэння.
Спачатку адзінкава-нясмелыя галасы папісквання крыжанак падмацняюцца басамі крумкачоў. Затым дадаецца нехта яшчэ і ячшэ: кнігаўкі, чайкі, крычкі, кулікі... І вось ужо хутка наступае той момант, калі ледзь паспяваеш паварочваць галаву, запісваць усіх пабачаных відаў ды пачутыя гукі. А як цёпла вітаюць сваіх падляцеўшых сяброў-паплечнікаў качкі! Горда, са сваім нязменным чубчыкам на галаве, разразае водную паверхню вялікая коўра. З якім пачуццём гонару бацька сямейства лебедзяў-клікуноў заяўляе, што мае сваю сям’ю, а яго дзеці-падлеткі выдаюць сябе за ўжо дарослых ;). Здарылася нават так, што калі мы напружана глядзелі ў біноклі на супрацьлеглы бераг Свіцслацкага вадасховішча, то пабачылі там...біноклі нашых канкурэнтаў. Мабыць, у той самы час яны таксама ўздрыгнулі ад такой нечаканасці, пабачыўшы нас.Я заўважыла, што маёй камандзе было проста прынцыпова і неабходна ў абавязковым парадку пабачыць такіх птушачак, як велічнага сокала-пустальгу, таямнічага балотнага луня, гарэзлівую сойку ды упэўніцца, што яны па-ранейшаму працягваюць жыць, дзе і жылі. Іх наяўнасць была як добры знак таго, што з самаадчуваннем прыроды ўсё добра, што стан экасістэм не выклікае непакойства.
З кожным паваротам да наступнай мясцовасці назіранняў нас абавязкова чакала пэўная таямніца: чым гэтым разам будзе заняты вялікі грычун, ці выгадавала берасцянка сваіх гарэзаў, які рэпертуар падрыхтавала чаротаўка. Нашыя назіранні падчас спаборніцтваў не змог нават азмрочыць той факт, што камандзе давялося дзве гадзіны выцягваць аўто з ямы пасярод поля, у якой яна захрасла. На шчасце, нейкі добры дзядзечка-рыбак (на жаль, у мітусні не паспелі спытаць яго імя і зрабіць фотаздымкі) кінуў свае справы і дапамог апантаным бёрдвочаркам. Па загадзе сонечных промняў, якія паступова супакоўвалі свой імпэт, пакрысе пачыналі сціхаць і хавацца іх пярнатыя суправаджальнікі. Нават вось ужо і з цяжкасцю становіцца пачуць каго-небудзь: толькі крадком, нібы сарамлівыя дзеўчынкі, падаюць свае галаскі з-за дрэваў малінаўка і дзяцел вялікі....А праз год некалькі дзесяткаў чалавек ізноў завядуць свае будзільнікі на 4-5 гадзін раніцы. Зацемна, праз чаргу гарадскіх лабірынтаў, выедуць туды, дзе іх не чакаюць. Не чакаюць, але вераць - у чалавечы розум, што не пазбавіць іх магчымасці вітаць і бачыць Ра надалей.
Тэкст Вольгі Юрэвіч Здымкі Таццяны Яварэц
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Harrier - 24.09.2014 - 22:28
Вельмі добра, што ёсць
Вельмі добра, што ёсць людзі, якія такім вось узвышана-філасофскім чынам як чарговае незвычайнае спатканне з прыродай успрымаюць Бёдрэйс.
Sirena - 25.09.2014 - 08:57
Цеплы такі рэпартаж)))