Вялікія белыя чаплі: Гэта не зіма!

Гэтая зіма аказалася нязвыклай не толькі для нас, але і для птушак.

Я ўжо пісаў раней пра вялікіх белых чапляў (Egretta alba), якія у апошнія зімы застаюцца на Нёмане, які перастаў замярзаць ніжэй плаціны т.зв. Гродзенскай ГЭС. Звычайна ў межах гораду на рацэ можна ўбачыць да 5 птушак.

Аднак гэтая зіма здзівіла нашмат больш - упершыню пасля пабудовы плаціны ў 2012 годзе, Нёман не замёрз і вышэй яе! 

Нёман

Льда амаль няма, трошкі засталося пасля невялікіх маразоў  па краях заток.

Нёман

Таму тое, што амаль па ўсіх прыдатных для рыбалкі берагах стаяць вялікія белыя чаплі, не здзівіла - агулам у межах заказніка "Гродзенская Свіслач" і побач з ім на Нёмане мы налічылі 15 вялікіх белых чапляў,ад адзінкавых да 7 у адным месцы ў вусці Свіслачы.

птушка. Здзівіла ж іншае. На невялікім і напалову скутым ільдом вадасховішчы у вв.Карозічы-Рудавіцы праз прыкладна аднолькавую адлегласць адна ад адной рыбачылі 34 чаплі!

лёд

Вось як гэта выглядала здалёк:

птушкі

Як яны выбіралі месца зімоўкі? Ці проста адразу засталіся і не адляталі зусім, ці адляцелі пасля першых маразоў,а потым вярнуліся бліжэй да месцаў гнездавання?

Адказаў на гэтыя пытанні няма.

Але ў такой колькасці вялікія белыя чаплі яўна зімуюць у нас упершыню

 

Кропка назірання

Вялікія белыя чаплі: Гэта не зіма!