Хаця лета ў самым разгары, да яго канца яшчэ застаецца дастаткова часу, каб нават пералётным птушкам паспець выгадаваць другі вывадак.
Пра тых, што застаюцца на зіму з намі і спрабуюць загнездаваць ў гэтым сезоне яшчэ раз, я пісаў ТУТ і ТУТ.
Апошнія дні назіраю на беразе Нёмана сярод кустоў вярбы шэрую леску (Sylvia communis). У прынцыпе, гэта не яе гнездавы біятоп, але можа птушка збірае там насякомых для птушанят? Калі самец не такуе, назіраць за іншымі праявамі жыцця гэтых вельмі скрытных птушак складана, і я ўжо не спадзяваўся зразумець што сапраўды ён там робіць. Але сёння пашанцавала і атрымалася разгадаць гэтую загадку.
Леска паляцела ў прыбярэжны хмызняк (гл. верхні здымак), а потым перабралася бліжэй да лесвіцы і набярэжнай. Нырнула ўніз, а потым з'явілася з нечым у дзюбе.
"Так і ёсць - цэлая дзюба ежы" - падумаў я. І памыліўся. Ужо ў хаце на маніторы кампутара я разгледзеў, што гэта не ежа, а гнездавы матэрыял - лескі заканчваюць будаваць новае гняздо.
29-06-2019, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ