Крэўны тыраназаўра – самая вялікая апераная істота на Зямлі

Fri, 04/06/2012 - 01:23 | Harrier

Нядаўна апісаны новы від дыназаўра вялізных памераў акрамя таго, што аказаўся блізкім відам да Tyrannosaurus rex, можа лічыцца самай вялікай аперанай істотай на Зямлі, якая калі-небудзь на ёй жыла.  


Драпежны апераны дыназаўр жыў прыкладна 125 мільёнаў гадоў таму і важыў у дарослым выглядзе каля 1500 кг.


Новы род, які атрымаў назву Yutyrannus, быў апісаны па парэштках трох асобін, знойдзеных на паўночным усходзе Кітая.


Гэтая надзвычайная знаходка, апісаная ў часопісе Nature, ажывіла спрэчкі пра паходжанне і эвалюцыю тыраназаўра і яго крэўных, якія называюцца Tyrannosauroid’ы.


Tyrannosaurus rex і яго гіганцкія крэўныя зніклі прыкладна 65 мільёнаў гадоў таму, калі вымерла большасць тагачасных дыназаўраў. Аднак дагэтуль лічылася, што большасць відаў-папярэдікаў былі значна меншымі за тыраназаўра.


Тым не менш, Ксінг Ксу (Xing Xu) з калегамі з Кітайскай акадэміі навук  у Пекіне цяпер апісалі тры асобіны Yutyrannus, які ўяўляў з сябе даволі ранняга прадстаўніка Tyrannosauroid’аў.


Паводле аценак навукоўцаў, дарослы дыназаўр пры жыцці важыў каля 1,5 тоны, а два маладых – каля 500 кг. Новы род, які атрымаў назву “прыгожа апераны тыран”, меў шмат падобных рысаў з тыраназаўрам, але замест двух пальцаў на пярэдніх канечнасцях меў тры і заднія былі больш тыповыя для ранніх форм гэтай групы.


Аднак сваю назву дыназаўр атрымаў з-за доказаў аперанасці. Яго доўгія, рассучаныя пер’я хутчэй за ўсё дапамагалі істотам падтрымліваць тэмпературу цела, аднак нельга выключаць, што адначасова яны маглі выкарыстоўвацца і для прыцягнення ўвагі супрацьлеглага полу.


Паводле www.bbc.co.uk  (малюнак і тэкст) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by